Пуцін два дні таму падпісаў указ аб правядзенні ў 2025 годзе конкурсу «Інтэрбачанне» ў піку «Еўрабачанню».
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_03/2-d832m.jpg.webp)
Міжнародны музычны конкурс «Інтэрбачанне» пройдзе без вычварэнстваў і здзекаў з прыроды чалавека, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, піша «Спутнік».
Як паведамлялася, Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб правядзенні ў гэтым годзе ў Маскве і Маскоўскай вобласці міжнароднага музычнага конкурсу «Інтэрбачанне», які павінен замяніць «Еўрабачанне», ад якога адхіленыя Расія і Беларусь.
Паводле слоў Лаўрова, гэта будзе свайго роду унікальная музычная экспазіцыя. «Гарантую, што там не будзе вычварэнстваў і здзекаў з прыроды чалавека, як мы гэта назіралі падчас Алімпійскіх гульняў у Парыжы», — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства РФ.
Ён адзначыў, што жаданне ўдзельнічаць у «Інтэрбачанні» ўжо выказалі больш за два дзясяткі краін, і конкурс дасць магчымасць усім дзяржавам-удзельніцам паказаць свае лепшыя музычныя традыцыі без аніякай цэнзуры.
Раней конкурс «Інтэрбачанне» праводзіўся ў 1965—1968 і 1977—1983 гадах. У 1965—1968-м ён праходзіў у розных гарадах Чэхаславакіі, у 1977—1983 — у польскім Сопаце. Удзел у ім бралі перадусім выканаўцы з краін сацыялістычнага лагера.
У 2008 годзе ў Расіі ўжо рабілі спробу адрадзіць гэты конкурс, але пасля яго разавага правядзення ў Сочы працягу ініцыятыва не атрымала.
Каментары