Запаленчыя працэсы могуць быць адной з прычын дэпрэсіі. Гэтая гіпотэза набывае ўсё больш доказаў і, магчыма, у будучыні дэпрэсію будуць лячыць з дапамогай супрацьзапаленчых прэпаратаў.
![Depressive man Мужчына ў дэпрэсіі Мужчина в депрессии](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_02/depressiveman-7brkj.jpg.webp)
Ад самых распаўсюджаных псіхічных парушэнняў, такіх, як трывога і дэпрэсія, цярпіць каля 25% насельніцтва Беларусі. Ва ўсім свеце — каля 280 мільёнаў чалавек. Але прычыны гэтых станаў дагэтуль застаюцца загадкай для псіхолагаў і нейрабіёлагаў.
Шматлікія даследаванні мозгу выявілі, што ў працэсах, звязаных з эмоцыямі, узнагародай і кагнітыўнай апрацоўкай, адбываюцца парушэнні, але іх трыгеры заставаліся незразумелымі.
Як піша Tadesspiegel, прарыў у разуменні адбыўся дзякуючы выпадковасці. Дактары заўважылі, што ў паловы анкалагічна хворых пацыентаў дэпрэсія ўзнікала пасля лячэння інтэрферонам-альфа. Гэты прэпарат стымулюе выпрацоўку спецыяльных рэчываў (цытакінаў), якія актывуюць імунную сістэму для барацьбы з ракавымі клеткамі.
Гэта прывяло даследчыкаў да гіпотэзы: магчыма, лішак цытакінаў якраз і выклікае запаленне ў мозгу і правакуе развіццё дэпрэсіі.
Даследаванні пацвердзілі: у многіх пацыентаў з дэпрэсіяй у крыві павышаны ўзровень запаленчых маркераў. Але заставалася незразумелым, з'яўляецца запаленне прычынай дэпрэсіі, ці гэта проста яе наступства.
Каб праверыць гэту гіпотэзу, вучоныя з Інстытута медыцынскай псіхалогіі і імунабіялогіі паводзін Універсітэцкай бальніцы Эсэна правялі эксперымент: здаровым добраахвотнікам уводзілі невялікую дозу бактэрыяльнай малекулы, якая выклікае запаленне. Ужо праз некалькі гадзін у іх узніклі дэпрэсіўныя сімптомы, якія хутка праходзілі. Гэта пацвердзіла, што запаленчыя сігналы могуць правакаваць дэпрэсіўны стан нават у здаровых людзей.
Як тлумачаць вучоныя, такая рэакцыя — гэта адаптыўны механізм. Падчас хваробы арганізм пераключаецца ў рэжым энергазберажэння, каб не падвяргаць сябе дадатковым рызыкам. Звычайна пасля выздараўлення настрой лепшае. Але калі запаленчыя працэсы становяцца хранічнымі, гэты механізм можа прывесці да працяглых дэпрэсіўных сімптомаў.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/03_20230306_zam_5365_-7outr.jpg.webp)
Імунапсіхіятры, якія вывучаюць узаемасувязь імуннай і нервовай сістэм, упэўненыя: запаленне адыгрывае прычынна-выніковую ролю, прынамсі ў некаторых выпадках дэпрэсіі. Гэта таксама можа растлумачыць, чаму звычайныя антыдэпрэсанты не працуюць ці працуюць недастаткова ў траціны хворых.
Такая імунная дэпрэсія можа быць вынікам віруснай інфекцыі, напрыклад, грыпу, каранавірусу ці гепатыту С. Аналіз даных жыхароў Даніі, дзе вядзецца цэнтралізаваны запіс гісторыі хваробы кожнага, паказаў, што ў тых людзей, якія перахварэлі на каранавірус, а пасля цярпелі ад дэпрэсіі ці іншых псіхічных захворванняў, у два разы больш за сярэднестатыстычнага жыхара.
Як нараджаецца імунная дэпрэсія
Вучоныя тлумачаць механізм узнікнення імуннай дэпрэсіі. Усё пачынаецца з таго, што падчас інфекцыі імунная сістэма выдзяляе запаленчыя малекулы-месенджары (цытакіны), якія запускаюць імунны адказ. Калі інфекцыя цяжкая, ён можа быць вельмі моцным і справакаваць утоеныя запаленні ў арганізме і мозгу. У выніку зніжаецца выпрацоўка важных нейрамедыятараў, такіх як сератанін, дафамін і норадрэналін, якія рэгулююць настрой.
Акрамя таго, запаленчыя сігналы ўзмацняюць выкід картызолу — гармону стрэсу. Гэта адмоўна ўплывае на рост нейронаў і іх сувязяў (сінапсаў), парушаючы іх узаемадзеянне. Пацыенты адчуваюць «туман у галаве», маюць цяжкасці з памяццю, навучаннем і адаптацыяй — тыповыя прыкметы дэпрэсіі.
Гэтыя працэсы запускаюцца, калі запаленчыя сігналы пераадольваюць гематаэнцэфалічны бар’ер — ахоўны механізм, які аддзяляе крывяносную сістэму ад мозгу і перашкаджае пранікненню шкодных рэчываў. Аднак сігналы могуць дасягаць мозгу і праз блукаючы нерв, які звязвае органы, такія як лёгкія, кішэчнік і сэрца, з мозгам. Гэта дазваляе запаленчым сігналам уплываць на мозг нават без прамога заражэння яго тканак.
Ці можна лекаваць дэпрэсію супрацьзапаленчымі прэпаратамі?
Паводле даследаванняў, супрацьзапаленчыя сродкі могуць дапамагчы некаторым пацыентам у якасці дадатку да антыдэпрэсантаў.
Аналіз 30 даследаванняў працягласцю ад чатырох да дванаццаці тыдняў з удзелам звыш 1600 чалавек, праведзены кітайскімі вучонымі, паказаў, што такія прэпараты, як аспірын, ібупрафен, амега-3 тлустыя кіслоты і нават некаторыя антыбіётыкі, могуць зніжаць сімптомы дэпрэсіі, асабліва ў спалучэнні з антыдэпрэсантамі.
Адпаведна з вынікамі даследавання, гэтыя прэпараты могуць палягчаць сімптомы дэпрэсіі больш эфектыўна (у 52% выпадкаў) або ліквідаваць іх (прыкладна ў 79%), чым плацэба. Калі супрацьзапаленчыя сродкі ўводзіліся ў дадатак да класічных антыдэпрэсантаў, эфект быў яшчэ больш выяўленым.
Адным з доказаў таго, што супрацьзапаленчыя прэпараты могуць быць карысныя пацыентам з дэпрэсіяй, сталі эксперыменты з прэпаратамі, дзе актыўным рэчывам з'яўляецца кетамін. У той час як звычайныя антыдэпрэсанты пачынаюць працаваць толькі праз некалькі тыдняў, кетамін палягчае сімптомы ў паловы пацыентаў ужо праз некалькі гадзін пасля ўвядзення.
Нягледзячы на шматлікія перспектыўныя вынікі, пакуль няма дакладных рэкамендацый, у якіх выпадках супрацьзапаленчыя прэпараты найбольш эфектыўныя. Вучоныя з Каралеўскага каледжа ў Лондане цяпер праводзяць шырокамаштабнае даследаванне, каб стварыць больш дакладныя і персаналізаваныя падыходы да лекавання дэпрэсіі.
Каментары