Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не стаў каментаваць апошнія выказванні Лукашэнкі пра яко краіну.
Нікола Пашыняна папрасілі пракаментаваць выказванні Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі ў дзень выбараў. Тады палітык заявіў, што Ерэван сам вінаваты ў апошняй вайне з Азербайджанам і заклікаў армянскага прэм'ера не загульвацца з Еўрасаюзам.
Пашынян адмовіўся каментаваць словы Лукашэнкі, піша news.am.
«Пры ўсёй павазе, мой дыялог з Лукашэнкам скончаны. З ім мне больш спрачацца няма пра што», — сказаў армянскі прэм'ер.
Лукашэнка на прэс-канферэнцыі заявіў, што Пашынян, набліжаючыся да Еўрасаюза, «знішчае Арменію».
«Яны пачалі загульвацца з ЕС. Небяспечная гульня. Супакойце яго там. Ён знішчыць Арменію. У яго праблема з аднаго боку — з усходу, у яго праблема з захаду. Ён яшчэ і Расію наладжвае супраць сябе. Ён у акружэнні, невялікая тэрыторыя. Насельніцтва не велізарнае. І ён акружыў сябе ворагамі.
Вось, Еўрасаюз пачне яму там нечым дапамагаць… Яму што, незразумела, што адбылося ва Украіне? Добра, Украіна. Але Грузія побач. Ён знішчыць краіну. Таму яго трэба ўціхамірыць. Нельга дапусціць вайны на Каўказе», — сказаў Лукашэнка.
Па яго версіі, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў нібыта не хацеў ваяваць з Арменіяй. Таму, як лічыць Лукашэнка, ва ўсім вінаваты Пашынян.
«Ваяваць пачалі. Я прычым тут? Мы за тысячы кіламетраў жывём. Я, ці што, гэтую вайну развязаў? Тое, што адбылося, вынікі гэтых баёў — віна кіраўніцтва ў Арменіі. Толькі іх віна», — заявіў Лукашэнка.
Пашынян у мінулым годзе заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль там кіруе Лукашэнка. Арменія замарозіла свой удзел у АДКБ.
Каментары