Каманда Нехта запусціла сайт, пераважна разлічаны на расійскую аўдыторыю?
Рэдакцыя NEXTA паведаміла, што запускае свой сайт. «На ім будзе шмат эксклюзіўнага кантэнту, прафесійнай аналітыкі і вострай публіцыстыкі», — завабліваюць чытачоў у анонсе. Праўда, пры пераходзе на сайт выяўляецца, што там пакуль няма месца беларускім навінам. Гэта мэтанакіраваная палітыка?
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_03/photo_2024-03-04_19-52-572-54og8.jpg.webp)
У сайта дзве версіі — рускамоўная і англамоўная. Большасць навінаў прысвечаныя таму, што адбываецца ў свеце, з упорам на падзеі ва Украіне і Расіі, а сярод абазначаных рубрык значыцца больш шырокая «Постсавецкая прастора».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/screenshot2024-03-05at111956-owtnj.png.webp)
Мы спыталі заснавальніка Нехта Сцяпана Пуцілу, з чым звязаная такая выбарка.
«Сайт функцыянуе ў эксперыментальным рэжыме. Насамрэч, ён накіраваны перадусім на англамоўную аўдыторыю. Пры заходзе з Расіі і Беларусі з'яўляецца шыльда пра неабходнасць карыстацца VPN. Навіны пра Беларусь і па-беларуску таксама плануюцца: пакуль што гэта адзіны сярод беларускіх медыя сайт, які функцыянуе цалкам без донарскай падтрымкі, таму спачатку мы выводзім яго на манетызацыю за кошт пераважна замежнай аўдыторыі, а пасля пашыраем аўдыторыю і адкрываем у тым ліку беларускую версію», — пракаментаваў Пуціла.
Ён дадае, што канал з беларускімі навінамі таксама ёсць — гэта Нехта Плюс на ютубе.
Каментары