Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў
Украіна адкрыта да супрацоўніцтва з заходнімі партнёрамі адносна магчымай здабычы карысных выкапняў у абмен на ваенную дапамогу, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Так ён пракаментаваў словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які раней выказаўся за далейшыя ваенныя пастаўкі Кіеву, але ўжо ў абмен на рэдказямельныя металы, піша Радыё Свабода.
4 лютага Зяленскі на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі нагадаў, што адзін з пунктаў прадстаўленага ім летась «плана перамогі» Украіны прадугледжвае інвестыцыі ў карысныя выкапні, якіх у краіны «дастаткова».
Зяленскі адзначыў, што «вялікія аб'ёмы карысных выкапняў» Украіны знаходзяцца на тэрыторыях, якія з 2014 года акупавала Расія
«Мы адкрытыя да таго, што ўсё гэта можа быць распрацавана з нашымі партнёрамі, якія і дапамагаюць нам абараніць нашу зямлю, і штурхаюць ворага назад сваёй зброяй, сваёй прысутнасцю, санкцыйнымі пакетамі», — сказаў украінскі лідар.
Адначасова прэзідэнт Украіны паведаміў, што абмяркоўваў гэтае пытанне падчас сустрэчы з Дональдам Трампам у верасні 2024 года.
Каментары