Сяргей Чэрачань адмаўляецца ад пікетаў. Але будзе агітаваць за сябе
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/__bun_20200714-2883-svqld.jpg.webp)
Фота Надзеі Бужан
Штаб кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Чэрачня цалкам адмовіўся ад правядзеньня пікетаў, каб не «размываць» галасы. Аднак Сяргей Чэрачань будзе працягваць агітацыйную кампанію: выступаць па радыё і тэлебачаньні, удзельнічаць у дэбатах, даваць інтэрв'ю, піша Радыё Свабода.
«Цяпер ёсьць кандыдат, якога падтрымлівае вялікая колькасьць насельніцтва. Ёсьць наша пазыцыя: мы засяроджваемся на іншай мэтавай аўдыторыі — бізнэс-супольнасьці, інтэлігенцыі. А ў іх крыху іншая аўдыторыя.
Але мы цудоўна разумеем, што ім патрэбная падтрымка. Калі мы зараз актыўна пачнём агітаваць і ў пэўнай ступені «размываць» галасы, у дадзенай сытуацыі гэта ня будзе стратэгічна правільным рашэньнем. З гэтай прычыны мы сапраўды пакуль не праводзім пікеты», — патлумачыў Сяргей Чэрачань.
Раней штаб Сяргея Чэрачня падаў 6 паведамленьняў аб правядзеньні 138 пікетаў.
Аднак адмена пікетаў не азначае, што каманда Чэрачня зусім ня будзе праводзіць агітацыйную кампанію.
«Я буду выступаць па радыё і тэлебачаньні, у тэледэбатах, даваць інтэрвію і даносіць тую канцэпцыю, тую праграмную частку, якую распрацавала наша каманда. То бок мы будзем паўнавартасна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Але пытаньне па агітацыі пакуль у падвешаным стане. Якраз з прычыны таго, што мы разумеем складанасьць сытуацыі і не хацелі б нашкодзіць», — кажа Сяргей Чэрачань.
Каментары