Культура

Андрэй Макарэвіч: Калі нехта крычыць пра вайну: «Так і трэба!» — я гэтага чалавека проста закрэсліваю

Спявак, кампазітар, лідар расійскага гурта «Машина времени» пасля пачатку вайны з Украінай зʼехаў з Расіі і цяпер жыве ў Ізраілі. Макарэвіч у апошнія гады займаў рэзка антыпуцінскую пазіцыю, за што яго крытыкавалі многія расійскія палітыкі і некаторыя калегі. Яго канцэрты адмянялі ў Расіі, а праўладныя СМІ некалькі разоў рабілі яго героем сваіх выкрывальных прапагандысцкіх кампаній.

На пачатку мая Макарэвіч паведамляў, што працягвае працаваць над новым музычным матэрыялам, а ў інтэрвʼю «Настоящему времени» распавёў, што не хоча «псаваць рэшту свайго жыцця» чытаннем навін з Расіі, імкнучыся пераканаць тых, хто выступае за вайну з Украінай. «Хто піша літару Z — ды няхай ідзе ён у сраку», — заўважыў ён. Але, паводле слоў Макарэвіча, ён «працягвае верыць у разумны чалавечы пачатак». 

— Я ўсё ж неяк працягваю верыць у разумны чалавечы пачатак. У тое, што наогул прырода імкнецца да гармоніі, мір імкнецца да раўнавагі. Калі гэта парушаецца, у мяне няма слоў, у мяне няма гэтага тлумачэння. Я не хачу ў гэта апускацца.

— І што вы цяпер адчуваеце, калі чытаеце гэтыя навіны пра вайну?

— Мне гэтак жа, як і ў першы дзень, гэта агідна — усё, што магу сказаць.

— А калі вы з Расіі навіны чытаеце?

— Я не чытаю навін з Расіі. Колькасць хлусні, якая там ляціць, я не хачу нават датыкацца да гэтага.

— Вы былі гатовыя да таго, што на тых, хто выказаўся і зʼехаў, і нават на тых, хто не выказаўся, але зʼехаў, так накінецца расійская прапаганда?

 — Я мог меркаваць. Нічога новага абсалютна. Што яны яшчэ могуць?

 — Мусіць, гэта непрыемна?

 — Прыемнага тут мала.

 — Я пад фатаграфіяй, дзе вы з Алай Барысаўнай Пугачовай і Барысам Барысавічам Грабеншчыковым, пачытаў каментарый, у якім напісана, што «гэта людзі, якія заходняй культурай жылі ў Расіі». Гэты каментарый сабраў шмат лайкаў.

— Я дзесьці месяцы два таму ў сябе ў Фэйсбуку адключыў каментарыі, таму што карміць ботаў у мяне няма ні найменшага жадання, а свет моцна палярызаваўся. Тыя, хто мяне падтрымлівае ў маіх поглядах і ў маіх пачуццях, яны мяне і так падтрымліваюць — я гэта ведаю. А тыя, хто са мной не згодны, мне малацікавыя. Я зусім не маю жадання ўступаць з імі ў дыскусію. Вось і ўсё. Мяне менш за ўсё на свеце цікавіць чалавек, які нешта там напісаў пад фатаграфіяй. Хто гэта?

— Вы кажаце, што вас не цікавіць меркаванне тых, хто не згодны. Я чытаў у адным з вашых інтэрвʼю, якое вы далі ўжо тут, у Ізраілі, што вы з сябрам дзяцінства перасталі размаўляць пасля пачатку вайны…

 — Мабыць, гэта адзіны такі чалавек з вялікай колькасці маіх сяброў і знаёмых.

 — А як можна гэтага пазбягаць? Гэта пытанне, якое хвалюе многіх, калі з'явілася такая палярызацыя грамадства.

 — Пазбягаць чаго?

 — Адносіны ці праўда — што выбіраць?

 — Пакуль не было ваенных дзеянняў, пакуль не гінулі людзі, я цалкам дапускаў, што могуць быць розныя погляды на адны і тыя ж рэчы. Але калі гэта ўсё раптам перарасло ў вайну, а нехта крычыць: «Так і трэба!» — гэтага чалавека я проста закрэсліваю.

— Але вайна некалі скончыцца…

 — Вось калі скончыцца — будзем глядзець, як яна скончыцца і як павядуць сябе тыя, хто сёння крычаў, што так і трэба.

 — А як вы ставіцеся да тых, хто такое гарлапаніць?

 — Ніяк. Я стараюся іх не заўважаць. Жыццё і так кароткае і сумнае. Я не хачу псаваць рэшту свайго жыцця, праўда.

 — А вы разумееце матывацыю людзей, якія ездзяць па Расіі з турам з літарай Z, за вайну?

 — Навошта мне іх разумець?

 — Каб неяк для самога сябе прааналізаваць.

 — Мне абсалютна не цікава іх аналізаваць. Гэтулькі цікавых рэчаў на свеце, а я буду гэта аналізаваць?

— У чым вы цяпер для сябе знаходзіце цікавае?

 — Вось адбываецца фестываль («СловаНова», — НВ). Ён сёлета тут незвычайна прэзентабельны, бо прыехалі цудоўныя паэты, пісьменнікі, мастакі. Я атрымліваю каласальную асалоду ад таго, што я іх слухаю. Вось яны мне цікавыя. І ўсё жыццё былі цікавыя. Я рады, што ёсць такая магчымасць — і паразмаўляць з імі, і паслухаць, што яны думаюць наогул пра свет.

 А хто піша літару Z — ды няхай ідзе ён у сраку.

 — Вы не сутыкаліся на асабістым прыкладзе з тым, што называецца так званай адменай рускай культуры за межамі Расіі?

 — Я не сутыкаўся. Я не магу сказаць, што я шмат цяпер езджу па свеце, але вось мяне запрашаюць з канцэртамі: я зараз паеду на Кіпр, клічуць у Грузію. Напэўна, мяне не клікалі б, калі б гаворка ішла пра нейкую «адмену» рускай культуры.

 — Вы нейкі аналагічны перыяд бачыце, кажучы пра рускую культуру, можа быць, у позняй савецкай гісторыі нашай краіны? Нешта падобнае, калі быў такі ж раскол і такі ж градус?

 — Такога маштабу не было. Але калі ў Прагу савецкія танкі ўваходзілі — была падобная сітуацыя.

Я быў тады, праўда, яшчэ малады і не мог усебакова ўсё ацаніць. Але думаю, што было шмат падобнага. Але сёння значна горш. Тое, што адбываецца ва Украіне, — гэта значна горшае па маштабах бедства, чым тое, што адбывалася тады ў Празе.

 — А з гэтым можна нешта рабіць, каб гэтага расколу і гэтага напружання ў расійскім грамадстве не было?

 — Паверце, я таксама не магу на гэтае пытанне адказаць. Калі ўлада, якая валодае наймагутнейшай машынай прапаганды, яна некалькі гадоў старанна і прафесійна дабіваецца таго, каб гэты раскол быў. Ці можна неяк гэтаму супрацьстаяць? Я не гляджу тэлевізар, а нехта глядзіць. Я не магу яму забараніць глядзець тэлевізар. Вось і ўсё.

— Вы павесілі ў сябе ў сацсетках песню пра салдата, якога падманулі. А што рабіць гэтым салдатам, якіх падманулі?

 — Я не гатовы даваць парады. Мне падаецца, што ў такіх рэчах кожны чалавек свой выбар робіць сам. Я не магу сказаць за яго. З аднаго боку, ён даваў прысягу — я разумею гэта. З іншага боку, выконваць злачынныя загады салдат не павінен. І гэта я разумею. Таму гэта ўсё на сумленні гэтых людзей. Гэта іх рашэнне.

 — Вы разглядаеце такі варыянт, пры якім вы не вернецеся ў Расію?

 — Я наогул пра гэта не думаю. Я чакаю развіцця падзей, на якія я, на жаль, не магу паўплываць.

 — Па чым сумуеце тут больш за ўсё? Чаго вам не стае?

 — Я не магу сказаць, што сумую. Я сумую па нейкіх людзях, але многія з іх зʼехалі. Многія, праўда, засталіся. Я сумую па сваіх музыках, я сумую, натуральна, па працы, таму што тут я калі працую, то працую не адзін. Я ўсё ж прывык і вельмі люблю працаваць са сваімі камандамі. Таму я проста цешу сябе надзеяй, што хутка мы ўбачымся і будзем граць разам.

 — Зразумела, што прадказваць цяпер — няўдзячная справа. У вас ёсць здагадка, чым гэта можа скончыцца? Што будзе спрыяльным зыходам усяго гэтага?

 — Вось упаў самалёт. Ён упаў дзве гадзіны таму. А што вы думаеце наконт гэтага? Што я магу думаць на гэты конт? Давайце хаця б скрыні гэтыя знойдзем і паглядзім запісы. Не, кожны вырадак пачынае трындзець: «А я думаю, што гэта так». Гэта страсанне паветра і стварэнне слоўнага шуму — і нічога больш. Я гэта вельмі не люблю.

Каментары

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць