Лукашэнка дазволіў спатканне ў калоніі Анжалікі Борыс з журналістам Андрэем Пачобутам
Анжаліка Борыс сустрэлася ў калоніі з асуджаным на восем гадоў журналістам Андрэем Пачобутам — спатканне дазволіў Аляксандр Лукашэнка. Учора пра гэта Борыс распавяла на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, піша Reform.news.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_04/borys_duda-1t2f7.jpg.webp)
Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі кіраўніцтва закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс і Марэкам Занеўскім.
«Анжаліка Борыс паведаміла пра сустрэчу з Андрэем Пачобутам, які знаходзіцца ў зняволенні ў Наваполацкай калоніі, якая адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў паведамленні канцылярыі.
Калі Борыс пабывала ў калоніі і бачыла Пачобута, у паведамленні не ўдакладняецца.
З актывістамі польскай меншасці ў Беларусі сустракаліся таксама дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм'ер-міністра Анджэй Дэра і старшыня праўлення Фонду «Дапамога палякам на Усходзе» Мікалай Фалькоўскі.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/2023-05-26155315-73v8c-elpb5-qf5m1.jpg.webp)
Андрэя Пачобута затрымалі тры гады таму, 21 сакавіка 2021 года ў Гродне. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У 2023-м вынеслі прысуд — 8 гадоў калоніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію № 1.
Каментары