Некалькі месцаў таму ў розных гарадах Германіі выхлапныя трубы сотняў аўто былі залітыя мантажнай пенай. Дзеяннямі, якія нагадвалі работу радыкальных кліматычных актывістаў, кіравалі куратары з Расіі.
Нямецкае выданне Der Spiegel піша пра расследаванне выпадкаў масавага пашкоджання аўтамабіляў, якія адбыліся ў розных гарадах Германіі ў канцы мінулага года.
Толькі за адну ноч 11 снежня 2024 года ў Шонефельдзе (федэральная зямля Брандэнбург) з дапамогай мантажнай пены, якой залілі выхлапныя трубы, было пашкоджана 43 аўтамабілі. На лабавым і заднім шкле кожнага аўто была наклейка з лозунгам «Будзь зелянейшым» (Sei grüner!) побач з фота міністра эканомікі краіны Роберта Хабека, які прадстаўляе партыю «Саюз 90/Зялёныя».
«Кліматычныя радыкалы атакуюць аўтамабілі будаўнічай пенай», — напісала тады выданне Bild, а ў Facebook расла хваля грамадскага абурэння «зялёнымі» і Хабекам. Аднак, як піша Der Spiegel, мяркуючы па ўсім, СМІ і грамадскасць наўмысна былі накіраваны па ілжывым следзе. Па інфармацыі выдання, след сабатажнікаў вядзе не да кліматычных актывістаў, а ў Маскву.
Па звестках органаў бяспекі, за серыяй дыверсійных нападаў стаялі расійскія заказчыкі. Па ўсёй Германіі — у сталіцы, а таксама федэральных землях Брандэнбург, Баварыя і Бадэн-Вюртэмберг былі пашкоджаны больш за 270 транспартных сродкаў.
Абурэнне з нагоды нібыта злачынных дзеянняў прадстаўнікоў «зялёных», як выглядае, было запланаваным. Паводле крыніц у структурах бяспекі, гэта частка мэтанакіраванай кампаніі, скіраванай на распальванне нянавісці да партыі «Саюз 90/Зялёныя» і яе кандыдата ў канцлеры Роберта Хабека падчас перадвыбарчай барацьбы ў бундэстаг, а таксама на паглыбленне расколу ў грамадстве.
Deutschlandweite Sabotageserie offenbar von Russland gesteuert:
Auspuffrohre Hunderter Autos verklebten sie mit Bauschaum, Scheiben mit Habeck-Stickern: Was wie das Werk von Klimaaktivisten aussah, soll auf das Konto Moskaus gehen. @derspiegel https://t.co/qnBDUceLJw
«Аднаразовыя агенты»
Па інфармацыі Der Spiegel, у дыверсіях, здзейсненых у Шонефельдзе, падазраюцца трое маладых людзей, якія былі спецыяльна завербаваныя і павінны былі па ўсёй краіне пашкодзіць аўтамабілі — пажадана нямецкай вытворчасці — з дапамогай мантажнай пены і пакінуць на месцах злачынстваў наклейкі партыі зялёных. Узамен яны, як паведамляецца, атрымалі некалькі тысяч еўра.
Як адзначае выданне, замест таго каб выкарыстоўваць прафесійна падрыхтаваных шпіёнаў, расійскія спецслужбы ўсё часцей прыцягваюць да сваіх аперацый аматараў — пераважна маладых людзей з крымінальнага асяроддзя. За грошы яны павінны выконваць сакрэтныя заданні ў Еўропе — ад нанясення прапагандысцкіх графіці да сабатажу. Эксперты па бяспецы называюць гэтую з'яву «агентамі нізкага ўзроўню» (low level agents).
Для Масквы выкарыстанне наёмных выканаўцаў мае пэўныя перавагі: калі іх выкрыюць, страты будуць значна меншымі, чым у выпадку арышту прафесійных агентаў. Таму спецыялісты называюць іх таксама «аднаразовымі агентамі».
Паводле даных спецслужбаў, часцей за ўсё на такія заданні набіраюць маладых рускамоўных мужчын, якія прыхільна ставяцца да палітыкі Масквы. Як адзначаецца ў паведамленні нямецкага Федэральнага ведамства па ахове Канстытуцыі, вярбоўка такіх людзей адбываецца праз сацыяльныя сеткі і месенджары.
100 еўра за аўто
Затрымаць вінаватых у масавым нанясенні шкоды аўтамабілям у Шонефельдзе дапамог выпадак. У ноч здзяйснення злачынства паліцыя спыніла падазроны фургон Opel з рэгістрацыйнымі знакамі горада Ульм (зямля Бадэн-Вюртэмберг). У ім знаходзілася трое маладых людзей 20, 17 і 18 гадоў. Яны мелі пасведчанні асобы, выдадзеныя Германіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцагавінай.
Паліцыя не знайшла пры іх інструментаў для ўзлому, толькі матэрыялы для будаўнічых работ, у тым ліку некалькі балончыкаў з мантажнай пенай, якая выкарыстоўваецца для ўшчыльнення аконных рам. Пасля праверкі асабістых звестак усім траім дазволілі ехаць далей.
Здавалася б, ілжывая трывога. Але калі ранкам сталі паступаць заявы ўладальнікаў аўто, паліцыя праінфармавала сваіх калег у Бадэн-Вюртэнбергу і перадала асабістыя звесткі маладых людзей. 13 снежня ва ўсіх траіх былі праведзены ператрусы, канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і прылады захоўвання даных, а таксама некалькі балончыкаў з будаўнічай пенай.
Паводле звестак выдання, адзін з трох падазраваных ужо даў паказанні следчым. Па словах маладога чалавека, з імі праз месенджар Viber звязаўся расіянін, які даў падрабязныя інструкцыі па арганізацыі дыверсій.
Для пацвярджэння выканання задання ім трэба было дасылаць фотаздымкі пашкоджаных аўтамабіляў, а за кожнае аўто было паабяцана ўзнагароджанне ў 100 еўра. Частка грошай, некалькі тысяч еўра, ужо была перададзена падазраваным наяўнымі, у канверце. Акрамя таго, заказчык запэўніў іх, што ў выпадку затрымання і пакарання ён пакрые ўсе выдаткі.
Паводле заявы пракуратуры Ульма, якая займаецца часткай выпадкаў, следства вядзецца ў дачыненні да чатырох падазраваных па справе сумеснага пашкоджання маёмасці.
Толькі ў раёне Ульма было пашкоджана 123 аўтамабілі, а агульная сума шкоды ацэньваецца прыкладна ў 6000 еўра. Ніякай дадатковай інфармацыі адносна матываў злачынства не паведамляецца. Расследаванне працягваецца.
Пакуль арыштаў не было. Па інфармацыі Der Spiegel, двое абвінавачаных тым часам пакінулі Германію.
Каментары