СМІ: Расія закупіла іранскія дроны, і ўкраінцам будзе цяжка ім супрацьстаяць
Украінцам будзе складана супрацьстаяць іранскім дронам, піша The Wall Street Journal.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_09/-gkzpw.jpg.webp)
Як расказалі амерыканскім журналістам украінскія вайскоўцы, РФ на мінулым тыдні пачала выкарыстоўваць перафарбаваныя пад расейскія каляровыя схемы іранскія дроны Shahed-136.
Іх сталі заўважаць над украінскімі пазіцыямі ў Харкаўскай вобласці.
Эксперт па зброі Скот Карына лічыць, што «зʼяўленне Shahed-136 на вайне ва Украіне, несумненна, мяняе аператыўныя планы Кіева».
Па яго словах, іранскія дроны ў Расіі могуць стаць важным процівагай украінскім HIMARS. Складанасць процідзеяння ў тым, што дроны даволі маленькія і лётаюць вельмі нізка, так што ўкраінскай СПА будзе цяжка іх засекчы.
Такія сістэмы могуць выкарыстоўвацца Расіяй для знішчэння ўкраінскай артылерыі, у тым ліку пастаўленых ЗША гаўбіц М-777.
Між тым, міністр замежных спраў Ірана Хасейн Амір Абдалахян у ліпені адмаўляў пастаўкі дронаў у Расію. «Прынцыповая і дакладная пазіцыя Ісламскай Рэспублікі Іран заключаецца ў супрацьдзеянні вайне і падтрымцы намаганняў адносна спынення вайны, і гэтая пазіцыя адрозніваецца ад падвойных стандартаў некаторых заходніх дзяржаў», — заявіў міністр замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран.
Сваіх эфектыўных беспілотнікаў Расія не мае.
Майкл Найтс, ваенны спецыяліст аналітычнага цэнтра вашынгтонскага Інстытута блізкаўсходняй палітыкі, прадказаў, што ўкраінцы ўсё ж здолеюць хутка знайсці проціяддзе іранскім беспілотнікам-камікадзэ. «У Емене, Сірыі і Газе іранскія беспілотнікі выглядаюць салідна, — сказаў ён. — Але Украіна валодае саліднай сістэмай супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы, з якой Іран раней не сутыкаўся». Гэтыя дроны, кажа Найтс, «напачатку эфектыўныя, але пасля першы шокавы эфект мінае».
Каментары