Памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у Беларусі з 1 лютага павялічваецца на 2,2% і складзе 447,64 рубля. Адпаведна, павялічацца прывязаныя да гэтага паказчыка дапамогі на дзяцей, даплаты пенсіянерам і іншыя выплаты, паведаміла прэс-служба Мінпрацы. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць да 30 красавіка.
Для працаздольных беларусаў ён у сярэднім дасягне 477,22 рубля, для пенсіянераў — 326,72 рубля, для дзяцей да 3 гадоў — 280,87 рубля, ад 3 да 6 гадоў — 376,96 рубля, ад 6 да 18 гадоў — 442,76 рубля.
Такім чынам, памер дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 4476,4 рубля, другога і наступных — 6266,96 рубля. Штомесячная дапамога сем’ям у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічыцца да 223,82 рубля.
На 2,2% павялічацца таксама памеры дапамог для асобных катэгорый сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей старэйшых за 3 гады, дапамогі па доглядзе за дзецьмі-інвалідамі, дзецьмі, інфікаванымі вірусам імунадэфіцыту, і іншыя дапамогі.
Памер узроставай даплаты да пенсіі для асоб ва ўзросце 75—79 гадоў цяпер складзе 83,93 рубля, ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых — 167,87 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці I групы — 223,82 рубля.
Каментары