Уздоўж берагоў Свіслачы ў Мінску расце папуляцыя баброў. Пра гэтую гарадскую праблему расказалі ў эфіры «Беларусь 1».
Бабры актыўна засяляюць рачныя затокі ў розных частках горада. Тут жыве ўжо некалькі сем'яў, а пра іх прысутнасць сведчаць падточаныя ствалы дрэў у парках і скверах каля Свіслачы.
Супрацоўнікі Зелянбуда, каб не дапусціць падзення дрэваў, агароджваюць вербы і асіны, асабліва шанаваныя бабрамі, жалезнымі сеткамі.
«Абмотванне дрэў сеткай — цалкам добры метад, каб абмежаваць ім доступ да гэтага дрэва, — тлумачыць Руслан Шайкін, дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця. — Пабачыўшы, што менавіта ў гэтым месцы дрэвы абароненыя, бабрам становіцца некамфортна, бо ім няма харчавання, няма магчымасці будаваць нейкія свае хаткі і г.д. Магчыма, яны і самі змогуць з часам пакінуць гэтую тэрыторыю».
Пакуль, аднак, як адзначаюць эксперты, грызуны флоры Мінска асаблівай шкоды не наносяць. Але колькасць іх усё ж трымаецца пад асаблівым кантролем прыродаахоўных ведамстваў. У выпадку перанаселенасці баброў будуць адлоўліваць і вывозіць за межы горада.
Каментары