Сацыёлагі: Нават праўладныя беларусы не супраць «адлігі», траціна з іх — за вызваленне палітвязняў
Эксперты Chatham House прадставілі даследаванне таго, як беларусы ўспрымаюць прэзідэнцкія выбары-2025. Вынікі даследавання прэзентаваў Рыгор Астапеня, дырэктар Беларускай ініцыятывы Chatham House.
Апытанне, пра якое ідзе гаворка, праходзіла ў снежні 2024-га — студзені 2025-га, у ім паўдзельнічалі 833 беларусы. Аўтары даследавання прызнаюць, што вынікі такіх апытанняў у Беларусі могуць быць скажоныя праз фактар страху — частка рэспандэнтаў асцерагаецца выказваць крытычныя думкі наконт улады. Але, упэўненыя аўтары, фактар страху не будзе кардынальна скажаць вынікі апытання.
Апытаных падзялілі на чатыры групы: праўладныя (да такіх аднеслі 33%), нейтральныя (41%), эканамічна незадаволеныя (13%) і прадэмакратычныя (14%).
Большасць беларусаў не ўпэўненыя, што будуць галасаваць — працэнт упэўненых у сваім удзеле заўважна ніжэйшы, чым гэта было ў 2020-м: па апытанні 2020-га 75% беларусаў дакладна збіраліся галасаваць, а на сёння гэтая доля знізілася да 36%.
Толькі 45% рэспандэнтаў вераць, што галасы на выбарах будуць лічыць сумленна.
Беларусы мала ўцягнутыя ў выбарчую кампанію, і адзіная частка грамадства, хто задаволены тым, як будуць праходзіць выбары — гэта прыхільнікі праўладных поглядаў.
Даследчыкі лічаць, што на фоне антываенных настрояў беларусаў Лукашэнка сфармаваў выгадны для яго імідж палітыка, які не дае ўцягнуць краіну ў вайну. З гэтым згодныя ці схіляюцца да гэтага 68%. Але безумоўную падтрымку ён мае толькі сярод праўладных беларусаў: 89% прадстаўнікоў такой катэгорыі цалкам ці часткова згодныя, што Лукашэнка «робіць усё, каб не ўцягнуць Беларусь у вайну». У выпадку з прадэмакратычнымі беларусамі толькі 22% апытаных падзяляюць гэтую ідэю ў той ці іншай ступені.
Што да ўсяго грамадства, яно па-ранейшаму не надта задаволенае сітуацыяй у краіне. Эканоміка выклікае больш за ўсё пытанняў — 41% апытаных лічаць гэта галоўнай праблемай (і незадаволены інфляцыяй і ростам цэн). Сярод праблемных сфер адзначаюць таксама бяспеку (17%), унутраную палітыку (14%), знешнюю палітыку (10%), ахову здароўя (9%).
Агулам 47% апытаных згодны цалкам ці часткова, што ў апошні год справы ў краіне ідуць у правільным кірунку. 21% з гэтым не згодныя, астатнія 32% мелі цяжкасць з адказам.
Большасць апытаных, нават прадстаўнікі праўладных колаў, падтрымліваюць ідэю «адлігі» пасля выбараў, але мала хто ў гэта верыць. Ажно 57% рэспандэнтаў праўладных поглядаў падтрымліваюць у той ці іншай ступені ідэю, каб у Беларусі палепшыліся адносіны з Захадам, і 34% рэспандэнтаў гэтай катэгорыі за тое, каб улады працягнулі выпускаць на волю палітвязняў.
Што да астатніх катэгорый рэспандэнтаў, 53% з іх гатовыя ў той ці іншай ступені падтрымаць паляпшэнне адносін з Захадам, то-бок лічба аказалася нават меншай, чым у выпадку з праўладнымі рэспандэнтамі. І 48% беларусаў непраўладных поглядаў за тое, каб улады працягнулі выпускаць палітвязняў.
Пры гэтым рэспандэнты часта выбіралі варыянт «цяжка адказаць»: напрыклад, ажно 43% непраўладных рэспандэнтаў выбралі гэты варыянт датычна пытання пра падтрымку далейшага выхаду палітвязняў. Гэты варыянт адказу часта выбіралі і прыхільнікі Лукашэнкі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары