У планах беларускай сеткі тавараў па фіксаваных цэнах «Тры цаны» — адкрыццё больш за 200 крам у Расіі. Пра гэта са спасылкай на інфармацыю рэтэйлера паведаміў партал Shopper's, піша Office Life.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/8e1e166826e976aba375c4a956104c1b-kpqd0.jpg.webp)
Паводле даных інтэрнэт-рэсурсу, ужо цяпер сетка «Тры цаны» шукае спецыялістаў па развіцці ў дзевяці гарадах Расіі.
На гэты момант у суседняй краіне працуюць восем крам беларускай сеткі. Першы з іх адкрыўся ва Уладзіміры 9 кастрычніка мінулага года.
«Сетка працягне пашырацца ў тым ліку ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Маскоўскай і Ленінградскай абласцях», — пракаментавала прэс-служба сеткі.
Рэтэйлер таксама пацвердзіў, што збіраецца стаць у Расеі «нумарам два» у сегменце крам нізкіх цэнаў» і скласці канкурэнцыю Fix Price і «Галамарт».
Раней у кампаніі заяўлялі, што адаптуюць крамы пад расійскі рынак — уключаць у асартымент больш лакальных тавараў і спецпрапановы.
У Беларусі ў сеткі ўжо 322 гандлёвыя пункты ў 150 населеных пунктах — прынамсі, так пазначана на сайце кампаніі. Неўзабаве «Тры цаны» таксама збіраюцца запусціць дастаўку тавараў.
Каментары