БЕЛ Ł РУС

Меркаванні

Лідары расійскай апазіцыі выступілі з артыкулам, які важны і для беларусаў

3.02.2025 / 22:10

Антось Жупран

Расійскія апазіцыянеры Уладзімір Кара-Мурза, Юлія Навальная і Ілья Яшын папярэдзілі пра наступствы супрацоўніцтва тэхналагічных кампаній з дыктатарскімі рэжымамі і прапанавалі рашэнне. Іх артыкул супаў у часе з патрабаваннямі лукашэнкаўцаў ад Гугла цэнзураваць кантэнт, даступны ў Беларусі.

Ілья Яшын, Юлія Навальная і Уладзімір Кара-Мурза на антываеннай дэманстрацыі расійскай эміграцыі ў Берліне. Фота AP Photo / Markus Schreiber

У многіх краінах свету — ад Расіі і Ірана да Венесуэлы і Кубы — аўтарытарныя рэжымы рэгулярна прымаюць законы, што абмяжоўваюць свабоду слова і правы грамадзян у інтэрнэце. І, як гэта ні парадаксальна, тэхналагічныя кампаніі з дэмакратычных краін часта ідуць на саступкі гэтым рэжымам, выконваючы іх патрабаванні, — адзначае група расійскіх праваабаронцаў у сваёй крытычнай калонцы ў The Washington Post.

Кожная такая саступка, даводзяць аўтары, гэта не проста юрыдычная фармальнасць, а канкрэтныя наступствы для жыцця людзей. У Іране адміністратары апазіцыйных медыяплатформаў былі пакараныя смерцю пасля таго, як іх даныя трапілі да ўладаў. У Расіі дзясяткі мільёнаў грамадзян страцілі доступ да нецэнзураванай інфармацыі пра вайну ва Украіне, у выніку чаго апынуліся ў інфармацыйнай ізаляцыі.

Юрысты кампаній заяўляюць, што яны абавязаныя падпарадкоўвацца мясцовым законам, але гэта не апраўдвае маральныя наступствы іх дзеянняў. Такі падыход — усяго толькі зручная адгаворка, бо не ўсе законы адпавядаюць нормам міжнароднага права і правам чалавека.

«Мясцовыя законы могуць патрабаваць забіць жанчыну за тое, што яна адкрыла твар, або пасадзіць чалавека на 15 гадоў за тое, што ён назваў вайну Пуціна злачынствам», — пішуць аўтары артыкула і прапануюць кампаніям замяніць прынцып сляпога «выканання мясцовых законаў нягледзячы ні на што» на

тры простыя прынцыпы, якімі павінны кіравацца тэхналагічныя кампаніі ў аўтарытарных краінах

Правы чалавека на першым месцы. Законы дыктатараў часта супярэчаць міжнародным нормам і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Правы карыстальнікаў павінны мець прыярытэт над інтарэсамі дыктатараў. Кампаніі не павінны выконваць законы, якія парушаюць базавыя свабоды карыстальнікаў.

Фокус на рэальных наступствах. У аўтарытарных краінах законы часта выкарыстоўваюцца не для справядлівасці, а для рэпрэсій. Таму тэхналагічныя кампаніі павінны аналізаваць, як закон будзе прымяняцца на практыцы і якія рэальныя наступствы ён будзе мець для карыстальнікаў.

Кансультацыі з грамадзянскай супольнасцю. Перад прыняццем рашэнняў кампаніі павінны звяртацца да праваабаронцаў і спецыялістаў у галіне лічбавых правоў, каб зразумець, як іх дзеянні адаб'юцца на карыстальніках.

Прыклад Расіі

Аўтары звяртаюць увагу на дзеянні кампаніі Apple у Расіі. У 2023 годзе, калі Крэмль узмацніў задушэнне свабоды слова, кампанія пагадзілася на шэраг яго патрабаванняў: выдаліла з расійскага AppStore незалежныя медыя і больш за 50 VPN-сэрвісаў, што давала магчымасць расіянам абыходзіць цэнзуру.

Гэтыя цэнзурныя патрабаванні не былі законнымі ў класічным разуменні. У Расіі закон — гэта інструмент рэпрэсій, а не справядлівасці, — даводзяць аўтары.

Apple патлумачыла свае дзеянні тым, што альтэрнатывай было б поўнае блакаванне яе сэрвісаў у Расіі. Аднак праваабаронцы сцвярджаюць, што Крэмль проста блефаваў, каб прымусіць кампанію да саступак, і падкрэсліваюць, што гэта мог бы пацвердзіць любы расійскі эксперт па лічбавых правах, калі б кампанія звярнулася па кансультацыю.

«Пуцінскія чыноўнікі, іх сем’і і нават каханкі — усе яны карыстаюцца прадукцыяй Apple. Валоданне апошнім iPhone з'яўляецца сімвалам статусу ў Расіі», — пішуць аўтары і заклікаюць амерыканскія і заходнія тэхналагічныя кампаніі пачаць публічную дыскусію аб прынцыпах працы ў краінах, дзе кіруюць дыктатуры.

Чытайце таксама:

Навальная: Я не жадаю паразы сваёй краіне — жадаю паразы Пуціну

Расійскі апазіцыянер Яшын расказаў, чаму не хоча распаду Расіі і як думае працаваць з беларускімі палітыкамі — рэпартаж

Расійскі апазіцыянер Кара-Мурза на сустрэчы з Макронам падняў пытанне беларускіх палітвязняў

Каментары да артыкула