Навуковец прысвяціў сябе вывучэнню беларускага народнага дойлідства і ўдзельнічаў у аднаўленні Любчанскага замка і Мінскай мячэці.
Пра смерць паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына». Паводле яго інфармацыі, 88-гадовы архітэктар памёр на мінулым тыдні, развітанне адбылося 17 студзеня ў зале крэматорыя на Паўночных могілках Мінска.
Уладзімір Васілевіч Трацэўскі нарадзіўся ў 1936 годзе ў гарадскім пасёлку Парычы Светлагорскага раёна. Скончыў у 1964 годзе Беларускі політэхнічны інстытут.
Пасля працаваў у Белдзяржпраекце, дзе запраектаваў Міжнародны моладзевы цэнтр «Юнацтва» на Заслаўскім вадасховішчы, жылыя дамы ў Мінску і іншых гарадах, комплекс будынкаў па цяперашнім праспекце Пераможцаў — Дом тэхнічнай інфармацыі, Дом кнігі і Белкаапсаюза.
Шмат гадоў, з 1969 па 2017, выкладаў на архітэктурным факультэце БНТУ, у тым ліку гісторыю беларускай архітэктуры. У 2000 годзе атрымаў званне прафесара.
Народнаму дойлідству Беларусі прысвечаны многія яго работы, у тым ліку фундаментальная «Гісторыя архітэктуры народнага жылля Беларусі» (1989).
Асновай працы з’явіліся матэрыялы, сабраныя даследчыкам у 1968—1987 гадах у экспедыцыях. Трацэўскі апрацаваў багатыя архіўныя матэрыялы, абследаваў 116 раёнаў краіны, вывучыў больш за 3000 аб’ектаў, уласна рабіў абмеры, замалёўкі, фотаздымкі.
У 1993 годзе ў пецярбургскім Інстытуце імя Рэпіна абараніў кандыдацкую дысертацыю «Народнае драўлянае жыллё Беларусі XVIII — XX стст. (генезіс, эвалюцыя, нацыянальныя асаблівасці)».
Быў сябрам прэзідыума Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Распрацаваў праекты рэстаўрацыі касцёлаў у Варончы, Дараве, Бабруйску, Сёмкавым Гарадку, Воўчыне, царквы ў Вялікай Ліпе, сядзібнага комплексу ў Высокай Ліпе і інш.
Як піша канал, у апошнія дзесяцігоддзі Трацэўскі дапамагаў як навуковы кансультант пры аднаўленні Любчанскага замка, запраектаваўшы рэнесансныя купалы для вежаў. А ў Мінску пры яго ўдзеле пабудавана Саборная мячэць, якая па ўпартым патрабаванні архітэктара з'яўляецца копіяй знішчанай мінскай мячэці XIX стагоддзя.
Каментары