Меркаванні2828

Аляксандр Мілінкевіч: Знішчаць інстытут лідара Ціханоўскай было б поўным палітычным інфантылізмам

Вядомы палітык, асноўны канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах далёкага 2006 года даў вялікае інтэрв'ю выданню «Зеркало», у якім выказаўся сярод іншага пра Святлану Ціханоўскую як лідара, пытанне яе легітымнасці, чаканняў і рэальных магчымасцяў, праблемы аб'яднання і адказнасці.

Аляксандр Мілінкевіч са Святланай Ціханоўскай. Восень 2020 года. Фота з асабістага архіва

— Вы былі адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Святлана Ціханоўская — фактычна таксама. Як вы да яе ставіцеся? Адчуваеце нешта агульнае?

— Шчыра скажу: гэта проста Божы дар, што ў нас сёння ёсць рэальны і легітымны лідар дэмакратычнай апазіцыі. Яна не была палітыкам, а стала добрым палітыкам. Яе стваралі людзі, і яна сама сябе стварала. Вельмі важна яе не страціць.

Некаторым здаецца: а чым я горш? Я і такі, і сякі, а яе лёс проста так склаўся.

Святлана стала лідарам у значнай ступені дзякуючы таму, што яна такая, як большасць, яна з народа, таму і мае падтрымку па гэты дзень. Вось улада не такая, як мы, яна адарваная ад нас, паміж намі бездань.

Мне падабаецца, што яна вельмі шчыры чалавек. Я ёй веру, нават калі не згаджаюся з ёй.

Дарэчы, Лех Валенса таксама не быў палітыкам, быў лідарам з народа. І ён казаў: я вышэйшай адукацыі не маю, але вакол мяне так шмат прафесараў, я вучуся і вучуся. Ён сапраўды прайшоў свае ўніверсітэты, калі ўжо быў лідарам знакамітай «Салідарнасці».

Ціханоўская — прадстаўніца большасці беларусаў, якія хацелі свабоды і справядлівасці. Прытым легальна абраная. Мы павінны гэта шанаваць.

Некаторыя кажуць, маўляў, выбары былі несапраўдныя, а чаму вы кажаце, што яна сапраўдная? Усё роўна, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Важна, што абсалютная большасць беларусаў разумее: яна іх выйграла.

Легітымнасць яе не ў тым, што бюлетэні правільна ці няправільна палічылі, а ў тым, што ў думках людзей яна — легітымны пераможца.

Доўгі час і ў Лукашэнкі была легітымнасць у вачах Захаду, нягледзячы на несправядлівыя і недэмакратычныя выбары, таму што большасць у пэўны час яго падтрымлівала.

— Аднак цяпер вельмі шмат крытыкі ў дачыненні да кабінета. Што сітуацыя ў краіне толькі пагаршаецца, палітвязняў становіцца больш і больш, санкцыі не працуюць…

— Называецца «Зрабіце мне прыгожа». Чаму не вызваліла палітвязняў, чаму казала, што будуць новыя выбары, а не павяла светлым шляхам да дабрабыту?

У мяне велізарны досвед, і я ўпэўнены, што яна робіць нават больш, чым можа, з людзьмі, якіх запрасіла ёй дапамагаць. Яна — легітымны прадстаўнік, прэзідэнт-элект у вачах лідараў цывілізаванага свету і большасці беларусаў. Таму і сустракаюцца з ёй прэзідэнты і прэм'еры.

І калі адхіліць Святлану Ціханоўскую, то хто прызначыць пераемніка? Такія паўнамоцтвы ёсць толькі ў выбаршчыкаў. Значыць, трэба дачакацца выбараў, якія будуць прызнаныя сусветнай супольнасцю.

А знішчаць інстытут лідара Ціханоўскай было б поўным палітычным інфантылізмам. У іншых краінах на беларусаў бы махнулі рукой і сказалі: «яны не ўмеюць шанаваць тое, што самі стварылі». Таму я заклікаю людзей да адказнасці.

Гістарычна мы не заўсёды ўмелі аб'ядноўвацца. Цяпер нам трэба гэта зрабіць як ніколі. Так, даваць парады, крытыкаваць — можна і трэба. Але не знішчаць.

