У Крыме «невядомыя» захапілі ваенкамат, стралялі па аўтамашыне, пабілі журналістаў
Сёння, у першай палове дня, група людзей у ваеннай форме без апазнавальных знакаў захапіла будынак рэспубліканскага ваеннага камісарыята ў Сімферопалі (вуліца Кіеўская).
Паводле інфармацыі крымскага медыяцэнтра Мінабароны Украіны, на тэрыторыю ваеннага камісарыята зайшлі каля сотні аўтаматчыкаў з «самаабароны Крыма». Узброеных людзей расставілі на паверхах. Ўсіх афіцэраў вывелі за межы часткі.
На тэрыторыю заехалі некалькі грузавікоў з ўзброенымі людзьмі.
Апоўдні там жа, каля рэспубліканскага ваенкамата, невядомыя абстралялі аўтамабіль кіеўскіх актывістаў.
«Мы сабраліся ехаць, селі ў машыну, я здымаў на тэлефон, пасля чаго яны пачалі бегчы да нас і страляць, мы змаглі ад'ехаць метраў 700 да гандлёвага цэнтра і выклікалі міліцыю і тэлебачанне», — распавёў Аляксей Тармазаў з Кіева.
На відэа відаць і чуваць, як пасажыры ў машыне бягуць з месца здарэння, просяць, каб кіроўца ехаў хутчэй. У гэты ж час чуваць стрэлы.
«Па нас і ў машыну выпусцілі больш за 10 куль, прабітыя колы, відаць сляды ад агнястрэльнай зброі на корпусе машыны», — паведаміў Аляксей Тармазаў.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2014_03/srelauto3-080314.jpg.webp)
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2014_03/srelauto2-080314.jpg.webp)
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2014_03/srelauto1-080314.jpg.webp)
Каля 17:00 (18:00 па Мінску) падзеі атрымалі працяг. «Зялёныя чалавечкі» ля рэспубліканскага ваенкамата збілі журналістаў, адабралі флэш-карты і пашкодзілі тэхніку.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла журналістка Hromadske TV Ганна Бабінец.
Паводле яе слоў, яна і журналіст Дмытро Гнап «шукалі тут гільзы пасля ранішняй перастрэлкі і ледзь не патрапілі ў дзённую».
«Нас было каля дзесяці, усе жывыя-здаровыя, пашкодзілі тэхніку і адабралі флэшкі», — адзначыла Бабінец.
Разам з тым журналісты паведамляюць, што расійскія ваенныя ўжо не хаваюцца: так, на фота — расійская ваенная машына, якая выязджае з тэрыторыі захопленага ваенкамата.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2014_03/rusauto080314.jpg.webp)
Каментары