З літоўскага боку мяжы мясцовыя жыхары ўмеюць па-літоўску, але часцей гавораць, як там кажуць, «папросту». А з беларускага боку мяжы людзі перасталі быць двухмоўнымі.
Артыкул мовазнаўцы Ніёле Туамене (Nijolė Tuomienė) пад назвай «Развіццё літоўскіх гаворак у зоне актыўнага балта-славянскага кантакту: прыкметы распаду марфалагічнай структуры» быў апублікаваны ў латвійскім навуковым часопісе «Valoda: nozīme un forma».
Туамене працуе старшым навуковым супрацоўнікам у Цэнтры геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы (Lietuvių kalbos institutas, Geolingvistikos centras). І даследуе яна гаворкі роднага для сябе краю — яна нарадзілася ў 1971 годзе ў вёсцы Рамашканцы Воранаўскага раёна, калі яшчэ ніякай мяжы паміж Літвой і Беларуссю не было.
У сваім новым артыкуле Туамене апісвае стан паўднёвага аўкштайцкага субдыялекту літоўскай мовы, на якім размаўляюць ці даўней размаўлялі ў вёсках абапал дзяржаўнай мяжы. Мяжы, якая да 1990-х гадоў існавала толькі на картах і мала паўплывала на моўныя працэсы.
Даследчыца прааналізавала матэрыял, які ахоплівае амаль сем дзесяцігоддзяў — з другой паловы XX стагоддзя да першай чвэрці XXI стагоддзя.
Туамене даследавала і параўноўвала сучасную мову некалькіх пакаленняў, каб пабачыць змены ў маўленні карэнных жыхароў.
Даследаванне ахоплівала большую частку памежнага Салечніцкага раёна Літвы і Воранаўскага раёна Беларусі, адкуль паходзіць сама Туамене. Гэта зона інтэнсіўнага моўнага кантакту і масавага запазычання паміж імі. Усяго ў розныя гады было апытана і запісана 89 шматмоўных рэспандэнтаў старэйшага, сярэдняга і малодшага пакаленняў.
З літоўскага боку былі ахоплены 17 паселішчаў, з якіх 10 адносяцца да паўднёвааўкштайцкага субдыялекту: Руднікі, Гудзелі, Малыя Салечнікі, Куршы, Конюхі, Вялікія Салечнікі, Вежанцы, Эйшышкі, Бутрымоны, Даўгіданцы. Астатнія 7 паселішчаў адносяцца да ўсходнеаўкштайцкага субдыялекту — гэта Мацюці, Межаны, Даўляны, Дойліды, Курмяляны, Табарышкі і Яшуны.
У літоўскіх Вялікіх Салечніках, Конюхах, Дойлідах, Даўлянах, Межанах, Мацюцях і Вежанцах было шмат людзей, якія разумелі літоўскую мову, але з цяжкасцямі размаўлялі на ёй, а большасць увогуле не гаварыла на ёй.
З беларускага боку даследаваліся некалькі літоўскамоўных «астраўкоў», якія належалі да паўднёвааўкштайцкага субдыялекту. Яшчэ сто гадоў таму ў Воранаве, Зарэччы, Асаве, Начы, Радуні, Пліках і Пелясе актыўна карысталіся літоўскай мовай.
Туамене зафіксавала ў гэтым рэгіёне працэс знікнення літоўскіх дыялектаў праз інтэнсіўныя запазычанні з беларускай мовы. Пад пастаянным уплывам славянскіх моў літоўскія дыялекты перажываюць складаныя дэгенератыўныя змены. Літоўская мова, выцесненая ў гэтым рэгіёне з грамадскага жыцця, страчвае свае асноўныя функцыі і замяняецца іншымі мовамі. Гэта адбылося проста на вачах: за два-тры пакаленні.
Білінгвы ігнаруюць правілы літоўскага словаўтварэння, літоўскія словы часта атрымліваюць нетыповыя беларускія канчаткі, змяняецца семантыка словаў, назіраецца блытаніна роду назоўнікаў. Напрыклад, некаторыя абстрактныя назоўнікі, якія ў літоўскай мове звычайна маюць жаночы род, выкарыстоўвалі ў форме мужчынскага роду, бо такі род маюць іх беларускія эквіваленты. Гэтыя змены адбываюцца як на тэрыторыі Беларусі, такі і на тэрыторыі Літвы.
Беларуская мова, як асноўная для маладога пакалення, становіцца галоўнай мовай зносін у сям'і. Носьбіты дыялектаў, якія ўсё менш размаўляюць на літоўскай мове ў сваім паўсядзённым жыцці, пачынаюць разглядаць беларускую мову як асноўны сродак камунікацыі, лёгка ўключаючы яе элементы ў сваю мову. Большасць проста перакладаюць свае думкі або асобныя сказы з беларускай мовы на літоўскую.
Даследчыца, карыстаючыся тэрміналогіяй вядомага аўстрыйскага мовазнаўцы Вольфганга Дрэслера, называе сітуацыю літоўскай мовы з беларускага боку мяжы «смерцю мовы».
Вось як змены ў моўнай сітуацыі на Віленшчыне за перыяд 1890—2021 гадоў выглядаюць на мапе. Фіялетавым пазначаны рэгіёны, дзе змены адбыліся на карысць літоўскай мовы, зялёным — на карысць славянскіх моў.
А такую сітуацыю зафіксаваў перапіс, праведзены ў Літве ў 2021 годзе.
Даследаванні моўнай сітуацыі ў краі паказваюць, што літоўская мова за стагоддзе адваявала сабе гарады Вільню, Трокі, Янава і Шырвінты, дзе раней дамінавалі славянскія мовы. Але ў сельскай мясцовасці яе ўжыванне, наадварот, моцна скарацілася пад ціскам рускай, польскай і беларускай моваў. У прыватнасці, страчаны ўсе аўтэнтычныя моўныя астравы ў Дзевянішках, наяўнасць якога абумовіла гэты непаўторны выступ у беларуска-літоўскай мяжы, на славянскія мовы перайшлі таксама Гервяты і Лаздуны.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары