Халатран пра тое, што ў штабе Бабарыкі рабіў Васкрасенскі і ці магла б Калеснікава стаць прэзідэнтам
Пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву і стаўленне да Юрыя Васкрасенскага распавёў колішні кіраўнік руін-бара ОК16, экс-палітвязень Лявон Халатран у чарговым выпуску нашага ютуб-канала «ТОК».
![Лявон Халатран Лонид Халатран Lyavon Khalatran](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/-hse3a.jpg.webp)
Пра знаёмства з Віктарам Бабарыкам
Вядома, што руін-бар ОК16 — праект Белгазпрамбанка. Гэта была асабістая ініцыятыва Віктара Бабарыкі. Ён курыраваў гэты праект.
Лявон Халатран адзначае, што не быў блізка знаёмы з Віктарам Бабарыкам, але падкрэслівае:
«Тое, як ён ставіўся да культурнага жыцця, мне падабалася. Было відавочна, што мэты яго мецэнацтва вельмі беларускацэнтрычныя. Гэта і вяртанне карцін ураджэнцаў Беларусі, і праект ОК16, «АРТ Карпарэйшын», фонд «Шанс».
Лявон згадвае, што не мог уявіць, што Бабарыка будзе балатавацца ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. «Калі ён пра гэта абвясціў, для мяне гэта быў сюрпрыз. Хаця я ўпэўнены, што Маша Калеснікава пра гэта ведала раней, чым усе астатнія. Таму што я бачыў напярэдадні яе ўзбуджаны стан, але не зразумеў, што адбываецца.
Спачатку з'явілася інфармацыя пра Цапкалу. Усе, у тым ліку і я, падумалі, што гэта спойлер. Усім проста смешна. А потым я ўбачыў пост Віктара Дзмітрыевіча. Я памятаю, я проста сядзеў у бары ля барнай стойкі. Побач са мной быў сябар. Мы пілі каву, размаўлялі. Быў каранцін, і ў нас было вельмі мала работы.
Я памятаю сваю першую думку, калі ўбачыў пост: «Усё. ОК16 п****ц», — згадвае Халатран.
Праз некалькі хвілін Лявону пазваніла Марыя Калеснікава і прапанавала далучыцца да працы ў штабе.
Халатран згадвае, што Марыя Калеснікава пачынала працаваць у ОК16 з культурнымі праектамі з Германіяй. Яна стварыла своеасаблівы «культурны мост» паміж дзвюма краінамі. Вазіла дзеячаў культуры з Германіі ў Беларусь.
«З самага пачатку ў ОК16 у нас з ёю былі сяброўскія адносіны. У пэўны момант Машы прапанавалі ўзначаліць некамерцыйную арганізацыю, якая ўваходзіла ў склад ОК16 і займалася культурнымі праектамі. Папярэдняя кіраўніца не вельмі з гэтым спраўлялася. Гэтая дзяўчынка сышла і неабходна было знайсці кіраўніка. Нехта прапанаваў звярнуцца да Машы. У мяне спачатку быў скепсіс, бо яна жыла ў Германіі. Ёй прапанавалі. Яна агучыла свае ўмовы. Потым спыталі ў Віктара Дзмітрыевіча. Ён таксама быў не супраць.
Яна прыехала. Яны сустрэліся. У іх адбыўся мэтч культурны. Таму што вельмі шмат пыталіся: «А можа, у іх там нешта ёсць? Можа, яны муцяць».
Лявон згадвае, што з прыходам Марыі Калеснікавай усё стала вельмі хутка мяняцца. Адзначае, што яна як менеджар «вельмі хваткая, дакладная, ідзе да мэты планамерна, не баіцца ісці на канфлікт з людзьмі, якія перашкаджаюць гэтай мэце. Яна робіць гэта, не зневажаючы чалавека, а проста строгай пазіцыяй. Яна развіталася з некалькімі людзьмі, якія былі не да месца ў гэтым праекце».
Лявон разглядае ўчынак Марыі Калеснікавай з разрывам пашпарта з розных пазіцый.
«Гэта можа быць нешта тыпу перформансу, нейкага акцыянізму. З мастацкага пункту гледжання, вельмі крута. І як учынак публічнай асобы гэта суперсмела. Але ў любым выпадку, гэта суперпавага з майго боку. Таму што гэта ўчынак чалавека. Яна наўмысна ідзе на вялікую небяспеку, проста страшэнную, ахвяруючы сваім жыццём, гэта дарагога каштуе».
Калеснікава магла б быць прэзідэнтам?
