Пад Добрушам дырэктарка аграпрадпрыемства два месяцы збівала галоўную бухгалтарку
Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў суд Добрушскага раёна крымінальную справу ў дачыненні да дырэктаркі аднаго з мясцовых аграрных прадпрыемстваў. Паводле інфармацыі пракуратуры, у студзені-лютым 2024 года 42-гадовая жанчына, якая займалася рознымі махінацыямі, да ўсяго іншага яшчэ і збівала галоўную бухгалтарку свайго прадпрыемства.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/krs_telyata_2_-h5928.jpg.webp)
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, дырэктарка для ўтойвання падзяжу 384 галоў буйной рагатай жывёлы з кастрычніка 2012 года па сакавік 2024 года давала незаконныя вусныя распараджэнні і інструкцыі брыгадзірам малочна-таварных фермаў, каб яны падраблялі дакументы.
Падначаленыя рэгулярна складалі і ўносілі хлуслівыя звесткі і запісы ў штомесячныя справаздачы пра колькасць падзяжу. Пасля яны перадавалі дакументы ў бухгалтэрыю прадпрыемства.
Супрацоўнікаў прадпрыемства абвінавацілі ў службовым падробцы (ч. 1 арт. 427 КК Беларусі). Максімальнае пакаранне за гэта — пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
А ў студзені і лютым 2024 года дырэктар не менш за чатыры разы ўдарыла галоўную бухгалтарку па розных частках цела, аргументуючы гэта неналежным выкананнем гэтым супрацоўнікам службовых абавязкаў, сцвярджаюць у пракуратуры.
«Сваімі дзеяннямі яна прычыніла пацярпелай фізічны боль і пабоі», — дадалі там.
У выніку жанчыну абвінавацілі паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, а таксама спалучаных з гвалтам) Крымінальнага кодэкса.
Каментары