Чалы расказаў, чаму ставіў на Крутога і ў чым памылка Лукашэнкі
«Назіраючы за рэчамі, я са шматлікіх аскепкаў склаў версію, якая сапраўды працавала працяглы час».
![Dmitry Krutoy Alexander Lukashenko Дмитрий Крутой Александр Лукашенко Дзмітрый Круты Аляксандр Лукашэнка](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/imgonline-com-ua-resize-xuczpdfkxwpck-csear.jpg.webp)
У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» эканаміст Сяргей Чалы расказаў, чым Лукашэнка расчараваў чыноўнікаў і якую памылку зрабіў. А таксама патлумачыў свае памылкі ў прагнозах.
Чым Лукашэнка расчараваў чыноўнікаў
«Магу сказаць, хіба што нават пасля 2020 года, пасля ўсіх жахаў, якія выклікалі дэманстрацыі, (…) у Лукашэнкі быў шанец неяк не перагарнуць старонку, тыпа «я застаюся», а ўсё ж такі прыдумаць нейкі варыянт [адстаўкі]. Ён насамрэч і быў у яго. Ён шмат у чым быў навязаны яму Пуціным. «Давай дамовімся, што гэта твой апошні тэрмін».
І ён роўна так расказваў сваім чыноўнікам. Калі згадаць апошнія тыдні выбарчай кампаніі 2020 года, ён жа не з [простымі] людзьмі размаўляў. Ён размаўляў з сілавікамі і чыноўнікамі. І вось там быў меседж «я ведаю, што я вам надакучыў», — заўважае Чалы і згадвае пра распрацоўку «варыянта адыходу на запасныя пазіцыі» — праведзеныя змены ў Канстытуцыю, наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу.
«Як гэта ўсё было класна прадумана. Пазіцыя такая (старшыні Усебеларускага народнага сходу — НН) наўпрост пад Лукашэнку пісалася. (…) Ты знаходзішся на пазіцыі, дзе нічога не робіш, але пры гэтым можаш пры жаданні нават зняць прэзідэнта», — гаворыць Чалы і даводзіць, што ўпэўнены ў тым, што гэты варыянт быў бы прыняты беларускім грамадствам. Бо ў выніку на пасадзе прэзідэнта быў бы новы чалавек, які б абяцаў, што пры ім «будзе ўсё па-іншаму, наладзім адносіны з Захадам».
«Гэты варыянт быў бы магчымы. І я ведаю: тое, што адбылося, выклікала проста вялізнае расчараванне», — даводзіць эканаміст.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/-ovwkd.jpg.webp)
Чаму Чалы ставіў на Крутога
У свой час Сяргей Чалы дастаткова доўга гаварыў аб тым, што ў будучых прэзідэнцкіх выбарах замест Лукашэнкі будзе прымаць удзел Дзмітрый Круты.
«Я абсалютна сумленным спосабам, назіраючы за рэчамі, са шматлікіх аскепкаў склаў версію, якая працавала сапраўды працяглы час», — заўважае Чалы і тлумачыць:
«Я проста казаў аб тым, што цалкам відавочна, што гэтага чалавека вялі. Па-першае, вельмі хуткая кар'ера. Па-другое, ён сам патомны чыноўнік. Ёсць жа вельмі даўно ўжо адпрацаваная паслядоўнасць хадоў. Чалавек, які патэнцыйна разглядаецца на пераемніка, павінен прадэманстраваць пэўныя якасці на розных пасадах.
Гэта пажадана кіраўнік прадпрыемства. Гэта пажадана які-небудзь профільны міністр ці віцэ-прэм'ер па галіне. (…) Гэта пасол у Расіі. Хаця можа быць і міністрам краіны. (…) І гэта кіраўнік адміністрацыі. У ідэале ты павінен быў яшчэ завершыць прэм'ерам. Чаму? Таму што ты павінен прадэманстраваць веды мікра[эканомікі], галіны, кіравання народнай гаспадаркай, аперыраваць з Расіяй, то-бок навучыцца адтуль здабываць рэсурсы. Што такое адміністрацыя [прэзідэнта]? Адміністрацыя — гэта кіраванне кадрамі», — тлумачыць Чалы. І згадвае, што «роўна па такім шляху ішоў Кабякоў». Адзначым, што Андрэй Кабякоў не мог стаць прэзідэнтам, бо нарадзіўся ў Расіі.
Адносна Крутога аналітык заўважае, што на фоне змен у Канстытуцыі, увядзення пасады старшыні УНС, «было дакладна відаць, што яго давядуць» да пасады прэзідэнта. А сам Лукашэнка «пастаянна яго з сабою цягаў і пастаянна пальцам на яго паказваў.
Ён рэальна проста на яго паказваў: «Вы мне дарэмна цяпер дзякуеце. Вы павінны прывыкаць да таго, што мяне хутка не будзе. І будуць іншыя людзі». Гоп — і на яго [паказваў]», — згадвае Чалы і прыводзіць у прыклад сюжэт аб Крутым, паказаны беларускім тэлебачаннем:
«Гэты сюжэт рэальна зроблены прафесіяналам. Гэта адразу выразна відаць. Ён проста адрозніваецца ад усяго гэтага г***а, якое яны робяць па лякалах. (…). Гэта цалкам была дакладная праца на Крутога. (…) Там была настаўніца, якая яго згадвала, якраз пра ўсмешку. Там была яго гісторыя пра беларускую мову, дзе ён успамінаў, што яму складана было пасля школы па-руску размаўляць. Гэта ж таксама меседж. Вось гэта вось гісторыя з ешыбай адноўленай, якую менавіта ён пайшоў адкрываць. Ну, Лукашэнка ж не можа. Мы ж ведаем яго адносіны да яўрэяў. (…)
Таму ён гэта робіць. І там настолькі быў сабраны вобраз адказнага чалавека, які выдатнік і да гэтага. Плюс яшчэ і чалавечная рыса. І там нават унутры нічога не значных кавалкаў былі ўсё роўна закладзены рэчы, якія павінны заходзіць у падсвядомасць, якія давалі б людзям, якія глядзяць гэты сюжэт, разуменне таго, што ён радыкальна нічога не памяняе, але проста зробіць лепш, чалавечней і гэтак далей».
Самая невытлумачальная падзея беларускай палітыкі
Сяргей Чалы не пагаджаецца з меркаванне аб тым, што ён памыляўся ў сваіх прагнозах адносна Дзмітрыя Крутога як кандыдата на пасаду прэзідэнта:
«Што значыць «памыляўся»? Тэндэнцыя існавала. Крутога, несумненна, вялі. Усе, з кім я спрачаўся на гэтую тэму, ніхто не змог мне запярэчыць».
«Я, вядома, разумеў, што шанец вельмі малаверагодны. Але для мяне было важна расказваць аб тым, што гэты план сур'ёзна разглядаўся. Гэта не частка шоу», — заўважае аналітык.
Чалы нагадвае, што сваю версію ён выказаў у лютым 2024 года і яна «працавала вельмі доўга», улады «вялі сябе менавіта так, што пацвярджае яе сапраўднасць».
Але потым, як згадвае аналітык, адбылася невытлумачальная падзея — прызначэнне даты выбараў.
«Гэта прызначэнне даты, якую перанеслі ж на месяц наперад. Гэта з'яўляецца адной з самых невытлумачальных падзей беларускай палітыкі зараз.
І больш за тое, я сцвярджаю, што калі мы здолеем даведацца і зразумець, чаму гэта здарылася, мы зразумеем вельмі шмат з таго, чаго не разумеем да гэтага часу. Бо гэтае рашэнне зламала нават ім самім план. Наогул у гэтым не было ніякай неабходнасці», —
лічыць Чалы і дадае, што заява Лукашэнкі аб удзеле ў выбарах стварыла для чыноўнікаў «шмат праблем, якія ні з якой логікі не выцякалі» і «выклікала вельмі вялікае расчараванне, у тым ліку ў яго ўласным апараце».
У чым памылка Лукашэнкі: нечаканы прагноз Чалага
Падчас размовы Чалы зрабіў прагноз, які ён сам аднёс да малаверагодных, з серыі «чорных лебедзей», аднак які яму падаецца «сцэнарна лагічным».
«Мне здаецца, што адмова Лукашэнкі ад схемы пераемніцтва на карысць схемы наследавання, гэта памылка. У якім сэнсе? Ён абраў сцэнар некантраляванай перадачы ўлады», — даводзіць аналітык, і заўважае, што для Лукашэнкі рабілі «сцэнар кіраванай перадачы». Абраны ж сцэнар, як ён лічыць, гэта сцэнар «халоднага лета 1953 года», які «для краіны, і для яго прыхільнікаў, і для яго сапернікаў адзін з самых горшых варыянтаў».
«Нічога дэмакратычнага ў такіх рэчах няма. Гэта значыць, калі мы паглядзім на статыстыку, значна менш працэнтаў дэмакратызацыі аўтарытарнага рэжыму ў выпадку смерці першай асобы», — даводзіць Чалы.
Каментары
не - знаходзяцца тыя, хто яшчэ ў гэта верыць. а чаламу з перадвыбарчага штабу лукашэнкі, які шмат год ягоныя выказванні тыпу аналізаваў, сорамна мусіла б такое казаць