У Вільні паказваюць спектакль пра падзеі 2020-га. Аснова — п’еса Курэйчыка
Малы тэатр Вільні ладзіць гэтымі днямі беларускі спектакль. Гэта гісторыя пра падзеі 2020 года, якую толькі на некалькі вечароў пакажуць на беларускай мове.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/378488387_6721279801298096_1756752830441260283_n-obmca.jpg.webp)
Спектакль Infinity з’явіўся на віленскай сцэне ў кастрычніку 2022 года. Яго літаратурная аснова — рускамоўная п’еса драматурга Андрэя Курэйчыка, а таксама ўрыўкі з твораў літоўскага паэта і кінарэжысёра Ёнаса Мекаса. Для трох паказаў, што праходзяць у гэтым верасні, арганізатары зрабілі беларускія субцітры — іх для спектакля падрыхтаваў беларускі тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.
Infinity — міжнародны праект, які аб’ядноўвае ў сабе джаз і тэатр, і гэткімі мастацкімі сродкамі расказвае пра супрацьстаянне дабра і зла. Да акцёраў Малога тэатра ў гэтай пастаноўцы далучыўся шматнацыянальны джазавы калектыў NoJo Airlines Orchestra — сапраўдны аркестр на тэатральнай сцэне.
Паводле рэжысёркі спектакля Габрыэле Тумінайце, пастаноўка раскрывае супрацьстаянне рэжыму і вольнага чалавека. Рэжым парушае базавыя правы чалавека, яго самапавагу і годнасць. Чалавек мяркуе, што ў дэмакратычнай сістэме болей шануюць асобу, жыццё і правы людзей, таму ён выступае супраць рэжыму і змагаецца за дэмакратыю, за свабоду думаць і гаварыць так, як хоча. Тэатр і джаз у спектаклі — гэта нібыта спаборніцтва двух полюсаў: тэатр увасабляе напружанне аўтарытарызму, а джаз — дабро і дзейнасць свабоднай, непрыгнечанай творчай асобы.
Апошнія ў гэтым верасні паказы пастаноўкі пройдуць 21 і 22 верасня. Купіць білеты на спектакль можна па спасылцы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Эмоцыі зашкальваюць і ўціскаюць у фатэль». У Лондане паставілі «Дзікае паляванне караля Стаха»
Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА
Каментары