Ініцыятыва Maldzis выкупіла Радзівілаўскую карту, надрукаваную на лацінскай мове ў Амстэрдаме ў 1631 годзе ў атласе Вілема Блаў.
Пра гэта паведамляе ініцыятыва.
Гэта адзін з шэдэўраў еўрапейскай картаграфіі беларускага паходжання тых часоў.
Карта ахоплівае ўсю тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569года (да федэратыўнага аб’яднання з Каронай Польскай) і часткова землі суседніх краін. Ініцыятарам яе стварэння і мецэнатам быў нясвіжскі князь і буйны дзяржаўны дзеяч Мікалай Крыштап Радзівіл (Сіротка), і ў выніку карта ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам.
Радзівіл хацеў прэзентаваць Еўропе цывілізаваную, урбанізаваную дзяржаву ды зняпраўдзіць тагачасныя апісанні замежнікаў аб непраходных лясах, населеных паўдзікімі плямёнамі. Мапа рабілася фактычна з нуля і павінна была змяшчаць геаграфічную, палітычную і гістарычную інфармацыю. Адным з дакладна вызначаных аўтараў эскіза карты з’яўляецца нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.
«Радзівілаўская карта была шырока вядомая ў Еўропе і служыла ўзорам для наступных карт гэтага рэгіёна, але ўжо ў XVIII стагоддзі лічылася вельмі рэдкай. Да гэтага часу карта застаецца найкаштоўнейшай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначаныя звыш 1000 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 — на землях сучаснай Беларусі. Фактычна гэта першая навуковая мапа нашай краіны», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч.
Карта была набытая ў Літве на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага.
У будучыні карта будзе перададзеная ў Нясвіжскі палац у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.
Гісторыя выдання Радзівілаўскай карты
Першаўзор Радзівілаўскай карты быў створаны, верагодна, у Нясвіжы блізу 1603 года, але да нашых часоў не дайшоў — пакуль лічыцца страчаным. Шырокую вядомасць карта набыла дзякуючы выданню 1613-га года ў Амстэрдаме ў картаграфічнай майстэрні Вілема Янсзона Блаў. Адзіная вядомая арыгінальная насценная Радзівілаўская карта 1613-га года знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Германіі).
З 1631 года адбітак Радзівілаўскай карты з клішэ выдання 1613 года, выкананага галандскім гравёрам Геселем Герыцам, увайшоў у склад сусветнага атласа Вілема Блаў «Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis». Адно з першых атласавых выданняў карты якраз і набыла ініцыятыва Maldzis.
Мапа выкананая ў тэхніцы афарбаванай гравюры на медзі, склееная з чатырох частак, памер карты — 73,5 x 73,5 см. Дакладны маштаб — 1:1 293 000.
На адваротным баку набытай карты надрукаваны пачатак лацінскага тэксту пад назвай «Descriptio Litvaniae» («Апісанне Літвы»), што робіць гэтае выданне адметным сярод іншых амаль 20 выпускаў Радзівілаўскай карты, якія былі надрукаваныя з 1613 да 1670 года.
«Descriptio Lithuaniae» — гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага. Паходжанне гэтага апісання дагэтуль дакладна не высветленае і датуецца прыкладна 1574-1579 гадамі.
Каментары
Невялікая парада: перад тым як перадаваць карту ў Нясвіж, варта было б зрабіць яе скан, ці якасную фотакопію ды запампаваць на сайт Maldzis, каб кожны жадаючы мог бы паглядзець гэтую карту анлайн.