Яшчэ раз скажу: мы павінны быць дальнабачнымі і адказнымі. Вось нашы суседзі палякі, якія правялі добрыя рэформы, пабудавалі эфектыўную дзяржаву (са сваімі праблемамі, вядома). Яны не пыталіся: «Чаму Валэнса, электрык, будзе кіраваць намі, а мы ўсе такія адукаваныя, разумныя, вопытныя і такі шлях прайшлі?» Такіх пытанняў не было ў Польшчы.

Усе лідары разумелі: раз ён стаў народным выбраннікам, то трэба яго падтрымаць, стаць побач і дапамагаць. Палякі аказаліся мудрымі і прайшлі гэты шлях. Валэнса стаў прэзідэнтам, а потым прайграў выбары. Але ніхто ж не сумняваецца, што ён быў гістарычным чалавекам у Польшчы.

— Няўменне аб'ядноўвацца — гэта нейкая наша нацыянальная рыса?

— Не. Проста няспеласць, неспрактыкаванасць, амбіцыі. І яшчэ ёсць такая штука, што гэта дыктатары класна аб'ядноўваюцца, а дэмакраты — не вельмі. Гэта адна з самых вялікіх праблем. У беларускай гісторыі выпадкаў гэтага аб'яднання было няшмат.

— Скандалы ў сённяшніх дэмакратычных сілах (з Зарэцкай, пашпартам Сахашчыка і ЧКБ) падобныя на скандалы «старой» апазіцыі?

— Скандалы, вядома, заўсёды былі і будуць. І будуць памылкі ў тых, хто працуе. Некаторыя скандалы раздуваюцца на пустым месцы. Незалежныя беларускія журналісты таксама павінны быць максімальна прафесійнымі і не спакушацца дробязнымі гісторыямі, якія не заслугоўваюць вялікай увагі. Часам скандальная апазіцыйная хроніка ў медыя стварае шкоднае ўражанне, што палітыка — «заўсёды брудная справа». А гэта няпраўда.

Каментары28

  • Мор
    11.01.2023
    Ну так тое што зянонаўцы iнфантылы - не навiна
  • Анегдот
    11.01.2023
    Канкурэнт? Не смяшыце!
  • Valadzimir
    11.01.2023
    На маю думку, поўны палітычны інфантылізм - гэта існаваньне "інстытута" "лідара" Ціханоўскай. Што да "няўменьня" аб'ядноўвацца, то "дэмакратыя" (гы-гы) тут ні пры чым.  Гэта якраз важнейшая, глыбінная рыса менталітэту беларусаў, якая дасталася ім у спадчыну ад іхных продкаў літвінаў. Бо ўжо тады, у часы ВКЛ, пасьля сьмерці Вітаўта, адбыўся жорсткі "гарачы" унутрыэлітны раскол паміж каталікамі-"заходнікамі" і праваслаўнымі-"усходнікамі". І ён паступова, за некалькі стагоддзяў (не без дапамогі Каталіцкага Касьцёла і Праваслаўнай Царквы), у выглядзе "цывілізацыйнага разлома", уцягнуў, як зараз бачна, і ўсё грамадзтва.

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі36

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак папярэдзіў пра паглыбленыя праверкі для тых, хто выязджае з краіны5

Лукашэнкаўскім спарынг-партнёрам ЦВК падарыла гарбату з малінавым варэннем12

ІТ-кампаніі ўпершыню за тры гады нанялі больш спецыялістаў, чым звольнілі

Трамп паабяцаў знішчыць Іран у выпадку замаху на сябе3

У цэнтры Рыгі з'явіўся помнік шэраму кату з мультфільма, што прэтэндуе на «Оскар»3

Чыноўнікі рэкамендуюць бізнэсу скараціць колькасць надпісаў на замежных мовах на шыльдах22

«У ГУЛАГу ўвогуле не было рахункаў за ацяпленне». У сеціве спрачаюцца пра ролік, дзе паляк хваліць танную беларускую камуналку8

У Мінску запрацаваў першы паштамат СДЭК3

У Бабруйску здаюць элітную кватэру, дзе ўнітаз знаходзіцца на кухні — кажуць, рамантычна12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі36

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць