Свет11

Перадаў «Шахеды» Расіі і кіраваў бізнэс-імперыяй аяталы. Хто такі Махамад Махбер — часовы прэзідэнт Ірана

Чалавек, блізкі да вярхоўнага лідара.

Эбрахім Раісі і Махамад Махбер. Фота: Morteza Nikoubazl/NurPhoto via Getty Images

Пасля гібелі прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі ўрад па Канстытуцыі часова ўзначаліў яго першы віцэ-прэзідэнт — 68-гадовы Махамад Махбер. Ён будзе выконваць абавязкі прэзідэнта 50 дзён — менавіта столькі адведзена Асноўным Законам на правядзенне датэрміновых выбараў.

У іранскай дзяржаўнай сістэме прэзідэнт — гэта толькі галоўны выканаўца. Рэальная ўлада знаходзіцца ў руках найвышэйшага кіраўніка, або рахбара, Алі Хаменеі. Прэзідэнт мае ролю, падобную з роляй прэм'ера ў суперпрэзідэнцкай рэспубліцы. Ён кіруе ўрадам, а таксама займаецца знешняй палітыкай. Пры гэтым, што цікава, сам урад ён не кантралюе — ён падсправаздачны найвышэйшаму кіраўніку і адказны перад парламентам. Тэарэтычна раптоўная смерць прэзідэнта не павінна весці да сур'ёзнай дэстабілізацыі — у тэорыі ў Хаменеі ўсе магчымасці забяспечваць бязбольны транзіт.

Зрэшты, у выпадку з гібеллю Раісі ўсё крыху складаней. Эксперты бачылі ў ім аднаго з найбольш верагодных пераемнікаў 85-гадовага Хаменеі. Ён быў цалкам і поўнасцю чалавекам вярхоўнага лідара, а таксама адным з правадыроў іранскіх ультракансерватараў. У 2021 годзе Раісі выйграў, бадай, найменш канкурэнтныя выбары ў гісторыі ісламскай рэспублікі — яго асноўныя канкурэнты, у ліку якіх быў і экс-прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад, не былі дапушчаныя да выбарчай кампаніі.

Акрамя таго, смерць Раісі здарылася, як піша The New York Times, у вельмі далікатны момант у міжнароднай палітыцы. А ўнутранай нестабільнасці могуць спрыяць нізкая папулярнасць кіроўнага рэжыму, а таксама абвастрэнне ўнутрыпалітычнай барацьбы.

Яшчэ адна асаблівасць палітычнай сістэмы: у найвышэйшага кіраўніка ёсць паўнамоцтвы дапускаць і адхіляць кандыдатаў ад выбараў. Строга кажучы, рахбар мае права нават зняць прэзідэнта з пасады пасярод тэрміну. І хто будзе змагацца за вакантны пост праз два месяцы, пакуль незразумела.

Не выключана, што ў выбарах возьме ўдзел часовы прэзідэнт Махамад Махбер. Аналітыкі называюць яго вельмі блізкім да Хаменеі чалавекам. Махбер будаваў класічную палітычную кар'еру — у яго, па паведамленнях іранскіх СМІ, ёсць доктарская ступень у міжнародных адносінах, а таксама ступень у менеджменце. Падчас ірана-іракскай вайны ён служыў у медыцынскім падраздзяленні Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Аднак пасля вайны пайшоў у прыватны сектар.

Махбер кіраваў некалькімі тэлекамунікацыйнымі кампаніямі, банкам, быў намеснікам губернатара правінцыі Хузестан. Вялікая частка яго кар'еры звязаная з Фондам Setad, якім ён кіраваў 14 гадоў. Арганізацыя была заснаваная ў 1989 годзе заснавальнікам Ісламскай рэспублікі і першым рахбарам Рухалой Хамейні. Фонд першапачаткова быў створаны для продажу нерухомасці эмігрантаў, якія пакінулі краіну пасля рэвалюцыі. Іх жыллё прызнавалі «кінутым», яно ішло з малатка. Сродкі ж, як меркавалася, павінны былі ісці на дабрачыннасць.

З часам Setad стаў сапраўднай бізнэс-імперыяй, падкантрольнай вярхоўнаму лідару Ірана. Як адзначала агенцтва Reuters у расследаванні ў 2013 годзе, прыкладны кошт усіх актываў, якімі валодаў фонд, складаў 95 мільярдаў даляраў. Setad займаецца ўсім — ад нерухомасці да нафтаздабычы, тэлекамунікацый і гадоўлі страусаў. Пры гэтым афіцыйна фонд не раскрывае сваю фінансавую інфармацыю. Setad працягвае займацца дабрачыннасцю і інфраструктурнымі праектамі, а таксама падтрымлівае мясцовы бізнэс. Аднак гэта толькі малая частка яго дзейнасці.

За дзесяцігоддзі фонд канфіскаваў у эмігрантаў тысячы аб'ектаў нерухомасці. Хаменеі правёў законы, якія абаранілі актывы Setad і зрабілі фонд фактычна манапалістам у справе канфіскацыі ўласнасці ад імя найвышэйшага кіраўніка. Setad, які генеруе мільярды, стаў сапраўдным падмуркам улады Хаменеі. Фінансавая незалежнасць ад дзяржавы ўмацоўвае пазіцыі рахбара і дазваляе яму быць убаку ад унутрыпалітычнай барацьбы.

Журналістам стала вядома, што праца офіса рахбара, які пры Хаменеі значна разросся і ператварыўся ў сур'ёзную бюракратычную структуру, цалкам фінансуецца за кошт Setad.

Менавіта гэтай структурай на працягу 14 гадоў кіраваў цяперашні часовы прэзідэнт Махбер. У 2010 годзе ён трапіў у санкцыйныя спісы Еўрасаюза за дачыненне да іранскай ядзернай праграмы, аднак праз пару гадоў быў з іх выключаны. У 2021 годзе Мохбер стаў першым віцэ-прэзідэнтам у Раісі, які перамог на выбарах.

У кастрычніку 2022 года Махбер разам з шэрагам высокапастаўленых іранскіх сілавікоў удзельнічаў у перамовах у Маскве. Вынікам перамоў стала пагадненне аб буйных пастаўках у Расію іранскіх балістычных ракет і дронаў-камікадзэ. Неўзабаве расійская армія стала актыўна выкарыстоўваць іранскія «Шахеды» для нападаў на ўкраінскія гарады.

Па канстытуцыі Мохбер будзе арганізоўваць выбары прэзідэнта разам са спікерам парламента Махамадам Галібафам — відавочным прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост — і кіраўніком судовай улады краіны Галамам Махсені Эджэі. А пакуль у краіне аб'яўлена пяцідзённая жалоба.

Каментары1

  • даведка
    20.05.2024
    Лукашенко не так давно встречался с ним в Беларуси.

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць