«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект
Украінскія атакі на нафтавыя аб'екты ў глыбіні расійскай тэрыторыі працягваюцца. З пачатку 2025 года частата ўдараў прыкметна павялічылася і ёсць падставы меркаваць, што магчымасці УСУ будуць толькі ўзрастаць. Пра атакі на расійскія НПЗ і пра тое, ці падрываюць яны здольнасці Расіі весці агрэсіўную вайну, піша «РБК-Украіна».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/gettyimages-1240845393-3o2k8.jpg.webp)
Як часта Украіна б'е па расійскіх НПЗ
Паводле падлікаў Бі-бі-сі, за мінулы 2024 год украінскія войскі прынамсі 81 раз атакавалі расійскія НПЗ і паліўныя базы.
Прычым змянілася стратэгія такіх удараў. Калі ў пачатку года пад ударамі былі заводы, якія працуюць на ўнутраны рынак, то з вясны атакі праводзілі на прадпрыемствы, якія непасрэдна пастаўляюць паліва ў войскі.
Аднак з восені колькасць удараў знізілася. Магчыма, гэта магло быць звязана з просьбай ЗША ўстрымацца ад нападаў, каб стрымаць рост сусветных цэнаў на нафту. Паведамлялася і пра нібыта планы Расіі і Украіны адносна ўзаемнага спынення ўдараў па энергетычных аб'ектах, але інфармацыя заходніх медыя не пацвердзілася.
Пад канец 2024-га ўкраінскія атакі аднавіліся. 19 снежня быў атакаваны Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў у Растоўскай вобласці. Гэты аб'ект — адзіны ў рэгіёне, які забяспечвае расійскія войскі палівам, а незадоўга да ўдару на ім толькі завяршыўся рамонт пасля летняй атакі.
Перад самым Новым годам УСУ ўдарылі па нафтабазе ў Ярцаве Смаленскай вобласці. Яна таксама выкарыстоўвалася для патрэб расійскай арміі, а пасля атакі былі зафіксаваныя магутныя выбухі і пажары на паліўных рэзервуарах.
4 студзеня 2025 года быў атакаваны порт Усць-Луга ў Ленінградскай вобласці — адзін з асноўных пунктаў экспарту расійскай нафты. 8 студзеня — нафтасховішчы на авіябазе «Энгельс» пад Саратавам. Гэтая атака выклікала моцны пажар, які не маглі патушыць цягам пяці дзён. Цэллю стала нафтабаза «Камбінат Крышталь», дзе захоўваецца паліва для расійскай стратэгічнай авіяцыі. Праз дзень пасля таго, як пажар патушылі, там зноў фіксавалі прылёты.
11 студзеня быў атакаваны адзін з найбуйнейшых у Расіі нафтаперапрацоўчых заводаў «Танека» ў Ніжнякамску (Татарстан). 16 студзеня — нафтабаза ў горадзе Ліскі (Варонежская вобласць) за 120 км ад мяжы з Украінай.
18 студзеня як мінімум дзесяць прылётаў прыпалі на нафтабазу каля горада Вузлавая (Тульская вобласць), таксама паведамлялася пра паражэнне сховішчаў у Калужскай вобласці. А пасля масіраванага налёту ў ноч на 24 студзеня толькі ў Разанскай вобласці гарэлі тры рэзервуары на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. Праз некалькі дзён па Разанскім НПЗ ударылі паўторна.
У ноч на 29 студзеня было па меншай меры чатыры прылёты па буйной нафтабазе «Лукойл» у Кстове (Ніжагародская вобласць). Таксама на гэтым тыдні пад удары трапіла размеркавальная станцыя нафтаправода «Дружба» ў Бранскай вобласці, а гэтай ноччу — шосты па велічыні расійскі НПЗ у Валгаградскай вобласці. Там фіксавалі ўспышкі і выбухі, цяпер вынікі агнявога паражэння ўдакладняюцца.
Чым Украіна б'е па НПЗ і якія вынікі
Атакі з'яўляюцца вынікам сумесных аперацый Службы бяспекі Украіны, Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны і іншых складнікаў Сіл абароны Украіны, такіх як Сілы спецыяльных аперацый і Сілы беспілотных сістэм.
Як правіла, па нафтавых аб'ектах б'юць дальнабойныя дроны, але не толькі. Паводле зводкі Генштаба, да аперацыі па паражэнні Навашахцінскага НПЗ у снежні прыцягвалі падраздзяленні ВМС. Як піша ўкраінскае профільнае выданне Defense Express, гэта намёк на прымяненне ракет «Няптун», якімі даўно можа наносіць удары па наземных цэлях.
Камбінаваныя атакі дазваляюць рэалізаваць некалькі сцэнарыяў. Напрыклад, спачатку перагрузіць дронамі варожую СПА, каб прарваліся ракеты. Або прарэдзіць супрацьпаветраную абарону ракетамі, каб свабодным калідорам даляцелі дроны.
У кожным разе на Навашахцінскім НПЗ вынік быў дасягнуты. На ім спынілі працу абедзве ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты, а спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі па меншай меры адзін згарэлы рэзервуар з палівам.
Аднак ільвіная доля атак усё ж прыпадае на ўдары дальнабойнымі беспілотнікамі. Напрыклад, падчас масіраванага налёту на Саратаўскі НПЗ дроны пацэлілі прынамсі ў два рэзервуары, якія выгарэлі цалкам.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/20d09dd09fd09720t-rafvb.jpg.webp)
Вельмі выніковы ўдар быў нанесены па Разанскім НПЗ, асабліва з улікам колькасці задзейнічаных дронаў. Вядома, сапраўдная колькасць невядомая, але, паводле звестак мясцовых СМІ, аб'ект атакавалі 12 БПЛА. Пра эфектыўнасць гаворыць і адлегласць — каля 470 км ад лініі фронту, і пераадоленне сродкаў абароны, паколькі, акрамя СПА, завод спрабавалі выратаваць спецыяльнай абаронай ад дронаў у выглядзе нацягнутых металічных тросаў.
Як піша Reuters, там палала сховішча, пашкоджаныя пагрузачнае абсталяванне і ўстаноўка гідраачысткі. З мінулай пятніцы на Разанскім НПЗ спыненая загрузка нафтапрадуктаў, што прывяло да яго поўнага прыпынення.
Reuters таксама апублікаваў матэрыял пра дальнабойныя дроны, у якім пагутарыў з прадстаўнікамі 14-га асобнага палка беспілотных авіяцыйных комплексаў (14-ы АП БпАК) Сіл беспілотных сістэм УСУ.
Па словах камандзіра 1-га батальёна з пазыўным «Каспер», ягонае падраздзяленне налічвае некалькі сотняў чалавек, а галоўная мэта — наносіць удары па аб'ектах у расейскім тыле. Былы камандзір палка з пазыўным «Фідэль» адзначыў, што на ўзбраенні ў іх ёсць дроны, здольныя пераадольваць 2000 км. А для ўдараў яны ў прыватнасці выкарыстоўваюць дроны Ан-126 «Люты».
«Эфектыўнасць нашай зброі складае 40-50%», — дадаў «Фідэль», не ўдакладніўшы, ідзе гаворка менавіта пра працу «Лютага» ці пра аперацыі ў цэлым.
Паводле адкрытых даных, дрон «Люты « здольны данесці баявую частку масай у 75 кг на адлегласць да 1000 км. Аднак ёсць падставы меркаваць, што Украіна асвоіла прымяненне беспілотнікаў з больш магутнай баявой часткай, хай і на шкоду далёкасці.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/photo_2025-01-26_13-44-5120t-n9z39.jpg.webp)
Вайсковы аглядальнік Forbes Дэвід Экс звярнуў увагу на фота ва ўкраінскім пабліку з фугаснай авіябомбай ФАБ-250 і 120-мм мінай, замацаванымі на БПЛА. І выказаў здагадку, што нядаўні ўдар па насоснай станцыі нафтаправода «Дружба» ўздоўж расійска-беларускай мяжы ў Бранскай вобласці нанёс па сутнасці самалёт, здольны скідаць такія бомбы.
Паводле яго, Украіна даўно выкарыстоўвае былыя цывільныя спартыўныя самалёты, мадыфікаваныя для дыстанцыйнага кіравання. Але раней яны не скідалі бомбы, а паражалі цэлі па прынцыпе дрона-камікадзэ.
Экс таксама мяркуе, што з улікам таго, што нагружаны выбухоўкай самалёт Aeroprakt A-22 здольны пераадольваць 1300 км у адзін бок, то ў выпадку з ударам па «Дружбе» (усяго за 40 км ад мяжы) ёсць верагоднасць, што ён мог вярнуцца на базу. Такім чынам, такія дроны могуць быць шматразовымі.
Чаму важна атакаваць НПЗ і нафтабазы на тэрыторыі Расіі
Важнасць паражэння расейскіх нафтавых аб'ектаў у асноўным тлумачыцца з вайсковага пункту гледжання. Напрыклад, стратэгічны НПЗ «Танека» ў Татарстане з'яўляецца адным з найбуйнейшых і самых сучасных заводаў, які адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні расійскай арміі палівам.
«Выбіванне НПЗ і нафтабаз непасрэдна ўплывае на здольнасць РФ весці інтэнсіўную вайну», — адзначаў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.
Разанскі НПЗ уваходзіць у топ-4 заводаў з магутнасцю перапрацоўкі амаль 19 млн тон нафты ў год. Ён таксама выпускае шырокі спектр прадукцыі: ад бензіну і дызеля да мазуту, бітуму і авіяцыйнага паліва.
Што тычыцца апошняга, то штогод тут вырабляюць каля 840 тысяч тон авіяцыйнай газы ТС-1, а гэта 8,4% ад агульнага аб'ёму вытворчасці ў Расіі. Страта такога рэсурсу — гэта балючы ўдар па лагістыцы і забеспячэнні ваенных аперацый, падкрэслівалі ў Сілах беспілотных сістэм Расіі.
Пра эфектыўнасць дронавых атак можна гаварыць у некалькіх выпадках: калі НПЗ спыняе працу, калі «бавоўна» прыходзіць на аб'екты, ад якіх крытычна залежыць бесперабойнасць паставак паліва для расійскага войска, і калі вораг вымушаны перабудоўваць лагістыку і пастаўляць паліва з аддаленых рэгіёнаў, расказаў «РБК-Украіна» вайсковы эксперт, былы прэс-сакратар Генштаба УСУ Уладзіслаў Селязнёў.
«Трэба разумець наступнае: нафтапрадукты — гэта кроў вайны. Калі іх няма, спыняюцца танкі, бранятэхніка, лагістыка падраздзяленняў на пярэднім краі і армія ў цэлым. У мінулым годзе ў мяне быў некаторы скепсіс. Мне здавалася, што каштоўнымі рэсурсамі лагічней біць па базах, складах і арсеналах, па тым, што нясе нам смерць. Але прызнаю, што памыляўся. Таму што не менш важна знішчаць вытворныя рэчы, якія адказваюць за забеспячэнне расійскіх сіл і сродкаў», — падкрэслівае суразмоўца.
Пры гэтым удары па расійскіх НПЗ і нафтабазах даюць эфект тут і цяпер.
«Можна ўспомніць, як пасля прылётаў у Туапсэ [Краснадарскага краю] на працягу 2024 года расіянам стала не хапаць паліва для падраздзяленняў на поўдні Украіны. Хто ведае, як бы развівалася там сітуацыя. Відавочна, страта была вельмі адчувальнай. Знішчаючы сотні тысяч тон паліва і вытворчасць, мы пазбаўляем суперніка хоць бы часткі наступальнага патэнцыялу. Спадзяюся, і ўдары па НПЗ у Разані і Ніжнім Ноўгарадзе былі не апошнімі», — дадаў ён.
Наколькі ўдаецца такімі нападамі падарваць здольнасць Расеі фінансаваць вайну, пытанне складанае. Для гэтага ўдары трэба маштабаваць у некалькі разоў, казаў раней у каментары ютуб-каналу «РБК-Украіна» дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
«На сёння пад ударам знаходзіцца, калі браць нафтавую галіну, 46% перапрацоўчых магутнасцяў НПЗ… Калі гэта будзе знішчана, гэта будзе істотна… Але эфектыўнасць стане відавочнай, калі Расія не зможа так аб'ёмна фінансаваць ваенныя праграмы. А для гэтага трэба ў 5-7-10 разоў маштабаваць колькасць удараў», — заявіў ён.
Верагодна, Украіна спыняцца не мае намеру і ўдары па расійскіх НПЗ будуць працягвацца. Прынамсі, гэта вынікае з нядаўніх заяў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Па яго словах, па-першае, атакі дронамі і ракетамі вяртаюць вайну на тэрыторыю Расіі і скарачаюць яе вайсковы патэнцыял. Па-другое, зніжэнне магчымасцяў прадаваць нафту для фінансавання вайны — гэта тое, што трэба, каб спыніць яе ўжо ў 2025 годзе.
Пуцін ужо перамалоў амаль усю спадчыну савецкага ВПК. Ці зменшыць гэта інтэнсіўнасць вайны?
Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць беспілотнікі з валаконна-аптычным каналам кіравання
Украіна ўпершыню правяла атаку выключна з выкарыстаннем рабатызаваных сістэм
Сталі вядомыя тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтных дронаў, якія ЗША пастаўляюць Украіне
Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою
Каментары