Махляры спрабуюць абдурыць беларусаў праз фэйкавы сайт Мінпрацы
У рамках ашуканскай схемы, якая апошнім часам з'явілася ў Беларусі, грамадзянам прапануюць атрымаць нібыта належную ім сацыяльную выплату ад дзяржавы, запоўніўшы анлайн-форму, дзе патрабуецца пакідаць персанальныя звесткі.
Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у інтэрнэце ашуканцы пачалі рассылаць беларусам праз SMS і паведамленні ў месенджарах інфармацыю пра нібыта наяўную магчымасць атрымаць сацыяльную выплату ад дзяржавы. Для гэтага карыстальнікам прапануюць перайсці па спасылцы на фішынгавую старонку, падобную на афіцыйны сайт міністэрства, і запоўніць там форму з асабістымі звесткамі, якія непасрэдна адлюстраваныя на банкаўскай карце.
У Мінпрацы папярэдзілі, што інфармацыя аб атрыманні сацыяльных выплат, а таксама іх пераліку не рассылаецца праз SMS або інтэрнэт-паведамленні. Ведамства заклікае не пераходзіць па сумніўных спасылках, не перадаваць асабістыя звесткі зламыснікам і правяраць паведамленні ў афіцыйных крыніцах.
Каментары