«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу
Незвычайнай формы беспілотнік, па словах распрацоўшчыкаў, прызначаны як для баявых, так і для разведвальных ці нават гуманітарных мэтаў. Метад запуску цалкам аналагічны шпурлянню гульнявога мяча.
Кампанія XDown паведаміла пра стварэнне і паспяховыя выпрабаванні новага беспілотніка-камікадзэ пад назвай P.S. Killer, які сваёй формай падобны на мяч для амерыканскага футболу і запускаецца паводле таго ж прынцыпу.
Паводле рэлізу кампаніі, беспілотнік першапачаткова быў створаны для баявых і разведвальных місій Сіл спецыяльных аперацый ЗША, але таксама можа выконваць гуманітарныя функцыі.
P.S. Killer можа быць запушчаны любым чалавекам за 2 секунды паводле прынцыпу «кінуў і забыўся» — дастаткова толькі падкінуць яго ў паветра.
Дрон-камікадзэ важыць усяго каля 800 грамаў і можа несці карысную нагрузку аналагічнай вагі, пры гэтым перасоўваючыся амаль незаўважна. Хуткасць руху можа дасягаць 250 км/г, а максімальная адлегласць палёту (у залежнасці ад грузу) — больш за 64 км, адзначае кампанія XDown.
Пры стандартнай баявой нагрузцы дрон можа кропкава нейтралізоўваць пяхоту, бронемашыны і нават баявыя танкі (а таксама невялікія цэлі ў адкрытым моры), а калі замяніць выбухоўку на камеры, то беспілотнік ператвараецца ў высокакласны інструмент назірання за перасоўваннем непрыяцеля і выяўлення снайперскіх пазіцый.
Апроч гэтага, дрон можна выкарыстоўваць для дастаўкі ежы, боепрыпасаў і лекаў салдатам на поле бою, а таксама праводзіць аперацыі па пошуку і выратаванні (як у ваенны, так і ў мірны час).
Кошт аднаго такога дрона або цэлай партыі пакуль афіцыйна не называецца.
Каментары