Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа аб'явіў сябе выканаўцам абавязкаў дырэктара USAID
Заява Марка Рубіа была зроблена неўзабаве пасля слоў мільярдэра Ілана Маска, які ўзначальвае рэфармаванне федэральнага ўрада, паведамляе CNN. Маск сцвярджаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб ліквідацыі Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
«Нашай мэтай было накіраванне нашай знешняй дапамогі ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі. Аднак, калі вы наведаеце розныя місіі і амбасады па ўсім свеце, то часта выявіце, што ў шэрагу выпадкаў USAID удзельнічае ў праграмах, якія супярэчаць нашай нацыянальнай стратэгіі ў дачыненні да той ці іншай краіны або рэгіёну. Гэта не можа працягвацца», — заявіў Рубіа.
Як стала вядома CNN ад некалькіх крыніц, на выхадныя двое высокапастаўленых супрацоўнікаў службы бяспекі USAID былі адпраўленыя ў адміністрацыйны адпачынак. Гэта адбылося пасля таго, як яны адмовіліся даць доступ да сістэм агенцтва супрацоўнікам дэпартамента ўрадавай эфектыўнасці( DOGE), нават нягледзячы на пагрозы выклікаць паліцыю.
Па словах крыніц CNN, супрацоўнікі DOGE спрабавалі атрымаць доступ да сістэм бяспекі USAID і персанальных даных супрацоўнікаў. Двое з іх таксама паведамілі, што DOGE хацеў атрымаць доступ да засакрэчанай інфармацыі, да якой маюць доступ толькі асобы з неабходнымі ўзроўнямі допуску і абгрунтаванай неабходнасцю.
У Вашынгтоне штаб-кватэра USAID была закрытая, а супрацоўнікам паведамілі па электроннай пошце, што ім варта заставацца дома.
Члены Кангрэса і супрацоўнікі агенцтва ўжо даўно рыхтуюцца да таго, што адміністрацыя Трампа можа цалкам закрыць USAID і перадаць яго функцыі Дзяржаўнаму дэпартаменту.
Пасля ўступлення на пасаду Трамп прыпыніў амаль усю міжнародную дапамогу ЗША на 90 дзён з мэтай правесці яе аўдыт на адпаведнасць знешняй палітыцы новай адміністрацыі. Выключэнні былі зробленыя для гуманітарных праграм, «якія ратуюць жыцці». Пасля гэтага некаторыя фінансаваныя ЗША праграмы сталі закрывацца.
Каментары