Інданезійскія даследчыкі прыдумалі, як выкарыстоўваць кававую гушчу ‒ рабіць акумулятары для электрамабіляў
Інданезія — адна з лідуючых краін у свеце па вытворчасці кавы. Кававую гушчу ў краіне можна цяпер не выкідваць у сметніцу — яна атрымала новае жыццё, бо навукоўцы навучыліся выкарыстоўваць яе як кампанент для літый-іённых акумулятараў, паведамляе сінгапурскі Channel NewsAsia.
Інданезія даўно мела амбіцыю стаць ключавым гульцом у электратранспартнай індустрыі. Нарэшце каманда даследчыкаў з Дэпаку, што ў Інданезіі, прыдумала, як перапрацоўваць гушчу ў графен, форму вугляроду, які можна ў сваю чаргу дадаваць да анодаў ў электрамабільных акумулятарах.
Яны прыдумалі і як перапрацоўваць рэшткі какосаў ў неабходны вугляродны матэрыял, але пакуль не вызначыліся, што з арганікі больш эфектыўнае — кава ці какосы.
Перавагі батарэі на каве
Такія батарэйкі важаць значна менш за звычайныя акумулятары (200 кг супраць 500). А гэта ў сваю чаргу дазволіць сур’ёзна павялічыць прабег машыны.
Ну і новай батарэйцы спатрэбіцца толькі 30 хвілін для таго, каб поўнасцю зарадзіцца, у той час як большасць электрамабільных акумулятараў на сёння вымагаюць дзвюх гадзін для падзарадкі. Даследчыкі спрабуюць яшчэ больш скараціць час для падзарадкі батарэі на каве — і звесці яго да 15 хвілін.
Батарэя — ключавы кампанент электрамабіляў і на яе прыходзіцца 25-40% кошту ўсёй машыны.
У верасні гэтага года пачалося будаўніцтва першага завода электрамабільных батарэй на Заходняй Яве, што ў Інданезіі. Гэта першы такі завод у паўднёва-ўсходняй Азіі, і яго плануюць запусціць ужо ў 2024 годзе.
Экалагічнасць
Нягледзячы на заявы кіраўніцтва краіны пра тое, што яны хочуць дамагчыся экалагічнай вытворчасці, спецыялісты заўважаюць, што выкарыстанне нікелю для батарэй — працэс вельмі энергазатратны, а краіна атрымлівае сваю энергію найперш з вугалю. У Інданезіі выкідаецца ў атмасферу адна з самых вялікіх колькасцяў парніковых газаў у свеце.
Як з’явілася ідэя з кавай?
Даследчыкі пачалі з таго, што хацелі навучыцца як-небудзь выкарыстоўваць кававую гушчу, якой было так шмат у Інданезіі і якая проста выкідалася ў смецце. І аднойчы яны пачалі забіраць гушчу з універсітэцкай сталоўкі ды ладзіць з ёй эксперыменты.
Навукоўцы высветлілі, што гушчу можна перапрацаваць у графен, які павышае праводнасць у літый-іённых батарэях. Так і з’явілася ідэя з батарэямі на каве.
Цяпер навукоўцы аналізуюць, які гатунак кавы самы прыдатны для батарэй. І адзначаюць, што такія элементы можна будзе выкарыстоўваць у розных сферах — не толькі ў электрамабілях.
Даследаванне заняло ў навукоўцаў тры гады.
Каментары