Меркаванні3131

«Змяншэнне падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне — гэта ў тым ліку і цана, якая плаціцца за палітычныя амбіцыі некаторых людзей»

Былы добраахвотнік з палка Каліноўскага Аляксандр Клачко, які ўжо некалькі месяцаў жыве ў Вільні, учора ў каментары «Нашай Ніве» панаракаў, што вайна для беларусаў цяпер быццам на Марсе, а добраахвотнікі сталі для грамадства міфічнымі героямі. І ўвогуле падтрымка каліноўцаў з боку беларускай супольнасці яўна не такая актыўная ў параўнанні з ранейшай. На гэтую публікацыю адрэагаваў у фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч, паглядзеўшы на праблему з іншай званіцы.

Намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падводзіць вынікі палітычнай дзейнасці палка. 28 кастрычніка 2023 года. Скрыншот з відэа

Прачытаў інтэрв'ю з ужо былым беларускім добраахвотнікам ва Украіне Аляксандрам Клачко, у якім ён наракае, што «падтрымка беларускіх ваяроў ужо не такая, як раней». Ён сам гэта пабачыў, калі з-за стану здароўя мусіў звольніцца з войска і, пераехаўшы ў адну з краін Еўрасаюза, уліўся ў эмігранцкія асяродкі.

Несумненна, што так яно сапраўды ёсць, і галоўная прычына гэтаму — самім Аляксандрам адзначаная стомленасць ад вайны, ці, дакладней, прызвычаенасць да яе.

Натуральная з'ява — чалавек не можа быць пастаянна ў стане напружанасці, калі нешта працягваецца надта доўгі час, то яно ўжо не выклікае асабліва моцных эмоцый (за якімі ідуць і дзеянні), а робіцца толькі фонам.

І каб пастаянна трымаць людзей у тонусе — патрэбныя рэгулярныя нейкія ўскалыхванні, і не на пустым месцы. Што не заўсёды бывае, асабліва ва ўмовах пазіцыйнай вайны. Прыкра, вядома, але супраць чалавечай прыроды не папрэш.

Ёсць, аднак, і другая прычына, пра якую Аляксандр Клачко змаўчаў, не ведаю, ці свядома. А яна вельмі важная і, у адрозненне ад першай, больш суб'ектыўная, чым аб'ектыўная.

Ад самага пачатку, калі беларускія падраздзяленні ва ўкраінскім войску толькі пачалі стварацца, яны выклікалі энтузіязм і былі сапраўды аб'яднаўчым фактарам для пераважнай большасці антылукашэнкаўскіх беларусаў. Але гэта пачало размывацца адразу пасля таго, як кіраўніцтва Палка Каліноўскага заявіла пра свае палітычныя амбіцыі, стала пазіцыянаваць сябе як палітычную сілу, якая не толькі свядома і прынцыпова не ідзе на супрацоўніцтва з іншымі ўплывовымі цэнтрамі, вакол якіх гуртаваліся апазіцыйныя рэжыму Лукашэнкі беларусы, але нават ім выразна супрацьпастаўляецца.

Не бяруся меркаваць, рабілі гэта каліноўцы па ўласнай ініцыятыве ці проста праводзілі лінію, накрэсленую тады адносна супрацоўніцтва з беларускім дэмакратычным рухам афіцыйным Кіевам (кіеўская лінія, на мой асабісты погляд, была памылковая). Але факт тое, што адмова каліноўцаў ад панадпартыйнасці на карысць уласнай палітычнай гульні не магла не паўплываць на іх пазіцыі ў беларускім грамадстве.

Бескампрамісна ведучы чыста палітычную барацьбу, ты, вядома, больш моцна гуртуеш вакол сябе перакананых прыхільнікаў уласных поглядаў. Але ў той жа час насцярожваеш прыхільнікаў менш перакананых, а людзей з іншым светабачаннем увогуле адштурхоўваеш.

Найбольш ідэальная сітуацыя ў нашых умовах была б такая, каб беларус не мусіў рабіць выбару, за каго ён — за Полк Каліноўскага ці за Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет або іншыя цывільныя структуры арганізацыі беларускага жыцця за мяжой. Каб гэта былі спалучаныя сасуды.

Але, на жаль, палітычная актыўнасць кіраўніцтва Палка да менавіта такога выбару часта падштурхоўвала, тым больш што ў ягоных палітгульнях у якасці саюзніка сярод іншага выкарыстоўваліся і апазіцыйныя структуры з маргінальнымі ўплывамі, вядомыя сваёй выключна неканструктыўнай ды раскольніцкай пазіцыяй.

Нярэдка даходзіла і да поўнага абсурду, як, напрыклад, колішняя адмова прыняць данаты, сабраныя беларусамі для патрэбаў Палка Каліноўскага праз «Байсол», і наступныя звязаныя з гэтым разборкі.

Не ўнікаючы нават, хто там меў рацыю, а хто не меў, самі такія ўчынкі, скажам так, не матывуюць простых ахвярадаўцаў працягваць сваю дзейнасць. Хоць бы таму, што наводзяць на думку: калі яны могуць адмаўляцца ад падтрымкі, зробленай «не тымі», то можа не такая ўжо і вострая ў ёй патрэба?

Таму, думаю, справядліва адзначанае Аляксандрам Клачко змяншэнне і матэрыяльнай, і нават у нейкай ступені маральнай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне — гэта ў тым ліку і цана, якая плаціцца за палітычныя амбіцыі некаторых людзей.

Ну і розныя ўнутраныя разборкі з пастаяннымі скандаламі на не зусім прывабнай глебе таксама сваю лепту, вядома, уносяць. Што зробіш, жыццё такое. Ёсць над чым працаваць усім.

Каментары31

  • Жвір
    08.02.2024
    Клачко прама цяпер у эфіры Белсата. Дэманструе відавочныя палітычныя амбіцыі. І гэта добра.
  • Вадзім
    08.02.2024
    Расклаў па палічках умеючы
  • Назіральнік'94
    08.02.2024
    Пашкевічавы разважанні таксама ніяк не назавеш па-над партыйнымі і не маргінальнымі.

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне9

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне

Усе навіны →
Усе навіны

Канал у Аргенціне афарбаваўся ў трывожна-чырвоны колер ФОТАФАКТ3

У Бруселі чацверты раз за тыдзень адбылася страляніна, ёсць загінулы1

Паводле новага закона, небяспечным сабакам можа быць прызнаны нават шпіц12

Германія падазрае Расію ў шэрагу дыверсій з аўто па ўсёй краіне8

У Мінску проста на дарозе загарэўся трактар з прычэпам2

Аляксандр Лукашук: Аднойчы мяне прадставілі ў эфіры: «На сувязі з намі Аляксандр Лукашэнка». Мая мама плакала10

Паўлу Вабішчэвічу, якога абвінавацілі нібыта ў спробе падрыву пасажырскага цягніка, далі 23 гады калоніі3

EPAM і Wargaming заплацілі самыя вялікія падаткі сярод усіх літоўскіх IT-кампаній10

Спецпрадстаўнік ЗША: Санкцыі супраць Расіі працуюць «на 3 балы з 10», іх можна ўзмацніць14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне9

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць