«Я ўпершыню сутыкнулася з такой сурʼёзнай траўмай». Сабаленка можа зняцца з Уімблдона
Трэцяя ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка распавяла пра траўму пляча, з-за якой яна можа зняцца з Уімблдона, які стартуе 1 ліпеня.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_06/33-a0hg6.jpg.webp)
«Я называю гэта проста траўмай пляча — але гэта праблема з вялікай круглай цягліцай. Гэта вельмі рэдкая і спецыфічная траўма. Я вельмі засмучаная», — кажа Сабаленка.
Паводле яе слоў, цяпер у яе вялікія праблемы з падачай — яна адчувае моцны боль.
«Мы праходзілі МРТ, рабілі ўсё — шмат лячыліся і аднаўляліся. Я ўпершыню ў карʼеры сутыкнулася з такой сурʼёзнай траўмай і зараз праходжу шмат праз што. Апошні месяц атрымаўся для мяне вельмі цяжкім. Гэтулькі розных праблем са здароўем. Вельмі нялёгка захоўваць пазітыў, пры гэтым усведамляючы, што адбываецца ў рэальнасці. Але як чалавек, які апошнія месяцы змагаецца з рознымі відамі болю, я не губляю надзею», — сказала яна.
Раней у Берліне Сабаленка ўпершыню ў карʼеры не дайграла матч, зняўшыся падчас гульні.
Каментары