На думку Лявона, Марыя Калеснікава лепш падышла б на пасаду міністра культуры. А на пасадзе прэзідэнта ён бачыў Віктара Бабарыку, бо яму падабаўся яго «эканамічны бэкграўнд» і яму больш імпануе, калі кіраўніком зʼяўляецца чалавек, які «сістэмна разумее, як гэта ўсё працуе, мае веды, досвед кіравання вялікімі структурамі». Ён удакладняе:
«Калі чалавек без такога досведу трапляе да руля такой вялікай арганізацыі, як краіна, то яму спатрэбіцца час, каб нейкія веды атрымаць. А час ідзе. Таму мне здавалася, што найбольш адпаведным быў Віктар Дзмітрыевіч. Але калі выбіраць паміж Марыяй Калеснікавай і Аляксандрам Лукашэнкам, то, зразумела, Марыя Калеснікава».
Лявон Халатран адзначыў, што аддаў бы свой голас за Марыю Калеснікаву, калі б быў выбар паміж ёю і Святланай Ціханоўскай ці Сяргеем Ціханоўскім.
Стаўленне да Васкрасенскага
Халатран адзначае, што не памятае, калі Юрый Васкрасенскі зʼявіўся ў штабе: «Я пра яго даведаўся, калі ўжо сядзеў. Там проста была вялікая маса людзей. Я ніколі яго ў жыцці не бачыў. Ён адносіўся да тых людзей, якія «працуюць у полі».
Лявон заўважае, што прыкладна ўяўляе, што магло прымусіць Васкрасенскага так сябе цяпер паводзіць, але гэта не азначае, што ён яго паважае:
«Мне яго вельмі шкада, як і Пратасевіча. Я ім не зайздрошчу. Але гэта не азначае, што я буду да іх добра ставіцца. Я бачу іншы ўчынак Марыі Калеснікавай. Жанчына, прабачце, парвала пашпарт і села ў турму. У нашым патрыярхальным свеце гэта нешта значыць. Яна зрабіла мужны ўчынак».
Дзень выбараў і пасля
Па ўспамінах Лявона, з ранку 9 жніўня ішла арганізацыя зоны для СМІ. Затым супрацоўнікі штаба спрабавалі ва ўмовах адсутнасці інтэрнэту атрымліваць нейкую інфармацыю.
«Мы не разумелі, што рабіць. Тыпу, вакол ходзяць натоўпы людзей, страляюць. Нешта адбываецца, а мы сядзім у офісе. Не разумеем, што будзе. Зараз уварвуцца мянты ці зараз пераможа рэвалюцыя».
Ноч 9 жніўня, як згадвае Халатран, валанцёры штаба Бабарыкі спалі на падлозе ў офісе. Ранкам схадзілі да Лявона дахаты паесці і вярнуліся. Увесь дзень 10 чысла правялі ў офісе, спрабуючы апрацоўваць пратаколы, якія да іх даходзілі.
«Я спрабаваў наладзіць працу 15 чалавек, якія прыйшлі як валанцёры. Неабходна было падключыць іх да інтэрнэту, распавесці, як усталяваць VPN. Так праляцела 10-е чысло. Нас экстранна сабралі ў офісе. Абвясцілі, што мы засталіся адны. Да гэтага быў жаночы трыумвірат. Ціханоўская і Цапкала зʼехалі. Вырашана, што працуем далей і робім што можам».
Праз некаторы час, як згадвае Халатран, было паведамлена, што неабходна тэрмінова пакінуць офіс, могуць прыехаць іх затрымліваць. І ўсе разбегліся.
«Я пайшоў з дзвюма сяброўкамі да сябе дадому. У ноч з 10 на 11 я сазвоньваўся, даведваўся, што дзе адбываецца. Ранкам мы спакойна ўсталі. Памятаю, я яшчэ з сяброўкай сазваніўся і мы абмяркоўвалі, што, хіба канец, усё прайграна. Мы выйшлі з дому. У мяне ў адной руцэ быў тэлефон, а ў другой пакет са смеццем. І тут рэзка спыняецца машына і з яе выскокваюць мянты з пісталетамі. Я думаю: «Ну вось яно і адбылося».
Лявон падкрэслівае, што прыехалі менавіта за ім. Яго сябровак узялі за кампанію. Ён лічыў, што будзе адміністрацыйнае пакаранне. І што пасля, як звычайна, усё супакоіцца, як гэта бывала пасля папярэдніх выбараў:
«Я зноў пачну займацца сваімі барамі. Ну і хрэн з ім. Затое мы паспрабавалі. Весела было».
Глядзіце цалкам:
-
Метрабудаўнікі паказалі, як будуць выглядаць новыя станцыі метро на ўчастку ад «Пярэспы» да станцыі «Парк Дружбы народаў»
-
Алексін і Тапузідзіс скончылі вайну за тытунёвы рынак Беларусі. Абодва прайгралі. А вось хто, здаецца, перамог
-
Палітвязня Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Каментары
"Было відавочна, што мэты яго мецэнацтва"
для таго, хто сабраўся ў прэзідэнты амерыканскага абразца, гэта проста... як гэта называецца? дадатковыя баллы і слюні ад элехтарату