Грамадзянка Беларусі Дар’я Мікалаеўна Астапенка 1987 года нараджэння трапіла ў польскі вышук праз абвінавачанне ў шпіянажы. Гэта яе асудзілі, але адпусцілі на час да апеляцыі, піша Белсат.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/uid_384ad0e835b447429f45960beba7cd4c_width_1143_play_0_pos_0_gs_0_height_0-3w337.jpg.webp)
Польская паліцыя размясціла абвестку пра вышук грамадзянкі Беларусі Дар’і Астапенкі, якую вінавацяць у шпіянажы. Вышукам займаецца Крымінальны аддзел паліцыі Варшава-VII. Тых, хто можа дапамагчы, просяць звяртацца на нумар (0-22) 810-60-63, факс (0-22) 603-75-44 або на электронную пошту [email protected].
Дар’я Астапенка была асуджаная на турэмнае зняволенне тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным змякчэннем. Перыяд часовага затрымання і ўтрымання пад вартаю з 20.12.2023 да 10.09.2024 быў залічаны ў тэрмін пакарання. Гэта амаль 9 месяцаў з прысуджаных ёй 20. А значыць, яна магла пачакаць месяц з невялікім і папрасіць аб датэрміновым вызваленні. Не выключана, што просьбу ўхвалілі б, бо пасля суда Дар’ю А. вызвалілі да набыцця прысудам моцы — перад гэтым яна магла яшчэ абскардзіць прысуд.
Але яна не з’явілася для адбывання пакарання і не зрабіла ў належны час плацяжу 15,5 тысячы злотых (3875 даляраў). Дзе яна можа быць цяпер, не ведаюць.
Астапенку затрымалі ў Лодзі ў снежні 2023 года, западозрыўшы ў працы на Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Беларускія медыі высветлілі, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў і колішняя давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Дзмітрыева.
Ветэрынарка з адукацыі, Дар'я падпрацоўвала мадэллю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сцвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі яшчэ з 2017 года.
Па пераездзе ў Польшчу беларуска спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у арганізацыі, прапаноўваючы валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра Паспалітае рушэнне, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто ім дапамагае. Дар’я А. выдала сябе, калі падчас нецвярозай размовы прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, у той жа дзень яе затрымалі.
Выданне «Gazeta.pl» пісала, што суд над ёю быў вельмі кароткі. У апошнім слове беларуска выказала шкадаванне, што бяздумна пагадзілася на супрацу са спецслужбамі; са слязамі на вачах казала, што яе прымусілі; наракала, што за дзевяць месяцаў за кратамі ў яе абвастрылася дэпрэсія.
Каментары