Пачаўся суд над былым кіраўніком Белінвестбанка. Банкіры расказалі, на чым пракалоўся Брышцелеў
Судзяць двух банкіраў і бізнэсмена. У чым быў сэнс схемы?
У красавіку 2022 года «Наша Ніва» паведамляла аб затрыманні старшыні праўлення дзяржаўнага «Белінвестбанка» Андрэя Брышцелева.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_04/brishtelev128129-namam.jpg.webp)
Чытайце таксама: Па абвінавачванні ў атрыманні хабару затрыманы кіраўнік Белінвестбанка Андрэй Брышцелеў
Праз паўтара года яго пачалі судзіць. Працэс ідзе ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачванне — атрыманне хабару (максімальнае пакаранне — 15 гадоў) і злоўжыванне ўладай (да 6 гадоў зняволення).
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/2023-12-0523531pm-kar7j.jpg.webp)
Разам з былым кіраўніком банка судзяць таксама Андрэя Раманенку — выканаўчага дырэктара «Белінвестбанка», які курыраваў карпаратыўныя фінансы і, па інфармацыі нашых суразмоўцаў, узначальваў крэдытны камітэт банка.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/ramanenka-wpow7.jpg.webp)
Крэдытны камітэт — гэта рада з некалькіх (да 10, як правіла) чалавек, якія калегіяльна прымаюць рашэнні аб мэтазгоднасці выдачы крэдыта той ці іншай арганізацыі.
Разумеючы сферы адказнасці фігурантаў, а таксама наяўнасць трэцяга абвінавачанага — камерсанта Ігара Піскунова, які праходзіць па артыкуле «Дача хабара», — становяцца ясныя абрысы справы.
Дэталямі іх дапаўняюць суразмоўцы «Нашай Нівы» у банкаўскім сектары.
«Брышцелеў пракалоўся толькі ў тым моманце, што ўзялі яго з палічным. Было б іначай — нічога б даказаць не ўдалося, таму што справа крэдытавання вельмі тонкая.
Прычына справы Брышцелева — жаданне камерсанта атрымаць крэдыт, які ён не павінен быў атрымліваць згодна з банкаўскімі пратаколамі.
Чаму не павінен? Напрыклад, у арганізацыі кепскі фінансавы стан, або фінансавы стан добры, але яна патрабуе завялікую для яе суму, або ў кампаніі патэнцыйна небяспечныя заклады. У такім разе банк ніколі не будзе браць на сябе неабгрунтаваныя рызыкі. Выдачу крэдыта пры наяўнасці нейкіх з гэтых фактараў проста не ўзгодняць.
У такіх выпадках бізнэсмены могуць шукаць выхады на людзей з паўнамоцтвамі, каб націснуць на крэдытны камітэт. Так адбылося з Брышцелевым і Раманенкам.
Брышцелеў можа націснуць на Раманенку, а Раманенка — на крэдытны камітэт. Гэта ў прынцыпе кепская гісторыя, калі ад начальніка крэдытнага камітэта залежаць працоўныя кантракты іншых удзельнікаў. У прыватных банках, як правіла, такое не практыкуецца.
Лічыцца, што так рашэнні ў дзяржаўных банках часам прымаюцца, але не пашанцавала менавіта Брышцелеву, які падставіўся з палічным. У іншых выпадках даказаць намер і ціск вельмі складана, таму што рашэнне калегіяльнае і адказнасць размытая».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Метрабудаўнікі паказалі, як будуць выглядаць новыя станцыі метро на ўчастку ад «Пярэспы» да станцыі «Парк Дружбы народаў»
-
Алексін і Тапузідзіс скончылі вайну за тытунёвы рынак Беларусі. Абодва прайгралі. А вось хто, здаецца, перамог
-
Палітвязня Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Каментары