Украіна вярнула кантроль над газаздабыўнымі платформамі ў Чорным моры — ГУР
У Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны заявілі аб усталяванні кантролю над газа– і нафтаздабыўнымі платформамі каля берагоў Крыма ў Чорным моры. Расія захапіла «вышкі» ў сакавіку 2014 года, а потым яны знаходзіліся пад кантролем Віктара Медзведчука.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/2023-09-11155824-5ctyg.jpg.webp)
Гэтыя платформы вядомыя ва Украіне як «вышкі Бойкі» — па імені колішняга міністра энергетыкі Украіны Юрыя Бойкі, падчас кіравання якога іх набылі для дзяржаўнага прадпрыемства па завышаных цэнах.
Як адзначаецца ў відэаматэрыяле ГУР, унікальную аперацыю ўкраінскія спецыяльныя падраздзяленні здзейснілі пад абстрэлам расійскага самалёта Су-30. У выніку бою самалёт быў пашкоджаны, а адзін з украінскіх байцоў апынуўся ў вадзе і вымушаны быў правесці ў адкрытым моры 14 гадзін, пакуль яго не змаглі ўратаваць.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/2023-09-11155815-502qu.jpg.webp)
У разведцы паведамілі, што падчас аперацыі захапілі «каштоўныя трафеі»: запас верталётных боепрыпасаў тыпу некіраваных авіяракет і радыёлакацыйную станцыю «Нява», якая можа адсочваць рух караблёў у Чорным моры.
Летась у чэрвені ўкраінскія войскі змаглі абстраляць гэтыя платформы, у выніку чаго знішчылі верталётную пляцоўку, якую выкарыстоўвалі расійскія вайсковыя верталёты.
Каментары