На дзяржаўным тэлебачанні хваляцца першым выпадкам раскрыцця японскага агента ў гісторыі Беларусі. Аднак 90 гадоў таму на беларускай станцыі «Негарэлае» з японскімі грамадзянамі ўжо адбылася гісторыя, быццам спісаная са шпіёнскіх раманаў.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_09/-23fiv.jpg.webp)
У час сталінскіх рэпрэсій з канца 1920-х гадоў абвінавачванне ў шпіянажы на карысць буржуазных краін, якімі маладая савецкая краіна была акружана з усіх бакоў, было папулярнай практыкай для палітычнага пераследу шырокіх пластоў насельніцтва. У 1937 годзе НКВД распачаў серыю масавых рэпрэсіўных аперацый супраць нацыянальных меншасцяў, якіх вінавацілі ў шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. Было асуджана больш за 335 тысяч чалавек, з якіх пасля расстраляна больш за 247 тысяч.
Нагодай для падазрэнняў у шпіянажы магло паслужыць што заўгодна. Найперш, вядома, нацыянальная прыналежнасць, пражыванне ў прымежнай зоне, праца ў дыпламатычным прадстаўніцтве, наяўнасць сваякоў за мяжой ці вяртанне ў СССР з-за мяжы. Нават служба на чыгунцы, якая вяла ў варожую краіну, магла стаць падставай для неабгрунтаванага пераследу.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-13-45-wpnre.jpg.webp)
У Беларусі, якую мірны дагавор, падпісаны ў Рызе па выніку савецка-польскай вайны, у 1921 годзе падзяліў на дзве часткі, найчасцей выяўлялі «польскіх шпіёнаў». Радзей судзілі за шпіянаж на карысць Германіі, ва Украіне — на карысць суседняй Румыніі. Вядома, сярод соцень тысяч нявінна асуджаных за шпіянаж часам сапраўды трапляліся агенты замежных дзяржаў, але колькасць іх была мізэрная.
Падчас грамадзянскай вайны Японія ўдзельнічала ў інтэрвенцыі замежных краін у Расію, захапіўшы паўночную частку Сахаліна. У 1932 годзе Японія акупавала Маньчжурыю, што стала прычынай памежных канфліктаў з СССР. Натуральна, што на Далёкім Усходзе савецкія спецслужбы лавілі «японскіх шпіёнаў». Але часам такія трапляліся органам і на захадзе краіны.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/41415798-lj1s1.jpg.webp)
У Музеі пагранічных войскаў Расіі экспануюцца кофры-чамаданы, у якіх, як сцвярджаюць музейшчыкі, спрабавалі нелегальна вывезці японскіх шпіёнак праз беларускую чыгуначную станцыю «Негарэлае». Надзвычайны выпадак адбыўся 90 гадоў таму і пакінуў пасля больш пытанняў, чым адказаў.
Пасля Рыжскага дагавора новая савецка-польская мяжа прайшла за некалькі кіламетраў на захад ад станцыі Негарэлае. З таго часу чыгуначная станцыя атрымала негалосны статус галоўных заходніх «варотаў» Савецкага Саюза ў капіталістычны свет.
Адразу пасля гэтага Польшча ў сціслыя тэрміны правяла на сваім баку перашыўку каляіны са старой шырыні 1520 міліметраў на еўрапейскі 1435-міліметровы стандарт. Змяненне каляіны прывяло да неабходнасці пасажыраў перасаджвацца на памежных станцыях у вагоны савецкага ці еўрапейскага ўзору.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-02-22-pcm09.jpg.webp)
Цягнікі паміж краінамі хадзілі рэдка. Самым папулярным быў транскантынентальны экспрэс «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж». Пасажырам двойчы даводзіліся праходзіць пагранічны і мытны кантроль. З перасадкай у «Негарэлым» у свой час пабывалі найвядомейшыя людзі свайго часу.
У ліку пасажыраў цягнікоў, якія перасякалі граніцу ў «Негарэлым», былі, вядома, і дыпламаты, камандзіраваныя, бізнесмены, эмігранты. З абодвух бакоў савецка-польскую мяжу спрабавалі перасекчы як нелегальна, так і на цалкам законных падставах шпіёны, кантрабандысты і дыверсанты.
У канцы 1935 года на станцыі «Негарэлае» развярнулася сапраўды дэтэктыўная гісторыя з «японскімі шпіёнамі», якую раскапаў беларускі журналіст Сяргей Галоўка. Нягледзячы на блізкі Новы год, станцыя жыла сваім звычайным жыццём. Але дзень 26 снежня быў асаблівым для негарэльскіх пагранічнікаў і мытнікаў, увага якіх была прыкавана да транскантынентальнага экспрэса «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-02-31-3pxle.jpg.webp)
Раніцай у 16-ы Койданаўскі пагранатрад, у падпарадкаванні якога былі сярод іншых і кантрольна-прапускны пункт «Негарэлае», і аднайменная мытня, патэлефанаваў з Масквы адзін з намеснікаў старшыні ГУДБ (былое АДПУ, пасля структурнае падраздзяленне НКВД СССР). Ён перадаў камандзіру атрада інфармацыю аператыўнай распрацоўкі:
«Тыдзень таму ў будынак японскага пасольства ў Маскве ўвайшлі дзве жанчыны і адтуль не вярталіся. Учора цягніком з Масквы выехалі ваенны аташэ японскага пасольства і карэспандэнт японскай газеты, здаецца, «Ніці ніці», у іх два вялікія чамаданы, апрача іншых меншых валізак. Ёсць здагадка, што ўладальнікі гэтых чамаданаў якраз і спрабуюць вывезці ў іх за граніцу згаданых жанчын. Загадваю не дапусціць правозу гэтых жанчын у чамаданах. Але ўлічыце, што калі вы адчыніце чамаданы і жанчын там не будзе, то атрымаеце 5 гадоў, а калі іх правязуць за граніцу, то будзеце пакараны тым жа тэрмінам зняволення».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-02-12-7lju1.jpg.webp)
Праблемай для камандзіра пагранатрада было тое, што дыпламат меў права на бесперашкодны, без мытнага нагляду, правоз свайго багажу, а дакументы ў яго былі аформлены належным чынам — ні да чаго не падкапаешся!
Як прыгадваў пасля ў сваіх вельмі падрабязных успамінах Павел Босы, памочнік па сакрэтна-аператыўнай частцы начальніка атрада, які асабіста кіраваў усёй аперацыяй, да прыезду цягніка заставалася 1 гадзіна і 40 хвілін. Станцыя знаходзілася ад атрада за 10 кіламетраў. Час губляць было нельга, і яны тэрмінова выехалі на пагранічную станцыю.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-04-09-ct92i.jpg.webp)
У дарозе распрацавалі такі план: пасля прыбыцця цягніка на станцыю адчапіць вагон, у якім едуць японскія ваенны аташэ і карэспандэнт, і пад маркай тэхнічнага агляду паставіць яго ў далёкі тупік, дзе загадзя падрыхтаваць тэхнічную брыгаду чыгуначнікаў. Пасля чаго начальнік станцыі ўвойдзе ў купэ да японскага аташэ і абвесціць, што вагон, у якім ён едзе, няспраўны, таму просіць выбачэння і прапаноўвае перайсці ў іншы вагон, для чаго да паслуг пасажыраў прыбудуць насільшчыкі для пераноскі іх багажу.
Адзін з насільшчыкаў, калі будзе несці вялікі чамадан, павінен зваліцца з дзвярной лесвічкі вагона з ім з такім разлікам, каб чамадан стукнуўся аб рэйкі. Калі з гэтага чамадана не будзе зыходзіць ніякіх прыкмет наяўнасці там чалавека, тады другі насільшчык, падыходзячы да перона станцыі, павінен спатыкнуцца з такім разлікам, каб чамадан стукнуўся аб кант перона, які звычайна акружаны рэйкамі.
Нарэшце, калі нішто з гэтага не дасць выніку, насільшчыкі мусяць шавецкім шылам зрабіць праколы ў чамадане.
Да гэтага брутальнага плана людзі з пагранатрада паспелі падрыхтаваць супрацоўнікаў станцыі незадоўга да прыбыцця на яе цягніка. Пасля прыбыцця на станцыю «Негарэлае» цягніка «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж» усё было зроблена ў адпаведнасці з распрацаваным планам, але ён не даў аніякага выніку. Аташэ, як успамінаў Босы, прыкметна хваляваўся, а вось карэспандэнт паводзіў сябе спакойна.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-05-18-c75ky.jpg.webp)
Ад удараў на адным чамадане ўтварылася шчыліна-ўвагнутасць. Яе заўважыў пільны начальнік атрада, якому невыкананне задання ГУДБ пагражала гадамі турмы, а можа і смерцю. Ён прасунуў у шчыліну палец, якім намацаў чалавечае цела. Нягледзячы на пратэст японскага аташэ, што ён недатыкальная асоба і яго рэчы не падлягаюць надгляду, чамаданы пацягнулі ў надглядную залу мытні.
Начальнік атрада адказаў аташэ, што рэчы надглядаць яны не будуць, а толькі дастануць з чамаданаў людзей, бо такі груз не дазваляецца перавозіць і дыпламатам. Японец тады быццам бы выхапіў з кішэні пісталет, але начальнік атрада паспеў схапіць яго за руку, і зброя выпала на перон.
На сталах надгляднай залы начальнік адкрыў чамаданы пасля таго, як аташэ адмовіўся зрабіць гэта сам. Праўда, ключы ён ім чамусьці аддаў. У кожным чамадане аказалася па жанчыне, якіх дасталі адтуль і адвялі ў памяшканне КПП. Арыштанткамі заняўся высокі начальнік, які прыбыў гэтым жа цягніком з вялікай групай супрацоўнікаў ГУДБ з Масквы.
За ўдала праведзеную аперацыю ўсіх ўдзельнікаў узнагародзілі пачастункам у рэстаране «Інтурыст» станцыі. Аташэ і журналіста выпусцілі з краіны, яны накіраваліся ў Стоўбцы, першую станцыю на польскім баку, а адтуль — далей, відаць, у Парыж.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/08-61-2b-c8a7h.jpg.webp)
Маскоўскай журналістцы Алене Чакулаевай удалося высветліць, кім жа былі жанчыны, якіх нелегальна спрабавалі вывезці праз Негарэлае, і як склаўся іх лёс. У Цэнтральным архіве ФСБ ёй адказалі, што ў іх захоўваецца следчая справа адносна Марыі Георгіеўны Вегенэр, народжанай у 1897 годзе, і ейнай сямнаццацігадовай дачкі Надзеі Мікалаеўны Вегенэр.
З матэрыялаў справы вынікае, што па папярэдняй змове з аташэ японскага пасольства і журналістам газеты «Токё ніці ніці» Хідэа Кабаясі жанчыны спрабавалі незаконна выехаць за граніцу, хаваючыся ў вагонах дыпламатычнага багажу.
Асобай нарадай пры НКВД СССР ад 15 сакавіка 1936 года жанчыны «за спробу нелегальных уцёкаў за мяжу», а таксама іхняя сваячка «за неданясенне» высланы ў Варонеж. Там ужо 5 ліпеня Марыя Вегенэр памерла. Звесткі пра яе дачку губляюцца. У 2002 годзе Генеральная пракуратура Расіі адмовіла ім у праве на рэабілітацыю як ахвярам палітычных рэпрэсій.
Завязкай усёй гэта гісторыі, як выявілася далей, было палкае каханне ўласнага карэспандэнта газеты «Токё ніці ніці» ў Савецкім Саюзе Хідэа Кабаясі да Надзеі Вегенэр. Яе маці, Марыя Вегенэр, працавала ў японскім пасольстве перакладчыцай і неаднойчы з’яўлялася на дачы журналіста ў Балашысе пад Масквой. Аднойчы яна ўзяла з сабой дачку, у хуткім часе Хідэа моцна закахаўся ў яе. У журналіста канчаўся тэрмін акрэдытацыі, таму ён мусіў вярнуцца ў Токіа, дзе ў яго засталася жонка.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/08-61-1b-x9zpg.jpg.webp)
Але, відаць, пачуцці Кабаясі былі настолькі моцнымі, што ён адважыўся нелегальна пераправіць дзяўчыну за граніцу Савецкага Саюза. Адна Надзея ехаць не захацела, таму давялося вывозіць і яе маці. Дзеля гэтага да ўдзелу ў сваёй авантуры ён падгаварыў аташэ пасольства Кона Тацуіці.
Асабістым кіроўцам дыпламата працаваў Уладзімір Яцэвіч, беларус з Пінска, які адначасова з’яўляўся і агентам НКВД. Ён рэгулярна інфармаваў савецкія спецслужбы пра жыццё Тацуіці, данёс ён і пра тое, што дыпламат збіраецца вывезці жанчын.
За ягоную верную службу савецкая радзіма Яцэвічу адплаціла спаўна. Спачатку ў 1937 годзе арыштавалі ягонага брата Леаніда, які таксама працаваў кіроўцам у японскім пасольстве. Па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Японіі ён быў расстраляны на маскоўскім палігоне «Камунарка». Праз пэўны час і сам Уладзімір быў арыштаваны як «японскі шпіён». Яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў лагерах ГУЛАГа, дзе ён у 1938 годзе і памёр.
На гэтым фоне прысуд Вегенэрам выглядае неймаверна мяккім па тых часах. За спробу нелегальных уцёкаў за мяжу іх не расстралялі, не кінулі ў турму, не накіравалі ў папраўча-працоўны лагер, а нібыта толькі выслалі на тры гады з Масквы. Вегенэр, як супрацоўніцу пасольства, нават не абвінавацілі ў шпіянажы. І гэта ў сістэме, дзе рэпрэсіі былі пастаўлены на паток, а ў праўдзівасці спраў ніхто нават не разбіраўся.
Выснова напрошваецца толькі адна — Вегенэр мела заслугі перад савецкімі органамі, а, можа, нават была тайнай агенткай пры японскім пасольстве, а ўся аперацыя па вывазе была толькі прыкрыццём і разводкай наіўных дыпламатаў. Гэтую здагадку падмацоўвае і раптоўная смерць маці праз некалькі месяцаў пасля высылкі ў іншы горад. Выглядае так, быццам нехта замятаў сляды і прыбіраў сведкаў.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/photo_2024-09-06_21-02-01-qenvo.jpg.webp)
Цікава, што яшчэ ўвесну 1935 года вайсковы аташэ, падпалкоўнік Хікасабура Хата падазраваў, што савецкія спецслужбы шукаюць шляхі да пасольства праз агентуру сярод жанчын. Хата перасцерагаў разведчыкаў ад празмернай захопленасці рускімі жанчынамі і рэкамендаваў, каб не закахацца і не раскрыць якія-небудзь сакрэты, мець адразу некалькі рускіх палюбоўніц.
Арыштаваны ў 1937 годзе як «японскі шпіён» Раман Кім, які з канца 1934 года быў прызначаны супрацоўнікам для асобых даручэнняў 6-га аддзялення 3-га аддзела ГУДБ НКВД і адказваў за контрразведку па японскай лініі, на допытах раскрыў мянушкі сваіх агентак, якія былі сужыцелькамі супрацоўнікаў японскага пасольства.
Сярод іх была і нейкая «Рыс», якая працавала сярод японцаў тры-чатыры гады, жыла з некалькімі чынамі японскага аташата, а пасля па сваёй ініцыятыве сышлася з Кабаясі… Яе сапраўднага імя Кім не называе.
Атрымліваецца сапраўдная гісторыя-пярэкрутка: «японскія шпіёнкі», затрыманыя пры незвычайных абставінах на беларускай станцыі, аказваюцца пад заступніцтвам савецкіх органаў, а беларус-кіроўца, які на іх данёс, раптам становіцца «японскім шпіёнам». Хто ведае, дзе ў сённяшняй гісторыі з затрыманнем японскага агента Масатосі Ніканісі праўда, а дзе пастаноўка?
Каментары