Грамадства99

«Шчучыншчына» — мой крыж у добрым сэнсе». Алена Зуй-Вайцяхоўская і яе жыццё пасля суперхіта

«Не так даўно ў нас з'явілася котка, і ў мяне была ідэя назваць яе Шчучыншчынай». Вы памятаеце Алену Зуй-Вайцяхоўскую па суперхіце з 2020-га, але ёсць у яе і іншыя праекты — нядаўна прадставіла сатырычны серыял «Давай его дождёмся» пра жонак мабілізаваных, робіць уласную музыку і агучвае кніжкі. Пагутарылі з Аленай пра жыццё пасля «Шчучыншчыны» — выезд з Беларусі пасля пагрозаў, дачку, якая не дазваляе аддаваць мінскія рэчы, што сталі малыя, і ролю жанчын у наш час.

«Нам навязваюць пачуццё нянавісці адно да аднаго, і прапаганда цалкам нясе за гэта адказнасць»

«Наша Ніва»: Выйшла ўжо тры серыі вашага праекта «Давай его дождёмся». Як вам тое, што атрымалася?

Алена Зуй-Вайцяхоўская: Лічу, што мы здолелі перадаць тое, што задумалі. Гэта мой першы сур’ёзны досвед, калі ў тваіх думках з’яўляецца нейкі свет і ты яго даносіш да іншых, таму вельмі рада, што ў нас з Нэлай Агрэніч, маёй суаўтаркай, з’явілася такая магчымасць, і што мы змаглі давесці гэтую справу да канца. Бачу па каментарах ужо да першай серыі, усяго іх будзе тры, што ў людзях адгукаецца такая іронія і сатыра, і шмат для каго гэтая тэма важная, наша выказванне мае значэнне.

«НН»: Вайна і мабілізацыя — ці не надта сур’ёзныя тэмы для сатыры?

АЗ: Дык сатыра — гэта і ёсць іронія на сур’ёзныя тэмы. У дадатак, мы ж іранізіруем наконт прапаганды, намагаемся казаць, як прапаганда і патрыярхат, напрыклад, бачаць ролю жанчыны і сярэднестатыстычную сям’ю — як гэтая сям’я павінна выглядаць і рэагаваць на страшныя падзеі. Мне падаецца, што такая сатыра мае месца быць, каб людзі пабачылі з боку некаторыя рэчы і падумалі пра тое, што ім навязваецца.

«НН»: Чаму вы зрабілі праект менавіта пра расіянак і расійскі кантэкст?

АЗ: Таму што падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Расіі, вельмі вострыя, і там прапаганда квітнее буйным колерам. На прыкладзе гэтай краіны бачна, як яна прамывае людзям мазгі, таму расійскі досвед дапамагае казаць пра тыя ж праблемы, што існуюць і ў нашай краіне. 

Дзякуй Богу, што цяпер нашых мужчын не забіраюць на вайну, але ж не вядома, што будзе заўтра. Як бы ні хацелася, каб у Беларусі быў мір, цягам гісторыі наша краіна не раз была ўцягнутая ў ваенныя разборкі, і цяпер вайна адбываецца побач з намі.

«НН»: Вы неяк расказвалі, што сабраць гэтую гісторыю ў адно вам дапамагло фота плаката з акупаваных украінскіх тэрыторый. Што гэта быў за здымак?

АЗ: Гэта быў адзін з трыгераў, што дапамаглі запусціць працу над сцэнаром. На гэтым білбордзе напісана «дзеці, кухня, царква» — гэта пратэстанцкі слоган, які ў свой час выкарысталі нямецкія фашысты, а раней ён быццам меў мірнае значэнне. На плакаце таксама размешчанае фота жанчыны ў хустцы — мабыць, гэта і ёсць ідэальная жанчына па мерках прапаганды: паслухмяная, думае пра дзяцей, кухню і Бога. Мабыць, ім бы не хацелася, каб яна думала пра нешта яшчэ.

«НН»: То-бок гэта не толькі антываенная гісторыя, але і гісторыя пра фемінізм?

АЗ: Напэўна. Мне падаецца, што шмат хто не зусім правільна разумее фемінізм, гэта рух пра барацьбу за правы чалавека, а не толькі за правы жанчыны. Фемінізм за тое, каб было добра і мужчынам, і жанчынам.

«НН»: Фемінізм — гэта пра свабоду?

АЗ: Так, і пра права выбару. Канешне, і пра роўныя правы для жанчын і мужчын, але не толькі пра гэта. Хацелася б, каб чалавек заставаўся чалавекам, каб яго не прымушалі ісці на вайну і ён мог сам рабіць высновы з жыцця і са сваіх стасункаў з іншымі. Нам навязваюць пачуццё нянавісці адно да аднаго, да іншых людзей, да іншаземцаў, і прапаганда цалкам нясе за гэта адказнасць. Я за тое, каб у чалавека было права самастойна рабіць высновы, каб дзяржава не выкарыстоўвала людзей у сваіх мэтах.

«У кампаніях са мной «Шчучыншчына» — гэта тэма для жартаў»

«НН»: Ці пішуць вам яшчэ пра «Шчучыншчыну»?

АЗ: Часам згадваюць яе ў каментарах на нашым канале «ЧынЧынЧэнэл», бачу, што ў людзей гэтая песня асацыюецца са мной, нават калі не ведаюць мяне. Цяпер я жыву ў Польшчы і нячаста сустракаю незнаёмых мне беларусаў, але калі такое здараецца, могуць нешта пытацца пра Шчучыншчыну, у кампаніях са мной гэта тэма для жартаў. 

Не так даўно ў нас з’явілася котка, і ў мяне была ідэя назваць яе Шчучыншчынай. Але ўсё-ткі я вырашыла, што гэта мой крыж у добрым сэнсе і яго павінна несці я, на котку я яго перакладаць не буду.

Тая самая котка.

«НН»: Не крыўдна, што вас дагэтуль асацыююць з гэтай песняй?

АЗ: Не, чаму? Я рада, што ў свой час яна з’явілася, мабыць, гэта быў самы патрэбны для таго момант. Розных людзей гэтая песня аб’ядноўвала, дапамагала справіцца з тымі абставінамі, у якіх мы ўсе апынуліся, пасмяяцца і разам паспяваць. Гэта ж частка мяне.

«НН»: Ці ёсць у вас цяпер магчымасць яшчэ неяк сябе праявіць, акрамя працы на «ЧынЧынЧэнэле»?

АЗ: У нас з мужам ёсць музычны праект ZUI, і мы цяпер працуем над беларускамоўным альбомам, доўга яго выношвалі. Спадзяюся, што альбом ужо ў лютым пабачыць свет.

Таксама я граю у праекце CHÓR KOBIET, напрыканцы верасня мы прадставілі антываенны спектакль MATKI. PIEŚŃ NA CZAS WOJNY, у яго польская рэжысёрка Марта Гурніцка. У гэтым праекце ўдзельнічаюць беларускія, украінскія і польскія актрысы. Рада, што і я сярод іх, бо гэта магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, у бліжэйшыя месяцы мы запланавалі шмат паказаў на фестывалях у розных краінах.

«НН»: Гледзячы па назве, гэта яшчэ адна жаночая гісторыя?

АЗ: Так, у мяне цяпер шмат такіх гісторый, і я гэтаму рада. Мабыць, надышоў такі ўзрост, калі захацелася прымаць удзел у такім, самой ствараць такія гісторыі і ўвогуле казаць пра тое, якую ролю жанчына грае і можа граць у жыцці, асабліва ў такія складаныя часы, як цяпер.

«НН»: І што гэта за роля?

АЗ: Мне падаецца, што жанчына мае агромністы міратворчы патэнцыял, часцей за ўсё жанчыны вырашаюць пытанні не праз сілу. Жанчына — гэта пра святло і спакой, пра яднанне з прыродай, пра ўдасканаленне гэтага свету і любоў да яго. У жанчыне закладзена вельмі шмат энергіі, каб дапамагаць нешта пражываць, вырашаць канфлікты мірным шляхам.

Таксама жанчына — гэта пра дом, яна сама можа ствараць адчуванне дому, да якога можна прыйсці і супакоіцца. Цяпер шмат людзей знаходзяцца далёка ад дому ці не адчуваюць сябе як дома, і жанчыны маюць патэнцыял, каб гэта лекаваць, ды і ўвогуле жанчыны больш эмпатычныя. Проста сістэма патрыярхату прымусіла і дагэтуль прымушае жанчыну забывацца пра тое, які ў яе ёсць патэнцыял, якую жанчына мае ў сабе моц, пра тое, што гэтым трэба карыстацца.

«Мабыць, у дачкі ёсць свая траўма з-за таго, што ў 5 гадоў ёй прыйшлося з’ехаць са сваёй краіны»

«НН»: Што падштурхнула вас і вашу сям’ю выехаць з Беларусі?

АЗ: Штурхавікі, якія вырашылі, што маюць на гэта права. Нам пачалі пагражаць, заставацца стала небяспечна. На жаль, не магу расказаць болей.

«НН»: Вы цяпер жывеце ў Варшаве. Які быў ваш шлях туды?

АЗ: Мы выехалі з Беларусі на некалькі тыдняў у Кіеў і вырашалі, дзе будзем жыць — у Кіеве ці, напрыклад, у Львове. Схіліліся да Львова, і гэта было цудоўнае рашэнне, нам вельмі спадабаўся Львоў. Да гэтага мы былі там як турысты, а тут прыехалі жыць і засталіся ў Львове трохі больш чым на паўгады, і ні разу не расчараваліся.

Бывае, што ты прыязджаеш у горад як турыст і табе ўсё падабаецца, а потым пераязджаеш туды і сутыкаешся са шматлікімі праблемамі. Але мы, калі пажылі ў Львове, толькі яшчэ больш улюбіліся ў яго, і шкада, што з-за вайны нам давялося раптоўна з’ехаць.

Пасля мы апынуліся ў Варшаве і вырашылі пераехаць у Беласток, пажылі там паўтары года. Але ў канцы лета 2023-га мы зразумелі, што хочацца болей варушняку і за гэтым варта ехаць у Варшаву. Таксама перабраліся сюды, бо Варшава нам часткова нагадвае Мінск, дзе мы з маім мужам нарадзіліся і жылі ўсё жыццё. Як высветлілася, мы з ім нарадзіліся ў адной радзільні і пасля нашы дзеці нарадзіліся там жа.

Мне пашчасціла, што я пераехала не адна, што мы перабраліся з Беларусі камандай аднадумцаў і прафесіяналаў, якія любяць жыццё, творчасць і іншых людзей. Здорава, што ў мяне ёсць такая каманда, як «ЧынЧынЧэнэл».

«НН»: Вы пісалі ў сацсетках, што падчас ад’езду з Львова забылі там мішку вашай дачкі. Што гэта за гісторыя?

АЗ: Сапраўды, у маёй дачкі Марыйкі ёсць мішка, які пакуль што жыве ва Украіне. Гэтага мішку ёй яшчэ ў Беларусі падарыў мой тата, яна вельмі палюбіла гэтага мішку і, як свайго сябра, забрала з сабой, калі мы былі вымушаныя выехаць з Беларусі. Я не заўважала, што яна яго паўсюль брала з сабой, зразумела гэта, толькі калі ў Польшчы стала пераглядаць здымкі.

Калі мы збіраліся выязджаць з Украіны, мелі дужа мала часу і маглі браць толькі самае неабходнае, а мішка даволі вялікі. Я збіралася па начах, пакуль дзеці спалі, і, мабыць, не задумалася, што мішку таксама трэба было ўзяць з сабой — сэрца шчэміць, калі пра гэта расказваю. Адразу згадваю цудоўны мультфільм «Гісторыя цацак» пра забытыя цацкі або тыя, з якіх дзеці выраслі. На жаль, наш мішка якраз і аказаўся такой цацкай.

Ужо ў Польшчы дачка стала пытацца пра мішку, хвалявалася, што не ведае, як ён там. Перыядычна мы спрабуем выцягнуць мішку з Украіны, магчыма, здолеем яго знайсці.

Калі дзеці вырастаюць з нейкіх рэчаў, я іх звычайна збіраю і аддаю камусьці, каму яны трэба, або проста перадаю на дабрачыннасць. І калі сярод такіх рэчаў знойдзецца маечка, шкарпэтка, цацка ці проста нейкая дробязь, якую Марыйка прывезла з Беларусі, яна проста не дазваляе мне гэта некуды аддаваць.

Мабыць, у яе ёсць свая дзіцячая траўма з-за таго, што ў 5 гадоў ёй прыйшлося з’ехаць са сваёй краіны, якую яна любіць. Тое самае магу сказаць і пра сына, яму на той час толькі споўнілася 8 гадоў.

Чырвонае паліто — адна з рэчаў, якую дачка Алены прасіла нікому не аддаваць.

«НН»: Вы некалі казалі, што вас цікавіць праца ў агучцы. Ці атрымліваецца цяпер знайсці для сябе такія праекты?

АЗ: Часам атрымліваецца, але іх не так шмат, як хацелася б. Ёсць праект «Беларуская літаратура», гэта ютуб-канал, дзе можна знайсці і праслухаць беларускія творы, якія дзеці вывучаюць у школе, там працую і я. Мне падаецца, яго агучваюць вельмі таленавітыя акцёры, у тым ліку былыя купалаўцы.

Таксама мне пашчаслівілася агучыць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», гэта быў вельмі цікавы досвед. Твор цудоўны, кожнаму беларусу раю яго прачытаць. 

«НН»: Ці не думалі вы, як бы склалася ваша кар’ера, калі б вы засталіся ў Мінску?

АЗ: Напэўна, гэта была б кар’ера чалавека, які быў бы павінен маўчаць. Акцёры, як і іншыя творцы — гэта людзі, якія з дапамогай сваёй творчасці выказваюцца на розныя тэмы. Гэта людзі, якія дапамагаюць іншым пражываць пэўныя эмоцыі і сітуацыі, праходзіць праз нешта і жадаць ісці далей. Думаю, што цяпер у Беларусі я б не мела магчымасці казаць пра тыя праблемы, пра якія мне хочацца казаць.

Не ведаю, ці можна такую працу назваць кар’ерай — прынамсі, той кар’ерай, якую я сабе ўяўляла, калі пачынала займацца акцёрствам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Давай яго дачакаемся». Беларусы знялі сатыру на жонак мабілізаваных

Дык глядзець ці не? Разбіраемся, чаго чакаць ад скандальнага серыяла пра «Песняроў»

Рэжысёр Кашперскі — пра новы серыял, «Беларусьфільм» як хорар і жонак кітайскіх міністраў

Каментары9

  • Пры ўсёй павазе
    21.02.2024
    А, ну і яшчэ: плакат 'дзеці, кухня, цэрква' быў фэйкавы. Каб ня блытацца паміж расейскай і украінскай прапагандай, лепш засяродзіцца на сваіх, беларускіх тэмах.
  • SR
    21.02.2024
    Цудоўная, сама дабрыня, светлы чалавек і вельмі таленавіты
  • Муравейчык,
    21.02.2024
    З Днём Нараджэння!

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць