Уначы 28 студзеня жыхары Мазырскага раёна чулі выбух. Адбылося гэта прыблізна ў 00:55, паведамляе пра здарэнне маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/-mvwtu.png.webp)
Паводле папярэдняй інфармацыі «Гаюна», дрон-камікадзэ быў збіты сіламі СПА над Мазырскім раёнам.
Спачатку «Гаюн» напісаў, што шахед падлятае да Мазыра. «Авіяцыя ВПС РБ дагэтуль не паднятая ў неба.
Па дадзеных @operinform, ён менш чым у 6 км ад Мазыра», — напісаў канал.
Прыкладна ў 00:55 у раёне быў чутны выбух, а праз 3 хвіліны канал «Ринда моніторить» паведаміў, што гэты шахед больш не фіксуецца.
«Еўрарадыё» ўначы патэлефанавала ў аператыўна-дзяжурную службу Мазырскага РАУС.
«Усё добра. Усё пад кантролем. Не перажывайце», — адказала супрацоўніца. Але пра тое, што за выбух чулі людзі, гаварыць не стала. «Я вам нічога тлумачыць не буду», — сказаў іншы міліцыянт.
Расійскія шахеды пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 года. У канцы жніўня ў Ельскім раёне на Гомельшчыне быў збіты першы расійскі ўдарны беспілотнік. У ноч з 7 на 8 студзеня 2025-га гукі выбуху былі чутны пад Гомелем.
У Мазыры знаходзіцца буйны нафтаперапрацоўчы завод.
Каментары