Вучыўся на ксяндза, працаваў на фуры, адкрыў хостэл для ўцекачоў. Гісторыя Андрэя Васоры, які памёр у Беластоку пасля комы
Беларускі палітычны ўцякач трагічна загінуў у Беластоку ад траўмы, атрыманай у канцы 2024 года. Ягоныя знаёмыя расказалі Радыё Свабодзе, якім чалавекам быў Андрэй Васора і якія добрыя справы рабіў.
Ураджэнец Ліды Андрэй Васора памёр у Беластоку 20 студзеня. Ён пакінуў Беларусь пасля жорсткага затрымання. На новым месцы адкрыў гатэль, дзе бясплатна прымаў каліноўцаў і палітычных уцекачоў. Пасля няшчаснага выпадку памёр у Беластоку ва ўзросце 47 гадоў.
Быў у рыцарскім клубе, умеў гатаваць тартар
«Ягоныя бацькі былі простыя людзі, шчырыя вернікі. Дзядзька — ксёндз. Ёсць яшчэ два браты. Гэта вядомая сям'я ў Лідзе. Іх ведаюць як палякаў, бо яны падтрымлівалі польскую культуру і традыцыі. Проста свабодныя людзі. Ён вырас у вольнай сям’і, дзе чалавек шукаў іншыя каштоўнасці, ішоў на Захад», — расказала ў размове са «Свабодай» знаёмая Андрэя Васоры з Ліды Ірэна (імя змененае).
Яна дадала, што Андрэй Васора быў харцарам. Харцарства — частка скаўцкага руху, якая ўзнікла ў Польшчы ў XIX стагоддзі. Грунтуецца на служэнні, самаўдасканаленні, працы над сабой і братэрстве. У больш сталым узросце Васора таксама быў сябрам рыцарскага клуба ў Лідзе.
«Вельмі любіў гатаваць. Такія сталы ўмеў накрыць! Заўсёды было смачна і прыгожа. Добра гатаваў тартар, розную бульбачку, шашлык. Мы часта прыязджалі да яго, сядзелі», — расказвае Ірэна.
Вучыўся на ксяндза
Андрэй Васора некалькі гадоў вучыўся ў Гродзенскай духоўнай семінарыі, збіраўся стаць ксяндзом. Але зразумеў, што гэта не яго шлях, выйшаў з семінарыі, стварыў сям’ю. Чалавек, які камунікаваў з Андрэем Васорам, калі той вучыўся ў семінарыі, на ўмовах ананімнасці расказаў, якім ён быў у той перыяд.
«Пакінуў яркія ўспаміны пра сябе як жыццярадасны, вясёлы, актыўны малады чалавек. Думаю, што часам ён быў, можа быць, і празмерна вясёлым. Ён не быў заўважаны як той, хто здольны зрабіць нейкую подласць. Быў сапраўдным чалавекам. Ёсць людзі штучныя, якія начапілі на сябе маску, каб выглядаць у вачах іншых больш правільнымі, набожнымі, святымі. Ён не быў такім», — кажа суразмоўца.
Ён адзначае, што Андрэй не здолеў прайсці праз усе рамкі семінарскага жыцця.
«Тапталіся па нырках»
У 2021 годзе Андрэя Васору жорстка затрымалі ў ягоным прыватным доме ў Лідзе. Захавалася відэа, на якім некалькі сілавікоў у рыштунку забягаюць да яго ў дом, кладуць гаспадара тварам у падлогу і чыняць допыт.
Ірэна адзначыла, што Васора ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі: «і гаварыў, і выходзіў». Ён сам расказваў ёй пра сваё затрыманне.
«Кажа: «Ведаеш, я заўважыў, што ўжо акружылі дом. Я тады схадзіў у прыбіральню. Бо для іх галоўнае — стаць на ныркі, каб усц**ся хлопец, у штаны нарабіў. Яны мне тапталіся па нырках і казалі: «Не даецца ніяк». Ён не абсікаўся. Я гэта ад яго даведалася. Я ж не ведала, што так можа быць», — расказвае Ірэна.
Яшчэ адзін знаёмы Андрэя расказвае, што Васора любіў сваю Бацькаўшчыну — Беларусь.
«Ён быў здольны вырвацца з польскага гродзенскага і савецкага бэкграўнду. Яго «круціла» ад двайной маралі некаторых святароў, якія мяняюць Евангелле на палітычную дзейнасць, выступаюць на баку рэжыму. Вельмі негатыўна выказваўся пра палякаў, якім наяўнасць «карты паляка» не перашкаджала браць удзел у знішчэнні польскіх могілак у Беларусі на загад рэжыму», — успамінае знаёмы.
Прымаў каліноўцаў і ўцекачоў
Пасля вызвалення Андрэй Васора з’ехаў у Польшчу. Спачатку жыў у Востраве-Мазавецкім пад Варшавай, а потым перабраўся ў Беласток. Ягоная жонка і непаўналетні сын засталіся ў Беларусі.
«Вельмі сумаваў па сям’і, па сыну. Ён увесь час плакаў ад гэтага», — успамінае Ірэна.
Падчас жыцця ў Беларусі Андрэй Васора працаваў дальнабойшчыкам. У Беластоку адкрыў гатэль «Сава». Знаёмыя расказваюць, што ён бясплатна прымаў там былых каліноўцаў і беларускіх уцекачоў, дапамагаў людзям у патрэбе. Апошнія месяцы перад смерцю ў гатэлі Васоры жыў невылечна хворы журналіст Вадзім Доўнар.
«Паўсюль стараўся дапамагаць, быў вельмі ахвярным чалавекам, вельмі файным. Бясплатна пускаў, калі каму трэба было. Ён казаў: «Мы павінны быць салідарныя, дапамагаць адно аднаму»», — успамінае Ірэна.
Знаёмы Васоры ўспамінае, што той ездзіў на мітынгі салідарнасці беларусаў у Варшаву. Апошні раз — летась на Дзень Волі.
«Ён марыў вярнуцца ў Беларусь. Яму гэтая несправядлівасць балела», — кажа суразмоўца.
Пахаваюць побач з бацькам
Летась перад каталіцкімі Калядамі Андрэй Васора падчас няшчаснага выпадку атрымаў цяжкую траўму і праз некаторы час упаў у кому. Ён правёў у рэанімацыі 25 дзён, пасля чаго памёр 20 студзеня.
Развітанне з Андрэем Васорам адбылося 25 студзеня ў Беластоку ў касцёле, дзе ён калісьці праходзіў практыку, калі вучыўся на святара, расказала Ірэна. Пасля крэмацыі ягонае цела плануюць прывезці ў Беларусь і пахаваць у Лідзе каля ягонага бацькі. Цяпер афармляюць неабходныя для гэтага дакументы.
BySol адкрыў збор сродкаў для аплаты лячэння і пахавання Васоры. Паводле папярэдніх разлікаў, на гэта патрэбна 7 тысяч еўра.
Каментары