У цэнтры Мінска пабудаваная рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу? Там ён зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца
У новым расследаванні на падставе атрыманых дакументаў афіцэры «Белпола» расказваюць пра пабудову, якая размясцілася ў самым цэнтры Мінска — у скверы каля Свіслачы над вуліцай Першамайскай. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», гэты будынак стане рэзідэнцыяй старшыні Усебеларускага народнага сходу. Гэта раскошны палац: ёршык у туалеце там каштуе 600 рублёў, снегагенератар у СПА-зоне за 118 тысяч, а «штучнае сонца» будзе кампенсаваць недахоп сонечнага святла. «Наша Ніва» мае і фоты будынка.
![План новай рэзідэнцыі Лукашэнкі The plan of Lukashenka's new residence План новой резиденции Лукашенко](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/-wcfts.jpg.webp)
Супрацоўнікі «Белпола» атрымалі сотні дакументаў, якія датычаць новай будоўлі. Сярод іх — дэталёвыя планы, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках, каштарысы на закупы. Крыніцай фінансавання з'яўляецца дзяржаўны бюджэт.
Белполаўцы сцвярджаюць, што ўпэўніліся ў тым, што дакументы зʼяўляюцца сапраўднымі. У працэсе падрыхтоўкі расследавання з дапамогай валанцёраў быў распрацаваны 3D-тур па некаторых памяшканнях.
Новы абʼект знаходзіцца ў так званым «урадавым квартале» па вуліцы Чырвонаармейская, 15. Раней у гэтым будынку размяшчалася аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра — гэта значыць, прэзідэнцкай бальніцы.
На фота ўнізе вы бачыце, як выглядала рэзідэнцыя на этапе рэканструкцыі год таму. Цяпер яна гатовая да здачы.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/residence_lukashenka_1-rsedd.jpg.webp)
Адпаведна схеме генеральнага плану рэканструкцыі на тэрыторыі будзе знаходзіцца асноўны будынак, кантрольна-прапускны пункт, паркоўка, дызель-генератарная ўстаноўка, фантан, нейкая дэкаратыўная кампазіцыя. На тэрыторыі ёсць парк, у якім плануецца размясціць альтанку-ратонду коштам амаль 151 тысяча рублёў.
У матэрыяле прадстаўлены падрабязныя планы ўсіх чатырох паверхаў будынку. Мы спынімся толькі на найбольш адметных дэталях.
Першы паверх
На першым паверсе размесціцца пункт пропуску са сканерам коштам 28 тысяч рублёў і чатырма металадэтэктарамі, з якіх два расійскія і два амерыканскія агульным коштам 67 тысяч 530 рублёў.
Адметнасцю гэтага паверха зʼяўляецца VIP-спа. Акрамя басейна, там будзе размяшчацца «дарожка Кнэйпа», якая прадугледжвае чатыры ванначкі для ног з кантраснымі тэмпературамі і масажам ступняў. Агульны яе кошт — звыш 115 тысяч рублёў.
![СПА-зона новай рэзідэнцыі Лукашэнка SPA area of Lukashenko’s new residenceСПА-зона новой резиденции Лукашенко](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/-qel4n.jpg.webp)
У СПА-зоне таксама размесціцца крыасауна коштам 100 тысяч даляраў ЗША па курсе на момант падпісання дамовы. Побач з ёю размесціцца «сонечны пакой» коштам звыш 62 тысяч рублёў. Ён абсталяваны ўнікальнымі прыборамі «штучнае сонца», якія сінхранізуюць біярытмы чалавека і кампенсуюць недахоп сонечнай энергіі.
Як адзначае вытворца, гэтая канструкцыя аднаўляе гарманальны цыкл, стабілізуе абмен рэчываў, умацоўвае імунную і нервовую сістэмы, што садзейнічае актыўнаму даўгалеццю.
Другой адметнасцю СПА-зоны зʼяўляецца душ уражанняў. Ён складаецца з дзвюх частак — «тропікі» і «сібірская ноч» — агульным коштам звыш 93 тысяч рублёў.
![План СПА-зоны новой резиденции Лукашенко The plan of the SPA Lukashenka's new residence План СПА-зоны новай рэзідэнцыі Лукашэнкі](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/3-5fq4q.jpg.webp)
Адметнасцю СПА зʼяўляецца VIP-зона. У ёй размесцяцца шыкоўная гідрамасажная ванная коштам звыш 55 тысяч рублёў, пяць лежакоў коштам 11 210 рублёў кожны. А ў цэнтры гэтай зоны — снегагенератар для вытворчасці снегу ў рэжыме круглагадовай эксплуатацыі. Ён каштуе звыш 118 тысяч рублёў.
Там жа размешчаны VIP-сауна (фінская) коштам 110 тысяч рублёў і VIP-парная (хамам) коштам звыш 184 тысяч рублёў.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/residence_lukashenka_2-n0921.jpg.webp)
Другі і трэці паверхі
Другі паверх адведзены пад працоўныя памяшканні. Там размяшчаюцца кабінеты, залы для перамоваў, прэс-цэнтр і канферэнц-зала на 42 месцы.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/residence_lukashenka_3-8eb83.jpg.webp)
На трэцім паверсе сярод розных памяшканняў размешчана абедзенная зала на 38 чалавек. Асаблівасцю гэтага памяшкання зʼяўляецца вітраж на столі, які выкананы ў стылі беларускага арнаменту коштам звыш 72 тысяч рублёў.
![Зала пра правядзення нарадаў Meeting hall Конференц-зал](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/-sz89n.jpg.webp)
На тым жа паверсе знаходзіцца зала для нарадаў на 21 месца. З іх 20 крэслаў коштам 907 рублёў кожнае і адно крэсла коштам 3558 рублёў. Стол для правядзення нарадаў абышоўся ў суму звыш 71 тысячы рублёў. Камплект штораў у гэтае памяшканне каштуе амаль 30 тысяч рублёў. Столь памяшкання ўпрыгожвае вітраж з васількамі (прывітанне Бондаравай!) коштам амаль 225 тысяч рублёў.
![Вітраж з васількамі Витраж с васильками Stained glass window with cornflowers](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/-c68x7.jpg.webp)
Сярод іншых памяшканняў выдзяляюцца бібліятэка, для якой было закуплена 2 тысячы кніг на суму звыш 68 тысяч рублёў, і працоўны кабінет кіраўніка з вітражом на столі коштам звыш 78 тысяч рублёў. Крэсла ў кабінет абышлося дзяржаўнаму бюджэту ў 5 156 рублёў, стол — у 8 134 рублі і пісьмовы набор з малахіту коштам 5940 рублёў.
На тым жа паверсе знаходзіцца спальня кіраўніка і санвузел. Кошт аднаго ёршыка складае амаль 600 рублёў, трымальніка для туалетнай паперы — 295 рублёў.
![Санузел новой резиденции Лукашенко Санвузел новай рэзідэнцыі Лукашэнкі The bathroom of Lukashenka's new residence](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/-82d2v.jpg.webp)
Тумба пад умывальнік абышлася дзяржбюджэту ў суму амаль 6600 рублёў. На ёй — мыльніца коштам 1656 рублёў. Два трымальніка для ручніка каштавалі 3312 рублёў.
![Санузел новой резиденции Лукашенко Санвузел новай рэзідэнцыі Лукашэнкі The bathroom of Lukashenka's new residence](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/1-ozc4u.jpg.webp)
Чацвёрты паверх
У гэтай рэзідэнцыі кіраўнік зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца.
Чацвёрты паверх адведзены пад кабінеты для персаналу: начальніка асабістай аховы, асабістага доктара, працэдурны. Апошні абсталяваны апаратурай фізіятэрапеўтычнай накіраванасці: біяптрон, апарат магнітатэрапіі, апарат для электратэрапіі, для УВЧ-тэрапіі, ультрафіялетавы апраменьвальнік і іншыя.
Як сцвярджаецца ў расследаванні, фінальны кошт рэканструкцыі і абсталявання абʼекта складае 43 мільёна 645 тысяч 943 рублі, што па курсе на 1 жніўня 2023 года складала 14 мільёнаў 400 тысяч даляраў ЗША.
«Белпол» мяркуе, што гаворка пра новую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта ў задуме рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу. Такую новую пасаду Аляксандр Лукашэнка прапісаў у Канстытуцыі ў 2022 годзе. Уладальнік гэтай пасады мае паўнамоцтвы кантраляваць прэзідэнта краіны, што дало падставы думаць, што яна задуманая пад самога Лукашэнку на перыяд калі ён пастарэе і захоча перадаць уладу падкантрольнаму сабе пераемніку.
Чытайце яшчэ:
Фонд Навальнага рассакрэціў рэзідэнцыю Пуціна з «салонам прыгажосці»
Стала вядома, каму належыць «рэзідэнцыя прэзідэнта» на радзіме Лукашэнкі ў Александрыі
Каментары