Свет22

Трамп гаворыць пра зніжэнне цэнаў на нафту, але хто будзе зніжаць?

Нафтавы бізнэс жыве па сваіх законах.

Падчас перадвыбарчага мерапрыемства Дональда Трампа ў жніўні 2024 года, Мічыган. Фота: Alex Brandon / AP / Архіў

Сланцавая стаўка Трампа

Адным з перадвыбарных лозунгаў Трампа быў: «Свідруй, дзетка, свідруй!» (Drill, baby, drill!). Падчас інаўгурацыі гэты лозунг загучаў ужо ў форме праграмнага пункта яго прэзідэнцтва.

Прэзідэнт лічыць, што новая «хваля нафты» дапаможа вырашыць шэраг праблем: стрымаць інфляцыю і адкрыць шлях да зніжэння працэнтных ставак. Акрамя таго, больш актыўная здабыча магла б умацаваць пазіцыі ЗША ў будучым супрацьстаянні з нафтадзяржавамі — Расіяй і Іранам. 

Кіт Келаг, спецыяльны прадстаўнік Трампа па Украіне і Расіі, заявіў, што сусветным вытворцам варта знізіць цэны да 45 долараў за барэль, каб прымусіць Расію спыніць вайну супраць Украіны.

Як піша The Wall Street Journal, нафтавая палітыка Трампа не знаходзіць водгуку ні ўнутры ЗША, ні за іх межамі.

Выданне цытуе кіраўнікоў нафтавай галіны, якія адзначаюць, што новы амерыканскі нафтавы бум у найбліжэйшы час не прадбачыцца, незалежна ад таго, колькі рэгуляцый будзе адменена. Падчас мінулага сланцавага буму многія вытворцы давялі сябе да банкруцтва, таму цяпер галіна засяроджваецца на скарачэнні выдаткаў і вяртанні грошай інвестарам.

Саудаўцы ўжо раз гублялі грошы праз амерыканскія просьбы

Фіксацыя Трампа на нізкіх цэнах раздражняе некаторых у нафтавай галіне. Занадта нізкія цэны могуць стаць катастрафічнымі для амерыканскіх сланцавых кампаній.

Дарадцы прэзідэнта прызнаюць, што амерыканскія фрэкеры не будуць значна павялічваць здабычу нафты. Тым не менш, яны спадзяюцца пераканаць Арганізацыю краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) і Саудаўскую Аравію, фактычнага лідара групы, каб яны выкідвалі на рынак больш бараляў.

Перад інаўгурацыяй каманда Трампа паведаміла, што ён мае намер паехаць у Саудаўскую Аравію, каб атрымаць гарантыі, што каралеўства зможа закрыць любы «нафтавы вакуум», калі ЗША ўзмоцняць ціск на Іран. Паводле крыніц, Іран можа страціць 500—750 тысяч барэляў экспарту штодня з-за магчымых санкцый, калі не спыніць сваёй ядзернай праграмы.

Аднак, як заўважаюць аўтары The Wall Street Journal, пры больш нізкіх цэнах на нафту Саудаўскай Аравіі будзе цяжка забяспечваць дастатковы даход для фінансавання сацыяльных паслуг, штомесячных выплат грамадзянам і буйных інфраструктурных праектаў.

Паводле Міжнароднага валютнага фонду, каб збалансаваць бюджэт у гэтым годзе, краіне патрэбны кошт каля 90 долараў за бараль.

«Між Трампам і Саудаўскай Аравіяй цяпер ідзе супрацьстаянне з-за цэнаў на нафту», — адзначае адзін з былых амерыканскіх чыноўнікаў.

Два былыя амерыканскія чыноўнікі заўважылі, што Саудаўская Аравія не хоча паўтарэння сітуацыі 2019 года, калі па просьбе Трампа павялічылі здабычу, а потым прэзідэнт ЗША нечакана дазволіў выключэнні для некаторых кліентаў Ірана, што выклікала перанасычэнне рынку і зніжэнне цэнаў.

Акрамя таго, саудаўцы прыватна сцвярджаюць, што ім патрэбен удзел Расіі ў рамках АПЕК+ — альянсу паміж картэлем і іншымі вытворцамі, уключаючы Расію, — каб падтрымаць цэны. 

Сланцавы бум не хутка вернецца 

Паводле слоў Эда Крукса, віцэ-старшыні па Амерыцы кансалтынгавай фірмы Wood Mackenzie, памкненні хаця б нязначна павялічыць здабычу з цягам часу «не з’яўляюцца зусім нерэалістычнымі», аднак могуць заняць гады. 

Паводле слоў эксперта, «сярод ранніх новаўвядзенняў у рэгуляванні Трампа мы не бачым нічога, што кардынальна змяніла б эканоміку вытворчасці».

Кіраўнікі нафтавых прадпрыемстваў чакаюць, што здабыча ў ЗША, якая ўжо знаходзіцца на рэкордным узроўні, будзе павялічвацца павольнымі тэмпамі, калі цэны не падрастуць.

Дэпартамент энергетыкі прагназуе, што здабыча ўнутры краіны вырасце прыблізна на 2% — да 13,7 мільёна барэляў у дзень да снежня 2025 года, а потым застанецца прыкладна на тым жа ўзроўні ў 2026 годзе. 

Такі рост наўрад ці задаволіць неадкладнае жаданне Трампа праліць «нафтавую залеву» і можа аслабіць яго здольнасць уводзіць нафтавыя і газавыя санкцыі супраць Расіі або Ірана без росту цэнаў на паліва.

Каментары2

  • Алесь
    03.02.2025
    Каменный век закончился не потому,что закончились камни. Надо вкладывать капитал в разработку ИИ и термоядерный синтез.
  • Барадзед
    03.02.2025
    Алесь, особенно в синтез.

Стала зразумела, чаму кіраўнік беларускага Ernst&Young не змог асабіста развітацца з калектывам4

Стала зразумела, чаму кіраўнік беларускага Ernst&Young не змог асабіста развітацца з калектывам

Усе навіны →
Усе навіны

Былы гомельскі журналіст і палітвязень Андрэй Толчын на волі

«Апошні экзамен чалавецтва». Для нейрасетак стварылі максімальна складаны акадэмічны тэст — і вось які вынік6

На 11-гадовага хлопчыка ўпалі футбольныя вароты, ён шпіталізаваны4

У Беларусі стварылі сухое марожанае10

У Жыткавічах у галаве 10-гадовага хлопчыка знайшлі дзве дзіркі8

Даляр сёння даражэе на тры капейкі

У цэнтры Мінска выцягнулася вялізная чарга ФОТАФАКТ19

Беларуска не знайшла сябе ў спісе выпускнікоў школы — лічыць, што праз палітычныя погляды4

«Невядома, калі мы атрымаем наступны заробак». Як прыпыненне падтрымкі ад ЗША паўплывала на беларускія СМІ і НДА6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала зразумела, чаму кіраўнік беларускага Ernst&Young не змог асабіста развітацца з калектывам4

Стала зразумела, чаму кіраўнік беларускага Ernst&Young не змог асабіста развітацца з калектывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць