У Маладзечне трое непаўналетніх стварылі левыя акаўнты на сайце знаёмстваў і вымагалі грошы ў «кавалераў»
Двое з ашуканых мужчын звярнуліся ў міліцыю.
У студзені адзін з хлопцаў прапанаваў хуткі, але не зусім законны метад заробку — зарэгістравацца на сайце знаёмстваў ад імя выдуманых дзяўчат і пад рознымі падставамі выпрошваць у новаспечаных кавалераў грошы, піша Kraj.by.
Маладыя людзі стварылі ў месенджары не менш за 4 жаночыя акаўнты. З іх па чарзе і пісалі мужчынам.
Яны ўстанаўлівалі даверныя адносіны з віртуальнымі знаёмымі, расказвалі тым аб сваім цяжкім матэрыяльным становішчы і прасілі папоўніць банкаўскую карту для пакупкі лекаў, аплаты тэлефона ці інтэрнэту, а таксама набыцця вадкасці для электронных цыгарэт. Узамен «дзяўчаты» абяцалі хуткую сустрэчу і вяртанне доўгу. Аднак, атрымаўшы грошы, пераставалі выходзіць на сувязь.
Двое з ашуканых мужчын звярнуліся ў міліцыю.
Супрацоўнікі міліцыі хутка вылічылі непаўналетніх аферыстаў і затрымалі. Маладыя людзі не надта канспіраваліся, адзначаюць следчыя, і перадавалі пацярпелым рэквізіты банкаўскай карткі, аформленай на сваіх знаёмых.
Сваімі злачыннымі дзеяннямі фігуранты прычынілі пацярпелым шкоду на суму больш за 2 тысячы рублёў.
У дачыненні да трох студэнтаў заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 209 (махлярства, учыненае групай асоб).
Каментары