Мова66

Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: вынікі новага апытання

«Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно».

Фота з сацыяльных сетак

Аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная апытала 482 чалавек ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове.

Акрамя статыстыкі даследаванне ўтрымлівае кароткія аповеды ўдзельнікаў пра розныя праблемы і жыццёвыя сітуацыі, звязаныя з выкарыстаннем беларускай мовы, а таксама інфармацыю аб сітуацыі з беларускай мовай у розных сферах.

Знаёмім з асноўнымі вынікамі. 

Толькі кожны пяты з апытаных адзначыў, што не сутыкаецца з перашкодамі пры карыстанні беларускай мовай. Пры гэтым, калі разглядаць розныя жыццёвыя сітуацыі, то найбольш часта (фактычна тры з пяці апытаных, ці 58,9%) людзі сутыкаліся з асаблівым стаўленнем да сябе (як пазітыўным, так і негатыўным) з-за размовы па-беларуску ў адносінах з незнаёмцамі.

Амаль кожны другі (48,8%) адчуў такое стаўленне ў сферы паслуг, кожны трэці — з боку дзяржавы (36,9%) ці ў сферы адукацыі (35,5%), кожны чацвёрты — з боку сям'і (26,1%), у сферы аховы здароўя (26,3%) і на працы (27,4%). 

Стаўленне да беларускамоўнага ў розных жыццёвых сітуацыях

«Ой, нават, калі хто-небудзь кампліментарна каментуе тваю мову, адчуваеш сябе, нібы афрыканец, чарнатой скуры якога захапляюцца: «Ох, такая чорная!» — прыводзіцца каментар аднаго з апытаных.

Адукацыя

У даследаванні прыводзяць звесткі пра адукацыю і выхаванне рэспандэнтаў. Так, у дзіцячым садку на беларускай мове выхоўвалася 7,5 %. Пры гэтым толькі 6,8% адзначылі, што бацькі мелі права абраць беларускую мову выхавання ў садку.

А вось са школьнай адукацыяй сітуацыя выглядала трохі лепш. Доля тых, хто навучаўся на беларускай мове, вырасла ў два разы (14,9%) у параўнанні з дзіцячым садком.

Што да вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то толькі 7,1% апытаных адзначылі, што навучаліся па-беларуску.

Аднак у дадатак да гэтай колькасці амаль кожны дзясяты (9,9%) меў магчымасць слухаць лекцыі на дзвюх мовах. Амаль кожны дзясяты з апытаных адказаў, што меў магчымасць абраць беларускую мовай навучання ў ВНУ ці ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

«Найбольш рэзка адчуваеш моўную дыскрымінацыю, калі пачынаеш выхоўваць дзіця. Па-першае, гэта вельмі дорага — кнігі, метадычны матэрыял. Вы не можаце проста пайсці ў краму і набыць, напрыклад, карткі са словамі ці нешта такое, як гэта робяць рускамоўныя маці. Па-другое, беларускамоўныя дзіцячыя садкі — гэта хутчэй прафанацыя і падман. Напрыклад, садок пазіцыянуецца беларускамоўным, але фактычна там толькі раз на тыдзень нешта па-беларуску адбываецца», — прыводзіцца каментар апытанай Валерыі.

Звяртаецца ўвага на змены, якія адбыліся ў краіне за апошнія тры дзесяцігоддзі ў справе адукацыі. Адпаведна афіцыйнай статыстыцы, у 1987/1988 навучальным годзе ў дашкольнай дзіцячай установе на беларускай мове выхоўваўся амаль кожны пяты (19,35%). У 2005/2006 і 2010/2011 гадах — кожны восьмы (адпаведна 12,7% і 12,8%). У наступныя гады лічба паступова зніжалася і ў 2020/2021 гадах на беларускай мове выхаваннем было ахоплена толькі 9% дзяцей, якія наведвалі дашкольныя дзіцячыя ўстановы.

Найбольшая доля людзей (32,9%), што навучаліся ў школах па-беларуску, прыпадае на 1996/1997 навучальны год. Лічбы 1994/1995 і 2000/2002 гадоў амаль аднолькавыя. У гэтыя гады навучаліся па-беларуску адпаведна 29,4 і 29%. А вось далей адбываўся паступовы спад.

За 20 гадоў (з 2000/2001 па 2020/2021 навучальныя гады) паказчык знізіўся на 19 працэнтаў і склаў у 2020/2021 годзе 10,2%.

Найгорш становішча выглядае з ВНУ і ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У іх у 2005/2006 навучальным годзе на беларускай мове атрымлівалі адукацыю толькі 1,9% навучэнцаў (студэнтаў). У 2020/2020 годзе гэты паказчык склаў 0,09%.

Каментар апытанай Кацярыны: «У нас на гістфаку усе прадметы, якія выходзілі за рамкі гісторыі, выкладаліся па-руску. Нашае аддзяленне фармальна павінна было быць беларускамоўным, але фактычна такім не было». 

Інфармацыя і беларуская мова

Найлепш выглядае сітуацыя з інфармацыяй на беларускай мове ў грамадскім транспарце. Два чалавекі з трох (63,9%) адзначылі, што ў большасці выпадкаў могуць атрымаць па-беларуску інфармацыю пра расклад руху, а таксама пра прыпынкі, тарыфы (апавяшчэнні, аб’явы кіроўцаў, інфармацыйныя шыльды).

Сярод апытаных больш за палову (52,1%) адзначылі, што могуць атрымліваць усе навіны, якія іх зацікавяць, па-беларуску. А вось у інтэрнэце на беларускай мове можа знайсці неабходную інфармацыю толькі кожны сёмы (15,1%).

Каментар апытанай Марыі: «Дыскрымінацыя ёсць на сайтах, калі запаўняеш форму, напрыклад для замовы. Бывае, што ў сайта няма беларускамоўнай версіі, але запоўніць заяўку я магу па-беларуску. Але бывае, што проста немагчыма запоўніць па-беларуску — сайт не прапускае беларускую мову, выдае памылку».

Кожны трэці рэспандэнт (34,4%) адзначыў, што ў большасці выпадкаў патрэбная яму інфармацыя на шыльдах і ўказальніках з назвамі вуліц, дарожных знаках, інфармацыйных стэндах даступная на беларускай мове. Кожны сёмы (14,1%) адзначыў магчымасць атрымліваць прававую інфармацыю па-беларуску.

«У СССР было больш беларускай мовы, — прыводзіцца каментар апытанага Аляксандра. — Дыскрымінацыя паўсюль, пачынаючы з крамы. Схадзіце па бульбу ў краму: вы там «бульбу» знойдзеце ці «картофель»? Раз дзве мовы — усё павінна быць на дзвюх мовах. Проста ў нас пра гэта мала хто задумваецца».

А вось важныя апавяшчэнні ад дзяржавы праз смс/радыё/ тэлебачанне/газеты на беларускай мове (пра небяспечнае надвор’е і іншае) атрымлівае толькі кожны дваццаты (4,8%).

Амаль столькі ж рэспандэнтаў (4,4%) станоўча адказалі на пытанне аб магчымасці атрымліваць інфармацыю пра тавар на беларускай мове ў крамах і аптэках.

Такая ж доля апытаных (4,4%) запэўніла, што на беларускую мову перакладаецца ўвесь патрэбны ім кантэнт (кнігі, фільмы, артыкулы на цікавыя ім тэмы) і яны могуць у кавярнях і рэстаранах у большасці выпадкаў атрымаць меню па-беларуску.

Магчымасць атрымліваць інфармацыю на беларускай мове

Абслугоўванне ва ўстановах

Сітуацыя з абслугоўваннем на беларускай мове выглядае дрэннай. Толькі 2,1% апытаных адзначылі, што ім хапае беларускай мовы ў абслугоўванні, а таксама ў дзяржаўных і прыватных установах.

Калі разглядаць больш канкрэтна, то па-беларуску ў цырульнях маюць магчымасць быць абслужанымі 2,3% рэспандэнтаў. Толькі 1,9% адзначылі, што іх у большасці выпадкаў у кавярнях і рэстаранах абслугоўваюць па-беларуску. У крамах гэты паказчык раўняецца 1,5%, у банках — 1,2%.

«Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно», — згадвае апытаная Таццяна.

Фактычна цалкам рускамоўныя ў Беларусі дзяржаўныя ўстановы і медыцына. Так камунікацыя ў выканкамах, міліцыі, падатковай, пошце на беларускай мове адбываецца ў 0,8% апытаных. Толькі 0,6% з іх адказалі, што камунікацыя ў бальніцах і медычных установах у большасці выпадкаў адбываецца па-беларуску.

Каментар апытанай Ірыны: «Я была адзіная цяжарная ў нашай кансультацыі, у каго была картка на беларускай мове».

Пры гэтым кожны шосты (16,6%) адзначыў, што мае магчымасць аформіць большасць патрэбных яму дакументаў на беларускай мове (страхоўкі, дамовы, даверанасці і іншае). У той час, як атрымаць бланкі, аформленыя па-беларуску, могуць толькі 4,1% апытаных.

Чытайце яшчэ:

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

«Мова тады будзе ў бяспецы, калі на ёй пачнуць размаўляць бандыты і прастытуткі». У новай справаздачы МУС ёсць цікавая дэталь

Што было з беларускай мовай у Расійскай імперыі і пры нямецкай акупацыі? Выпускі пра гісторыю роднай мовы — у Ютубе

«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 

Каментары6

  • Ёсік
    12.05.2023
    Амаль ніхто не ведае, што такое ялавічына. Кава, гарбата, кубак, нават, цукар. Вы ж вучыліся ў Беларусі, няўжо не ведаеце гэтых слоў, пытаюся? Каждаму сваё, з гонарам адказала мне маладая дзяўчына, мушчына, не мішайце работать, з добрым трасянкавым пранонсам адказала яна.
  • Алек. Ру
    12.05.2023
    На вялікі жаль, у сëнняшней лукашыстскай Беларусі дэ-юрэ беларуская мова ëсць, але дэ-факта яе няма. Сінія пальцы выціснулі мову адусюль. І што самае ганебнае, пад бурныя апладысменты тутэйшых.
  • Доктар
    12.05.2023
    Не еўрапейская краіна, а імперскі куток. Але насельніціва пад Масквой пачуваецца добра, вось толькі Луку на Ціхарыку замяніць - і надыйдзе дземократія, як Шрайбман з Кацам абяцалі! 

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»40

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Анастасія Нюфер з ЗША, вызваленая ў Беларусі ў дзень выбараў, апублікавала першае фота

Два гомельскія кур‘еры забралі 100 тысяч у 87-гадовай жанчыны, кінулі куратара і пачалі салодкае жыццё5

У 35 гадоў памёр падпалкоўнік, які займаўся асабліва важнымі справамі ў цэнтральным апараце МУС7

Мус мока. Як насіць самы модны колер гэтага года?12

Адміністрацыя Трампа скарачае штат USAID у 30 разоў8

На мяжу вярнулася чарга з аўтамабіляў1

Міліцыя расказала, што рабіць пры шантажы інтымнымі фота ў Сеціве

Пошта не перасылае грошы некаторым палітвязням

Трамп увёў тарыфы для Кітая і хоча абкласці імі Еўрасаюз. Ці закране Беларусь?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»40

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць