У Белым доме заявілі, што дапамога ЗША дазволіць Украіне пачаць новы контрнаступ у 2025 годзе
Але далейшая дапамога Украіне можа аказацца пад пагрозай, калі ў лістападзе прэзідэнтам ЗША абяруць Дональда Трампа.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/-7443x.jpg.webp)
Ваенная дапамога ЗША ў памеры 61 мільярда долараў, прадастаўленая Украіне, можа дазволіць УСУ правесці новае контрнаступленне ў 2025 годзе, заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, піша «Медуза» са спасылкаю на Financial Times.
Дарадца Джо Байдэна ў найбліжэйшы час чакае «расійскіх поспехаў» на полі бою, паколькі «нельга імгненна пстрыкнуць выключальнікам».
Саліван мяркуе, што ваенная падтрымка ЗША дапаможа Кіеву «трымаць лінію» абароны і «забяспечыць Украіне здольнасць вытрымаць расійскі наступ» на працягу 2024 года. Паводле яго слоў, у 2025 годзе ўкраінскія войскі збіраюцца «прасунуцца наперад, каб адваяваць тэрыторыю, якую расіяне ў іх адабралі».
Любы новы наступ Украіны ў 2025 годзе будзе залежаць ад павелічэння фінансавання з боку кангрэса і адабрэння Белага дома, адзначае Financial Times. Але далейшая дапамога можа аказацца пад пагрозай, калі ў лістападзе прэзідэнтам ЗША абяруць Дональда Трампа.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у красавіку ў інтэрвʼю нямецкай газеце Bild, што ва ўкраінскай арміі ёсць план чарговага контрнаступлення, але ён залежыць ад паставак зброі, у тым ліку з ЗША.
У красавіку 2024 года ЗША пасля паўгода ўзгадненняў выдзелілі Украіне пакет ваеннай дапамогі ў памеры 61 мільярда долараў. Частка ўзбраенняў, у тым ліку артылерыйскія снарады, ужо паступілі ва Украіну. Пры гэтым пастаўкі сістэм Patriot чакаюцца ў чэрвені.
Каментары