Где водилась и теперь в Беларуси водится, за сколько продавалась и как готовилась самая дорогая во все времена рыба, пишет доктор истории Алесь Белый.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2020_05/shutterstock_1657133728-tm4w2.jpg.webp)
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/shutterstock_1657133728-tm4w2.jpg.webp)
Злавіць ласося — вялікая ўдача і радасць для кожнага рыбака. Ва ўсім свеце такая лоўля лічыцца заняткам экстрэмальным і дынамічным. Пра сілу і спрыт гэтай шляхетнай рыбы сведчыць ужо толькі тое, што ў час нерасту для пераадолення перашкод некаторыя асобіны ласося здольныя выскокваць з вадаёма аж на 4 метры ў вышыню!
Легендарная рыба
Скандынаўскі бажок хітрасці і падману Локі, кінуўшы выклік галоўным багам Асгарда, спрабаваў схавацца ад іх, прыняўшы форму ласося. У ірландскіх міфах ласось мудрасці — гэта велізарная рыба, якая з’ела 9 арэхаў з чароўнай ляшчыны і набыла такім чынам усю мудрасць свету. А легендарны герой Фінтан мак Бокра — вельмі мудры чалавек, які быццам бы перажыў сусветны патоп, ператварыўшыся ў ласося, і пражыў агулам 500 гадоў.
Разам з тым жаргоннае слова «лох», якое шырока распаўсюдзілася ў постсавецкіх краінах у часы перабудовы, паходзіць, па адной з найбольш верагодных версій, ад народнай назвы ласося адразу пасля нерасту. Аддаўшы ўсе сілы працэсу размнажэння, рыбіна істотна слабее і ў такім стане можа стаць даволі лёгкай здабычай для рыбакоў, як і прастадушны чалавек — для мацёрых крымінальнікаў.
Калісьці гэтая слава была даступная і нашым суайчыннікам.
Дзе плаваў і плавае Atlantic Salmon
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/oblawanalososialudwikastasiaka-docs6.jpg.webp)
Арэал ласося катастрафічна скараціўся не толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Еўропе. Апроч механічных перашкод у выглядзе плацін ГЭС і вадасховішчаў, не меншай перашкодай стала якасць вады ў рэках. І цяпер наяўнасць ласося ў водах, дзе ён гістарычна адзначаўся, лічыцца адным з яскравых і сімвалічных індыкатараў аднаўлення якасці вады. Вяртанне ласося ў раку Лаган у Паўночнай Ірландыі ў 1999 годзе адзначылі ўсталяваннем яму помніка ў сталіцы краю Белфасце, які ў народзе ахрысцілі папросту «Вялікая рыба».
Ласось плыў па Ласосне
Адносна шырокае распаўсюджанне ласося ў «балтыйскай» частцы Беларусі ў даўнія часы пацвярджаецца многімі фактамі тапанімікі, геральдыкі, гістарычнымі дакументамі.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/pomniklasosiuastraviec-lhbdj.jpg.webp)
Левы прыток Нёмана (трохі вышэй за Гродна) называецца Ласосна ці Ласасянка. Частка гэтай ракі ў ХІХ стагоддзі служыла мяжой Расійскай імперыі спачатку з Прусіяй, потым з Варшаўскім герцагствам, а затым — з Царствам Польскім у складзе гэтай жа імперыі. Перад вайной 1812 года яна атрымала шырокую вядомасць, бо яе часта пераплывалі прыхільнікі аднаўлення Рэчы Паспалітай, каб трапіць у войска Юзафа Панятоўскага. Напамінам пра гэта служаць радкі з «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча:
Да браццяў за Ласосну ўдасца трапiць, можа.
Яшчэ некалькі беларускіх рэчак называюцца Лоша, Лошыца. Адна з іх — прыток Віліі, у тым самым адзіным на сёння «ласосевым кутку» краіны. А другая цячэ па Капыльскім і Уздзенскім раёнах і ўпадае ў Нёман у самых ягоных вярхоўях.
Пасля гэтага не здзіўляе, што два ласосі — старадаўні герб мястэчка Любча, размешчанага на пару соцень кіламетраў ніжэй.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/herblubczy-8cyzc.jpg.webp)
Былую наяўнасць ласосяў на гэтым участку Нёмана пацвярджае і адна са шматлікіх баек Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Паводле Тадэвуша Булгарына, Радзівіл часам распавядаў, што аднойчы, купаючыся ў Нёмане, злавіў рукамі велізарнага ласося. Не здолеўшы выцягнуць яго на бераг, ён быў вымушаны яго асядлаць і быццам бы праплыў на ім верхам 32 кіламетры да самага Свержаня. І вярнуўся ў Нясвіж пешкі ў той самы момант, калі па ім, як па тапельцу, ужо служылі памінальную імшу.
Залаты ласось
Любілі ласося каралева Ядвіга і Ян ІІІ Сабескі, многія іншыя манархі і магнаты. Рэестр 1521 года, які вызначаў парадак дастаўкі харчавання на стол Жыгімонта Старога гарадамі Кароны Польскай, дае такія цікавыя звесткі. Радам і Сандомір з рыбы павінны былі даставіць на каралеўскі двор па два ласосі ў год. У той час як іншыя гарады такога ж памеру, дзе не лавілі чырвоную рыбу, павінны былі адвезці манархам па 12 коп рыбы (720 штук). Гэта значыць, тагачасныя чыноўнікі прыраўноўвалі аднаго ласося да 360 звычайных рыбін!
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/bia_ostrowiec_coa-dd4cs.jpg.webp)
Невядома, адкуль той ласось трапіў у Магілёў: у басейне Дняпра гэтая рыба не водзіцца. Таму яго прывезлі або з Літвы ці Польшчы, або з рэк балтыйскага ці нават беламорскага, мурманскага басейнаў Расіі. Вядома, што свежая рыба такія падарожжы перанесці не магла, а марожанай тады не было. Таму гэта была або сушаная, або маласольная рыба.
Вышэй за ласося сярод даступных у нашых водах рыб цаніўся толькі асётр. А наступным па вартасці (хаця і з адчувальным адрывам) лічыўся шчупак (гл. пра яго артыкул у № 2/2019 «Нашай гісторыі»). Улюбёным спосабам прыгатавання і шчупака, і ласося ў сармацкай кухні было «на жоўта» — тушэнне ў соусе з разынкамі, мускатным арэхам, перцам, вяршкамі, цыбуляй. Жоўты колер соусу надаваў шафран. Гэтак высакародных рыбаў адрознівалі ад звычайных, якіх гатавалі «на шэра» — у соусе, галоўным кампанентам якога была цыбуля.
Вяртанне дадому
Вельмі цешыць, што ласось усё-такі не цалкам знік з нашых водаў — дзякуючы таму, што Вілія ўпадае ў Нёман вышэй за плаціну Ковенскага вадасховішча. Помнікі чырвонай рыбе, як і школьны інфармацыйны цэнтр пра ласося ў Варнянах, з’явіліся не на пустым месцы. У апошнія гады эколагі правялі там нямала валанцёрскіх лагераў па аднаўленні натуральнага асяроддзя пражывання ласося. Ліквідуюцца лішнія бабровыя плаціны, уладкоўваюцца перакаты, прыбіраецца побытавае смецце. Вадазліўныя трубы ачышчаюцца ад нанесеных дажджамі пяску і галечных наносаў. Падчас нерасту (кастрычнік — лістапад) берагі нераставых рэк і ручаёў патрулююцца ад браканьераў. У найбліжэйшых марах — рэгулярнае зарыбленне «ласосевых» рэк маляўкамі, набытымі ў рыбаводаў той жа Нарвегіі. Спусціўшыся ўніз па Віліі і Нёмане ў мора, яны абавязкова дарослымі будуць вяртацца дадому, бо ласось мае ўнікальную памяць на смак і пах роднай вады.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_05/-5la2h.jpg.webp)
Так што справа адраджэння беларускай папуляцыі ласося паволі рухаецца. Хаця пакуль невядома, як на дабрабыце нашага героя адаб’ецца хуткі запуск Беларускай АЭС. Ёсць небяспека, што ласосевыя ручаі пасля гэтага абмялеюць і пацяплеюць, і тады шляхетная рыба наўрад ці зможа тут размнажацца.
Тычыцца гэта і іншых балтыйскіх рыб, некалі славутых на поўначы ды захадзе Беларусі, — стынкі і сялявы (пра апошнюю гл. у артыкуле пра полацкія кулінарныя спецыялітэты ў № 9/2019 «Нашай гісторыі»). Калі б мы, на прыклад Літвы і паўночна-ўсходняй Польшчы, аднавілі папуляцыі гэтых рыб, іх спартыўны і прамысловы лоў, вярнулі іх у рэстараннае меню і ў гістарычную памяць — тады і мы змаглі б прэтэндаваць на тое, што ў пэўным важным аспекце ажыўляем культурны код Вялікага Княства Літоўскага. Пакуль жа, нягледзячы на некаторыя поспехі, гэта застаецца пад вялікім пытаннем.
Пячыста з ласося
- 2—2,5 кг ласося
- 200—250 г сала
- соль
- 1 морква
- 1 пятрушка
- палова лыжкі масла
- 1—2 шклянкі булёну
- 1/4 шклянкі мадэры
- 1/4 лімона
Загарнуць у тонкія лустачкі сала і паставіць на блясе ў духоўку, накрыўшы прамасленай пергаментнай паперай. Як толькі пачне падрумяньвацца, паліваць булёнам і мадэрай. Перад падачай акрапіць выціснутым сокам лімона.
Комментарии