Адроджаную прэмію «За свабоду думкі» атрымаў вядомы музычны гурт
У Беларускім доме ў Варшаве адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Вяла цырымонію паэтка і тэлевядучая Валярына Кустава, а пераможцаў аб'яўляў кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_10/2024-10-03184254-k07lb.jpg.webp)
Адроджаная пасля перапынку прэмія дасталася гурту Naviband.
На імпрэзу, каб павіншаваць пераможцаў, завітала нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна прызналася, што Naviband — яе ўлюбёны гурт, які сярод іншага дапамог ёй прыйсці да беларушчыны.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/2024-10-03184128-gu7jp.jpg.webp)
Быў на цырымоніі і Павел Латушка, хоць не выступаў. А дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч выступіў і адзначыў:
«У Беларусі таксама вайна, не толькі ва Украіне. І што ж нам трэба зрабіць, каб перамагчы? Каб краіна адрадзілася, трэба не згубіць дух, не згубіць сілу волі. І таму адраджэнне прэміі з'яўляецца сімвалам».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/2024-10-03184131-z7x67.jpg.webp)
Мінскі інды-поп гурт Naviband быў створаны ў 2013 годзе, калі вакалісты Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка выпадкова сустрэліся і вырашылі спяваць дуэтам.
У наступныя гады музыканты выступалі на буйных пляцоўках і фестывалях і станавіліся пераможцамі музычных нацыянальных конкурсаў у розных намінацыях. У 2017 годзе Naviband перамог у нацыянальным адборы на міжнародны конкурс «Еўрабачанне» з песняй «Гісторыя майго жыцця». Такім чынам песня на беларускай мове ўпершыню трапіла на «Еўрабачанне», дзе прайшла ў фінал.
Летам 2020 года гурт запісаў песню «Іншымі», прысвечаную тагачасным падзеям у Беларусі і асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Падчас пратэстаў музыкі выходзілі на маршы, запісвалі відэазвароты і выступалі на дваровых канцэртах. Восенню 2020 года музыкі эмігравалі ў Польшчу.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/2024-10-03184124-j58og.jpg.webp)
У гэтым годзе гурт выдаў вінілавую кружэлку «Песні пра дом», куды ўвайшлі сінглы 2020—2023 гадоў, а таксама стварыў шэраг новых сінглаў: «Прабач», «Сокал», «Арыён», «Мама».
Летам 2024 года кранальная песня «Мама», кавер на якую амаль адразу зрабіў Лявон Вольскі, стала адным з найбольш пазнавальных хітоў у беларускай музычнай прасторы. Цяпер гурт запісаў новы альбом і абяцае прэзентаваць яго восенню.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/2024-10-03184141-xrdhh.jpg.webp)
Прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ўзнагароджваюцца выбітныя творчыя асобы і грамадскія актывісты, якія адзначыліся сваёй дзейнасцю на карысць свабоднай Беларусі. Лаўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў розныя гады станавіліся:
- Паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў.
- Літаратары і грамадскія дзеячы: Павал Севярынец.
- Мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін.
- Краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз.
- Музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, бард і акцёр Віктар Шалкевіч.
- Рэжысёр: Валер Мазынскі.
- Прадпрымальнік і грамадскі дзеяч: Зміцер Дашкевіч.
Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай Прэміі Ежы Гедройця. Хто трапіў у выніковую шасцёрку?
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі назваў найлепшыя навуковыя публікацыі за 2023 год
Зняволеныя беларускія адвакаты сталі лаўрэатамі прэміі ў галіне правоў чалавека 2024 года
Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію
Каментары
Цікава ж, чаго маўчыцё пра творчую асобу
Во брахлівы робат