Ці варта беларускім незалежным медыя браць грошы ў Хадаркоўскага? Адказваюць Кныровіч, Стрыжак і Паўлючэнка
Пасля ўказа прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб спыненні фінансавання USAID некаторыя беларускія медыя і праекты апынуліся пад пагрозай закрыцця. Калі сродкаў будзе недастаткова, ці варта браць грошы ў апазіцыйных расійскіх мільянераў? Сваё меркаванне па гэтым пытанні «Нашай Ніве» выказалі кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак, прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч і галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.
Тым часам фонды расійскіх мільянераў Барыса Зіміна і Міхаіла Хадаркоўскага прапанавалі сваю дапамогу рускамоўным праектам, якія аказаліся без амерыканскага фінансавання. Можна атрымаць чвэрць ад памеру амерыканскай дапамогі, але трэба паказаць ўсю дакументацыю праекта, а таксама спіс іншых сваіх грантадаўцаў.
Беларускія рускамоўныя праекты таксама могуць прэтэндаваць на грошы Хадаркоўскага, але ці трэба браць грошы ад расіян?
Кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак:
«Кожныя грошы маюць свой кошт у выглядзе рызыкаў, дадатковых бенефітаў, абцяжарванняў. Калі казаць пра любыя расійскія грошы (няважна, добрыя рускія даюць іх ці дрэнныя), яны заўсёды даюць высокія рэпутацыйныя рызыкі. Мы бачым, што адбываецца цяпер у расійскай апазіцыі, якія скандалы там адбываюцца наконт банкаў, гэта па-першае.
Па-другое, тое, што ў іх было зароблена ў 1990-я, зароблена дастаткова цікавым спосабам. Заўсёды можна нарвацца на тое, што хтосьці з амерыканскіх, еўрапейскіх партнёраў проста спытае, адкуль у вашага донара фінансы.
Мая стратэгія такая, што з нашымі ўсходнімі суседзямі, нават тымі, што дэкларуюць дэмакратычныя каштоўнасці, трэба камунікаваць вельмі асцярожна. Гэта можа прынесці значна больш небяспекі, пагрозаў, чым нейкіх пазітыўных зрухаў. Ёсць гэтаму сведчанні і беларускіх НДА, якія так ці інакш спрабавалі працаваць з расійскімі актарамі.
Асабіста я, калі разглядаць «Байсол», расійскія грошы б не браў.
Быў бы вельмі асцярожны, уступаючы ў нейкія кааліцыі, супольныя праекты, дзе ёсць расійскі кампанент, праз тое, што ў расіян ёсць пазіцыя тыпу «яны адказныя за рэгіён». Мы наеліся гэтага за некалькі сотняў гадоў і за апошнія 70 гадоў, калі Масква за ўсё адказвала. У нас ёсць свая ўласная суб'ектнасць, прэзідэнт-элект, прызнанне на міжнародным узроўні. Гэтым трэба карыстацца, а не ісці па добрую ці дрэнную Маскву.
Калі казаць пра агульную сітуацыю, то, безумоўна, акрамя ЗША, ёсць такая моцная крыніца фінансавання як Еўрапейскі Саюз. Калі глядзець па лічбах, якія называюцца, то гэта прыблізна парытэтная сітуацыя. Палова таго, што ідзе на Беларусь, — гэта еўрапейскія грошы. Еўропа — дастаткова марудны, але вельмі добра збалансаваны гулец на гэтым полі. Еўропа больш стабільная ў сваіх падыходах і падтрымцы.
Трэба глядзець шмат у бок еўрапейскіх донараў. Трэба разглядаць магчымасць пошуку фінансавання на ўнутрыкраінавыя праекты, калі мы кажам пра медыя, якія знаходзяцца ў Літве ці ў Польшчы. Трэба шукаць крыніцы ў тым ліку ў дзяржаўных крыніцах, якія даюць фінансы на падтрымку дыяспар. Чамусьці нашы медыя і НДА мала карыстаюцца гэтым інструментам, хаця дэ-факта частка аўдыторыі, якая спажывае гэты кантэнт, ужо знаходзіцца за межамі Беларусі».
Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч:
«Наша мэта — дэмакратычная Беларусь. Яна не на гарызонце год—тры, а на гарызонце пяць—дзесяць. СМІ, якія гавораць праўду, даносяць праўду да беларусаў, якія падтрымліваюць іх эмацыйна, сёння значна больш важныя, чым палітыкі. Менавіта туды павінны выдаткоўвацца найбольшыя сродкі. Калі сёння прыбраць з поля дэмакратычныя СМІ, то дэмакратыя ў Беларусь прыйдзе на дзесяць-пятнаццаць гадоў пазней, чым магла б.
Любыя сродкі, ад любых донараў, якія не патрабуюць прасоўвання ўласных наратываў, якія былі б агідныя нашым унутраным беларускім прынцыпам, — браць можна. Гэта значыць, калі ў вас ёсць грошы, прабачце, ад нацысцкіх злачынцаў, якія заселі ў Аргенціне, пры гэтым яны чамусьці гатовыя даць грошы і не прапануюць навязваць беларускай аўдыторыі нацысцкія наратывы, то трэба браць. Гэтак жа ад «добрых рускіх», калі яны не прапануюць вам навязваць імперскі погляд, «рускі свет», ставяцца з павагай да гісторыі, незалежнасці, культуры Беларусі і гатовыя размаўляць з беларусамі на роўных, безумоўна, трэба браць.
Як правільна сказаў Каверын, «атрымліваючы амерыканскія грошы, я мог спакойна лаяць Трампа».
Назіраю вельмі песімістычную сітуацыю, таму што 2-3 месяцы спынення фінансавання — гэта толькі першы званок.
Я б не бянтэжыўся падпісвацца пад пункт, што ўсе амерыканскія кантракты трэба будзе перадаць [Хадаркоўскаму]. Лічу, што на гэтых умовах трэба пагаджацца, а потым пытацца ў амерыканцаў, што вы наконт гэтага думаеце. Мне здаецца, што не Міхаілу Барысавічу Хадаркоўскаму, з усёй павагай да яго адседкі і з невялікай павагай да спосабу зарабляння капіталу на першым этапе, вызначаць, з кім кантактаваць або не кантактаваць незалежным медыя».
Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка:
«Разумею праблему, з якой сутыкнуліся цяпер беларускія медыя. Шмат з іх могуць знікнуць увогуле, таму, калі ёсць магчымасць атрымаць фінансаванне нават праз Хадаркоўскага, праз «добрых рускіх», магчыма, для некаторых з іх гэта выйсце.
Але мы, безумоўна, супрацоўнічаць з такімі донарамі не будзем. На мой погляд, гэта здрада аўдыторыі. Яна ў нас арыентуецца на каштоўнасці Беларусі, адбудову нашай дзяржавы не ў саюзе з Расіяй.
Супраца з прадэмакратычнымі расійскімі донарамі можа прывесці да таго, што будзем вымушаны ўлічваць іх інтарэсы. Беларускія медыя могуць стаць закладнікамі некаторых расійскіх палітыкаў.
Той жа Хадаркоўскі — не донар у звычайным сэнсе гэтага слова, а палітык, які мае ўласныя інтарэсы. Тое, што я чуў ад яго, не адпавядае інтарэсам беларусаў».
Міхаіл Хадаркоўскі — расійскі апазіцыйны палітык і бізнэсмен. Адзін з найбагацейшых расіян пачатку 2000-х гадоў, быў кіраўніком нафтавай кампаніі «ЮКАС». Арыштаваны расійскімі ўладамі па абвінавачанні ў крадзяжах і нявыплаце падаткаў у 2003 годзе, правёў за кратамі 10 гадоў. Пасля вызвалення з'ехаў у Заходнюю Еўропу. Па стане на 2021 год Forbes ацэньваў яго багацце ў $600 мільёнаў.
Белым доме пачалі абмяркоўваць закрыццё USAID як незалежнага агенцтва
«Лепей з голаду здохну». Каверын і «Обычное утро» засталіся без грошай, але ён рады спыненню амерыканскага фінансавання. Вось чаму
«Невядома, калі мы атрымаем наступны заробак». Як прыпыненне падтрымкі ад ЗША паўплывала на беларускія СМІ і НДА
Каментары
І што гэта такі за аксюмаран - “Беларускія рускамоўныя праекты”? Вы або незалежныя беларускія, або расійскія - на грошы расійскіх алігархаў. Няўжо 5 гадоў рэпрэсій, 3 гады крывавай расійскай імперскай вайны і стагоддзі гісторыі так ні чаму вас і не навучылі?