Французская журналістка схлусіла, што жонка Макрона нарадзілася мужчынам. І цяпер папрасіла прытулак у Расіі
Раней такія фэйкі былі скіраваныя і супраць іншых вядомых жанчын-палітыкаў.
У верасні 2021 года Наташа Рэй, якая называе сябе незалежнай журналісткай, апублікавала артыкул у французскім ультраправым выданні «Faits & Documents», які ўтрымліваў сцвярджэнні, што за асобай першай лэдзі Францыі, Брыжыт Макрон, на самой справе хаваецца яе брат Жан-Мішэль Транье. Паводле яе слоў, пасля нейкай аперацыі па змене полу ён нібыта ўзяў імя Брыжыт.
У гэтым «расследаванні» Наташа Рэй сцвярджала, што адсутнасць публічнай інфармацыі пра Жана-Мішэля Транье ставіць пад сумнеў рэальнасць яго існавання і выказвала меркаванне, што адмова Брыжыт Макрон раскрываць больш інфармацыі пра асабістае жыццё можна разглядаць як частку змовы, накіраванай на ўтойванне «праўды».
Тэорыя набыла папулярнасць пасля выхаду ў снежні 2021 года на YouTube чатырохгадзіннага відэа. У ім Наташа Рэй абмяркоўвала свае сцвярджэнні з Амандын Руа, якая назвала сябе «медыумам». Падчас інтэрв’ю яны сцвярджалі, што Брыджыт нібыта не з'яўляецца маці сваіх дзяцей, а таксама распаўсюджвалі непраўдзівую інфармацыю пра яе хірургічныя аперацыі і асабістае жыццё. Тэорыя хутка была падхопленая ў сацыяльных сетках.
У адказ на гэтыя абвінавачванні Брыжыт Макрон і яе брат Жан-Мішэль Транье падалі пазовы супраць Наташы Рэй і Амандын Руа, абвінавачваючы іх ва ўмяшанні ў асабістае жыццё і парушэнні асабістых правоў. Пасля гэтага асноўныя публікацыі былі выдаленыя з інтэрнэту.
У верасні 2024 года парыжскі суд прызнаў Рэй і Руа вінаватымі ў паклёпе і абавязаў выплаціць 8 000 еўра Брыжыт Макрон і 5 000 еўра яе брату Жану-Мішэлю Транье.
3 лютага гэтага года адвакат Наташы Рэй, Франсуа Данглеан, паведаміў, што ягоная кліентка звярнулася з просьбай да дэпутата расійскай Дзярждумы Пятра Талстога аб наданні палітычнага прытулку ў Расіі. Просьбу яна абгрунтавала пераследам у Францыі. Адвакат сцвярджае, што абвінавачванні супраць Рэй фальсіфікаваныя і ўключаюць непраўдзівыя паказанні.
Адзначым, што падобныя фэйкі з трансфобным падтэкстам не новыя. Раней такія непраўдзівыя чуткі былі накіраваныя і супраць іншых вядомых жанчын-палітыкаў, напрыклад, супраць былой першай лэдзі ЗША Мішэль Абамы, былой віцэ-прэзідэнткі ЗША Камалы Харыс і экс-прэм'еркі Новай Зеландыі Джасінды Ардэрн. Іх актыўна распаўсюджвае расійская і лукашэнкаўская прапаганда.
Каментары