Улада

Стала вядома імя пятага затрыманага па справе Зянковіча і Фядуты — гэта 35-гадовы дальнабойшчык з Нарачы

26 красавіка быў затрыманы Дзяніс Краўчук.

Пра гэта «Нашай Ніве» расказала мама Дзяніса Надзея Міхайлаўна. Затрыманне адбылося ўвечары 26 красавіка. Прыкладна а 18-й гадзіне ў кватэру Краўчукоў прыйшлі больш за дзесяць супрацоўнікаў КДБ.

Дзянісу адразу надзелі на рукі кайданкі, паказалі пастанову аб ператрусе, у якой чамусьці не быў пазначаны крымінальны артыкул, па якім адбываецца дзеянне. Краўчука хутка забралі, дазволіўшы ўзяць з сабой ручнік і зубную пасту. Ператрус праводзілі ў прысутнасці сваякоў. Забралі некалькі старых тэлефонаў, а таксама CD-дыскі з запісамі вяселляў і пахаванняў. Таксама ператрус правялі ў гаражы, падвале і машыне.

«Позна ўвечары патэлефанаваў следчы, які сказаў, што на наступны дзень патрэбны адвакат, іначай будзе дзяжурны», — расказвае мама Дзяніса.

Цяпер Дзяніс праходзіць у якасці абвінавачанага па артыкуле 357 КК «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты да 2 месяцаў.

Як Краўчук звязаны з Зянковічам? Перад прэзідэнцкімі выбарамі-2020 Дзяніса затрымалі як назіральніка і асудзілі да 10 сутак арышту. Атрымалася так, што ён адбываў пакаранне ў адной камеры з Юрасём Зянковічам, якога затрымалі за акцыю пратэсту ў Мядзелі 9 жніўня.

«Шчыльна яны не стасаваліся», — пераконвае мама.

Па адной з версій, Краўчук даглядаў дом Зянковіча на Мядзельшчыне, пакуль гаспадар жыў у ЗША.

26 кастрычніка Краўчук уладкаваўся на працу ў Літву дальнабойшчыкам, у лістападзе з’ехаў туды.

«Ён рыхтаваўся да працы, таму ўжо ні ў якіх маршах і дэманстрацыях не ўдзельнічаў. 8 красавіка ён прыехаў у Беларусь, каб працягнуць візу. Калі ён такі небяспечны злачынца, то чаму яго не затрымалі адразу пры перасячэнні мяжы? Усе ў нас у Нарачы ведаюць, што Дзяніс вельмі годны і адказны чалавек, нічога кепскага не зробіць», — кажа Надзея Міхайлаўна.

Дзяніс родам з Мядзельскага раёна. Скончыў фізічны факультэт БДУ, фізік-даследвальнік. Працаваў на розных прадпрыемствах, навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным парку «Нарачанскі», але праблемы ўзнікалі праз яго грамадскую дзейнасць.

У 2018 годзе Краўчук праславіўся тым, што на мясцовых выбарах выкрыў каруселі падчас датэрміновага галасавання і дзякуючы гэтаму змог прагаласаваць тры разы на трох розных участках.

Цяпер хлопец знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Родныя кажуць, што Дзяніс трымаецца нармальна, ён упэўнены ў сваёй невінаватасці.

Таксама па гэтай справе праходзяць юрыст з ЗША Юрась Зянковіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і кіраўніца мінскага офіса Зянковіча Вольга Галубовіч.

Каментары

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць