«Невядома, калі мы атрымаем наступны заробак». Як прыпыненне падтрымкі ад ЗША паўплывала на беларускія СМІ і НДА
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які спыняе праграмы дапамогі іншым краінам на 90 дзён. Гэта закранула многія беларускія незалежныя СМІ, НДА ды іншыя праекты, піша Радыё Свабода.
Некаторыя беларускія мэдыйныя праекты і недзяржаўныя арганізацыі заявілі пра магчымасьць закрыцьця, пасьля таго як ЗША паводле ўказу Дональда Трампа прыпынілі на 90 дзён фінансаваньне замежных праектаў. Іншыя незалежныя СМІ анансавалі закрыцьцё некаторых праектаў і магчымыя скарачэньні.
ЗША, як і Эўразьвяз, — значны донар для беларускіх недзяржаўных СМІ і НДА. Сродкі на іх выдзяляюць Агенцыя ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) і Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED). USAID — буйны донар шэрагу мэдычных, навуковых, гуманітарных і культурных праектаў па ўсім сьвеце. Некаторыя беларускія незалежныя ініцыятывы, якія пасьля рэпрэсій апынуліся за мяжой, атрымлівалі фінансаваньне ў межах USAID. Гэта ня толькі СМІ — таксама культурніцкія праекты, праекты ў сфэры праваабароны, рэабілітацыі палітзьняволеных.
Цяпер замежнае фінансаваньне ЗША на паўзе. Калі яно адновіцца і ў якім аб’ёме, невядома. «Свабода» распытала журналістаў і прадстаўнікоў НДА, як гэта адбілася на іх дзейнасьці.
Reform.news: «Мы хочам заставацца беларускім СМІ»
Выданьне Reform.news да рэпрэсій у Беларусі магло існаваць за кошт рэклямы і мела сваю бізнэс-мадэль, якая дазваляла працаваць. Як і іншыя незалежныя СМІ, рэдакцыю ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», працаваць унутры краіны стала немагчыма.
«У 2021 годзе нас заблякавалі ў Беларусі, мы вымушаныя былі зьехаць. Гэта руйнуе любую бізнэс-мадэль, рэклямныя грошы скончыліся, бізнэс адмаўляўся мець з намі справы, бо для іх было небясьпечна. Атрымліваецца, адзіная магчымасьць беларускім незалежным мэдыя існаваць — зьвяртацца па падтрымку да міжнародных донараў», — расказвае галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.
Па яго словах, у апошні год амэрыканскае і эўрапейскае фінансаваньне скарачалася. Журналістам давялося зьвяртацца па падтрымку чытачоў, якія ахвяравалі каля 50 тысяч эўра за год. Спыненьне амэрыканскага фінансаваньня не прывядзе да закрыцьця Reform.news, кажа Фёдар Паўлючэнка. Але значна паўплывае на яго актыўнасьць.
«Мы ня зможам утрымліваць тую невялікую колькасьць супрацоўнікаў, якіх маем. Будзем вымушаныя звальняць людзей, гэта паўплывае на якасьць. Гэта як машына, якая едзе на чатырох колах, і раптам зьнікаюць два. Чым большая рэдакцыя, тым больш складанасьцяў», — даводзіць галоўны рэдактар выданьня.
Фёдар Паўлючэнка не адмаўляе, што мэдыя за мяжой можа пабудаваць бізнэс-мадэль, якая будзе прыносіць прыбытак і дазволіць існаваць бязь зьнешняй падтрымкі. Аднак такое мэдыя ня будзе працаваць на беларускую аўдыторыю.
«Каб за мяжой завабліваць рэклямадаўца, трэба перабудоўвацца: рабіць польскае мэдыя для польскай аўдыторыі, выходзіць на ўкраінскі ці постсавецкі рынак. Але гэта ня будзе мэдыя для Беларусі. А я ня вельмі разумею, навошта мне працаваць на польскую, эўрапейскую аўдыторыю. Паміж бізнэсам і місіяй я абраў бы місію, наша асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі. А ніводнаму польскаму ці эўрапейскаму бізнэсу не цікава падтрымліваць мэдыя, якое працуе для беларускай аўдыторыі», — дадае Фёдар Паўлючэнка.
СМІ, якое працуе толькі за данаты, бязь бізнэс-мадэлі — гэта рэдкія прыклады, якіх у сьвеце адзінкі, працягвае суразмоўца. Такое можа адбыцца на плыні эмацыйнай актыўнасьці. Пагатоў беларускія чытачы ня змогуць падтрымаць 10—15 якасных рэдакцый, якія ёсьць на беларускім рынку, зважае Паўлючэнка.
У сацыяльных сетках можна пабачыць і папрокі ад карыстальнікаў. Маўляў, чаму б беларускім мэдыя ня стаць фінансава незалежнымі нават на эміграцыі? Паўлючэнка мяркуе, што цалкам дасягнуць гэтага цяпер немагчыма.
«Безумоўна, беларускія незалежныя мэдыя, як і іншыя незалежныя мэдыя, мусяць імкнуцца да фінансавай незалежнасьці. Такі папрок можна кінуць у бок брытанскага, нямецкага мэдыя. Але ў беларускіх мэдыя выбар іншы: або мы цалкам пазбавімся гэтай галіны, або будзем шукаць варыянты зьнешняй падтрымкі, бо ў якасьці бізнэсу беларускія мэдыя функцыянаваць ня могуць», — дадае суразмоўца.
Эўрарадыё: «За рэкляму ў нас беларускаму бізнэсу будзе канец на наступны дзень»
Эўрарадыё таксама мела падтрымку ад донараў з ЗША, некаторыя праекты наўпрост фінансаваліся дзякуючы ёй, кажа галоўны рэдактар Павал Сьвярдлоў.
«Рашэньне аформленае такім чынам, што цяпер некаторыя праекты трэба проста спыніць. Гэта нават ня паўза. У дакумэнтах сказана, што мы проста мусім спыніць некаторыя актыўнасьці з пэўнай даты. Напрыклад, праграму Gender Gap пра гэндэрныя стэрэатыпы. Пра тое, як прапаганда і Лукашэнка выкарыстоўваюць гэндэрныя стэрэатыпы для крытыкі», — расказвае Павал Сьвярдлоў.
Паводле суразмоўцы, зараз шмат будзе залежаць ад трываласьці беларускіх мэдыя і ад іх плянаваньня.
«Часам дзіўна чуць, што некаторыя мэдыя зьнікнуць, калі ім не заданацяць. Гэта сьведчыць пра нейкія праблемы з плянаваньнем. Мяркую, што ў выніку ўсё будзе добра і ўва ўсіх хопіць запасу трываласьці, каб пратрымацца тры месяцы. Далей, спадзяюся, падтрымка будзе ўзноўленая. Дэмакратыі ў Беларусі больш ня стала, і трэба працягваць барацьбу за перамены», — зважае Сьвярдлоў.
Таксама ён зьвяртае ўвагу на патрэбу дывэрсыфікацыі крыніц фінансаваньня для мэдыя. Што да канкрэтных наступстваў, то Сьвярдлоў гаворыць пра аптымізацыю. Іншымі словамі — звальненьні журналістаў.
«Мы ня ведаем, ці будзе замарозка на падтрымку 90 дзён, ці яе падоўжаць, а калі здымуць, які будзе мэханізм далейшай супрацы. Трэба рыхтавацца да горшага, і мы, безумоўна, будзем рэагаваць і ўжо рэагуем, будуць скарачэньні», — прагназуе суразмоўца.
Наконт прэтэнзій, што беларускія мэдыя ў выгнаньні не змаглі выйсьці на самазабесьпячэньне, галоўны рэдактар Эўрарадыё зважае на немагчымасьць зарабіць на рэкляме ўнутры Беларусі. За гэта ёсьць крымінальная адказнасьць для рэклямадаўцы.
«Калі мэдыя абвешчанае «экстрэмісцкім фармаваньнем», а зараз гэта амаль усе незалежныя мэдыя, то за яго падтрымку чалавек рызыкуе крымінальнай адказнасьцю. Магчыма, людзі ня ведаюць гэтага. У нас амаль уся аўдыторыя ў Беларусі, а калі прадпрымальнік зь Беларусі разьмесьціць у нас рэкляму, ягонаму бізнэсу будзе канец на наступны дзень», — даводзіць суразмоўца.
Павал Сьвярдлоў зьвяртае ўвагу і на прэтэнзіі наконт аб’ектыўнасьці СМІ, якія атрымліваюць гранты. На ягоную думку, гэта вынік траўмаванасьці беларускай сытуацыяй.
«Людзі ўяўляюць, што калі Лукашэнка разьмяркоўвае сваім мэдыя нейкія грошы і мэдыя іх адпрацоўваюць, падтрымліваючы ўладу, то тое самае і ў незалежных СМІ. Гэта абсалютна ня так. Для беларускіх уладаў мэдыя — гэта абслуга, а ў дэмакратычных краінах іх падтрымліваюць, каб яны выконвалі асноўныя функцыі: грамадзкі кантроль, кантроль улады, дапамога людзям», — кажа Павал Сьвярдлоў.
Галоўны рэдактар Эўрарадыё таксама кажа, што на момант размовы невядома, калі супрацоўнікі рэдакцыі атрымаюць наступны заробак.
Ініцыятыва «Годна»: «80% фінансаваньня залежала ад амэрыканскай падтрымкі»
Часовае спыненьне дапамогі ад ЗША закранула і беларускія культурныя праекты. Адносна маладая ініцыятыва «Годна» (паўстала ў 2020 годзе) займаецца прасоўваньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці і нацыянальнай ідэі празь відэаролікі, онлайн-шоў, кліпы і іншыя праекты на глебе культуры. Паводле кіраўніцы «Годна» Аліны Герашчанкі, 80% фінансаваньня кампаніі было за кошт падтрымкі ЗША.
«Гэта сур’ёзны выклік, але не нагода спыняць дзейнасьць. Мы бачым, што трэба шукаць іншыя крыніцы фінансаваньня, разьвіваць культуру данатаў і партнэрства зь бізнэсам. Але важна разумець, што ў нас няма культуры данатаў і падтрымкі ініцыятыў, яна толькі фармуецца», — кажа Герашчанка.
Кіраўніца «Годна» прыводзіць прыклад краўдфандынгавых плятформаў, якія дапамагалі і дапамагаюць беларускім праектам сабраць сродкі на існаваньне. Таксама яна зважае на важнасьць разуменьня, як такія праекты працуюць.
«Часта не прынята адкрыта казаць, што праекты атрымліваюць зьнешнюю дапамогу, што значная частка культурнай і грамадзкай дзейнасьці фінансуецца праз гранты. Таму цяпер важна ня толькі шукаць падтрымкі, але і тлумачыць людзям, як гэта працуе і чаму варта далучацца. Мы памятаем беларускія краўдфандынгавыя плятформы, такія як MolaMola і Ulej. Зараз ёсьць «Гронка» — яна паказвае, што салідарнасьць працуе», — даводзіць суразмоўца.
Аліна Герашчанка дадае, што падтрымка беларускай культуры — гэта «пытаньне захаваньня беларускай нацыі».
«Сёньня культура — гэта ня проста адна кніга, фэстываль ці шоў. Гэта пытаньне нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці і незалежнасьці. Таму заклікаю кожную і кожнага, у каго ёсьць магчымасьць: абярыце праект, які вам падабаецца, і спытайце, як яго падтрымаць», — раіць кіраўніца ініцыятывы.
Паводле інфармацыі амбасады ЗША ў Беларусі, амэрыканская падтрымка беларускіх незалежных праектаў з 2020 году склала каля 140 мільёнаў даляраў (каля 35 мільёнаў у год. — РС). Другі буйны донар — ЭЗ, цэнтралізаваная падтрымка з 2020 году на беларускія ініцыятывы — 170 мільёнаў эўра (уключна з апошнімі сродкамі, выдзеленымі ў 2024 годзе на будучыню і яшчэ не патрачанымі).
Каментары
Блізкі Усход Ізраіль адзіны апошні камрад М.Олбрайт госсек ЗША ведала аб саюзніке .Іньшы усход ?? Нават " сукіных сыноў " сваіх ні засталося Паўдзенная Карэя Японія будуюць сваю самі бяспеку. Ведаючы " гаранціі Гаранта" ...Застанецца саюзнік $ стаўкі$ камісія і два акеаны..